Вы тут

Завяршылася 45-я Генасамблея Еўрапейскіх алімпійскіх камітэтаў


У Мінску завяршылася 45-я Генеральная асамблея Еўрапейскіх алімпійскіх камітэтаў. На ёй быў прыняты шэраг важных рашэнняў, якія ў будучыні адаб'юцца на развіцці спорту на кантыненце.


Літаральна за некалькі дзён работы ў беларускай сталіцы дэлегаты з 50 краін Еўропы паспелі абмеркаваць самыя важныя пытанні сусветнага спорту. У ходзе работы Генасамблеі ўдзельнікі заслухалі даклад аб фінансавай
дзейнасці ЕАК, зацвердзілі бюджэт на 2017 год і расказалі аб ходзе падрыхтоўкі да Еўрапейскіх юнацкіх алімпійскіх фестываляў у венгерскім Д'еры і турэцкім Эрзуруме. Акрамя таго, былі разгледжаны пытанні ўзаемадзеяння алімпійскіх камітэтаў з Еўрапейскім саюзам, які актыўна падтрымлівае шматлікія пачынанні ЕАК у развіцці дзіцяча-юнацкага спорту, вылучаючы гранты на розныя праекты.

У дні работы Генасамблеі ў Мінску паспелі вызначыць гарады, у якіх адбудуцца зімовы і летні Еўрапейскія юнацкія алімпійскія фестывалі ў 2021 годзе. Зімовы турнір прыме фінскі Вуакаці, а летнія спаборніцтвы пройдуць у славацкім Кошыцы. Таксама былі названыя шэсць лаўрэатаў прэміі ЕАК за найбольш значны ўклад у развіццё спорту ў сваіх краінах. Такога гонару ўдастоіліся трэнеры і спартыўныя кіраўнікі з Украіны, Славакіі, Кіпра, Грузіі, Італіі і Літвы. Акрамя таго, ва ўрачыстай абстаноўцы была ўручана прэмія Пятра Нуроўскага лепшаму маладому спартсмену Еўропы, ім стаў Эмануіл Караліс з Грэцыі (скачкі з шастом).

Але самае важнае рашэнне, прынятае на Генасамблеі для нашай краіны, — гэта прадастаўленае права на правядзенне другіх Еўрапейскіх гульняў у 2019 годзе.

Першы віцэ-прэзідэнт НАК Беларусі Максім Рыжанкоў адзначыў, што ўжо на наступны дзень адбылося пасяджэнне рабочай групы па правядзенні Еўрагульняў-2019.

— Намі ўжо сфарміраваны групы, якія будуць вырашаць пэўныя задачы па падрыхтоўцы да важных стартаў. Абмеркавалі, якая дапамога неабходная з боку Еўрапейскіх алімпійскіх камітэтаў. Дыскутавалі і над спартыўнай часткай, якія віды спорту будуць прадстаўлены на Еўрапейскіх гульнях. Адразу адзначу, што Беларусь будзе абапірацца на тую спартыўную базу, якая ўжо ёсць у краіне, каб мінімізаваць выдаткі на правядзенне гэтага маштабнага мерапрыемства, — расказаў Максім Уладзіміравіч.

Адзначым, што ў праграму Еўрапейскіх гульняў-2019 можа ўвайсці 12—15 відаў спорту, у тым ліку і тыя, што не прадстаўлены на Алімпіядзе.

— Нам паабяцалі і ўжо прадставілі падтрымку ў выглядзе кампаній, якія ў партнёрстве з намі будуць ажыццяўляць маркетынгавую падтрымку. У плюс мы, вядома, не выйдзем, але тыя фінансавыя выдаткі, якія панясём, усё роўна застануцца ў краіне. Акрамя таго, частку выдаткаў, напрыклад, па пералёце, на сябе гатовыя ўзяць еўрапейскія алімпійскія камітэты. Гэта значыць, мы таксама вызваляемся ад гэтай ношы, якая пры гэтым застаецца ў авіяперавозчыка.

Максім Рыжанкоў таксама падкрэсліў, што пад Алімпійскую вёску дазволілі выкарыстоўваць Студэнцкі гарадок.

Увогуле, падводзячы вынікі 45-й Генасамблеі, першы віцэ-прэзідэнт НАК адзначыў, што ўсе дэлегаты засталіся задаволеныя работай у Мінску.

— Госці ад'язджаюць з разуменнем таго, наколькі ўзровень беларускага боку адпавядае еўрапейскім стандартам, яны ўбачылі нашы магчымасці па арганізацыі турніраў, стаўленне кіраўніцтва краіны да спорту і, думаю, не засталіся расчараванымі.

Чарговая, 46-я Генасамблея Еўрапейскіх алімпійскіх камітэтаў, пройдзе ў 2017 годзе ў Харватыі.

Дар'я ЛАБАЖЭВІЧ

lobazhevich@zviazda.by

Загаловак у газеце: Узяць яшчэ адну вышыню

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».