Вы тут

Re1iktавыя скарбы


Re1iktавыя скарбы



Выйшаў пяты студыйны альбом гурта “Re1ikt”. Дыск “KUFAR” змяшчае 9 песень, самых розных па паходжанні, ідэі і мэце. “Напрыклад, песні “Хвалі часу”, “Сваточкі”, “Кроплі”, “Навальніца” і “Пакуль усе спяць” былі запісаныя падчас стварэння альбома “Лекавыя травы” у Ольштыне. “Па канцэпцыі яны не падыходзілі ў папярэдні альбом, мы адклалі іх, і вось час надыйшоў. Далей мікс: “Дробненькі дожджык” увойдзе ў складанку-трыб’ют Рыгора Барадуліна “Песні матчыны з Вушаччыны”, песню “Разам” мы запісалі для футбольнага клуба “Крумкачы”, “Толькі снег” – гэта супрацоўніцтва з “tuzin.fm”. “Вэлытай” – песня з Сяржуком Доўгушавым і гуртом “Vurai”, якую мы вельмі хацелі зрабіць разам” – каментуюць удзельнікі гурта.

Цікавіць усіх, канешне, і гісторыя назвы дыску. “Куфар – гэта тое месца, куды збіраліся самыя важныя, самыя каштоўныя для беларусаў рэчы. “KUFAR” - наша музычнае сховішча,  - тлумачаць музыкі. – Назва выбралася проста і амаль з першага разу. Канцэпцыя альбому – гэта складанка. Менавіта таму туды ўвайшлі песні, розныя па стылістыцы. Яны не падобныя да творчасці гурта “Re1ikt”, але яны класныя і нельга згубіць іх, таму мы сабралі такі альбом”. Адпавядае канцэпцыі і дызайн дыска: вокладка стылізаваная пад размаляваны куфар, пад крышкай якога сапраўды хаваюцца скарбы.

Грошы на выхад альбома сабралі прыхільнікі гурта на краўдфандынгавай пляцоўцы. На прэс-канферэнцыі з нагоды выхаду альбома музыкі падзяліліся падрабязнасцямі: “Першыя 100% мы назбіралі менш, чым за тыдзень. За другі тыдзень – другія 100%, потым – яшчэ каля 50% за рэшту часу”. Частку сабраных грошай плануюць патраціць на здымкі кліпа да песні “Дробненькі дожджык”. Алесь Дземідзенка, бубнач, анансуе: “Мы прапануем гледачам пашыраны погляд на гісторыю гэтай песні, дазволім сабе пафантазіраваць. Гэта будзе невялічкая меладрама з добрым фіналам”. 

Папярэдняга альбома, “Лекавыя травы” прыхільнікі гурта чакалі пяць гадоў. “Куфар” выйшаў роўна праз год пасля яго. “Мы вырашылі, што не будзем больш прымушаць людзей чакаць, бо мелі вялікі давер нашых слухачоў. Калі мы можам рабіць рэлізы часцей, то будзем рабіць часцей”.

Што тычыцца планаў, то, па словах музыкаў, яшчэ летам пачалася праца над ідэяй новага альбома. “Зараз ёсць накіды, але завершаных кампазіцый няма. Калі ўсё будзе добра, ніякія абставіны не перашкодзяць нам, то новага альбома доўга чакаць не давядзецца. Тэмп у нас нармальны, ствараем мы песні хуценька, не пакутуем ад адсутнасці творчых ідэй. Мы завяршаем эру “лекаватраўнага” Re1ikt, у новым альбоме прадставім новае гучанне”, - заінтрыгаваў Алесь Дземідзенка.

                                                                                                                                                     Кацярына Захарэвіч

                                                                                                                                                         фота Алесі Галота

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?