Вы тут

Прэзідэнт прапануе падняць планку супрацоўніцтва з Польшчай


Аб гэтым Аляксандр Лукашэнка заявiў на сустрэчы з намеснiкам старшынi Савета Мiнiстраў, мiнiстрам развiцця i фiнансаў Польшчы Матэвушам Маравецкiм, паведамiў карэспандэнт БЕЛТА.


Кiраўнiк дзяржавы адзначыў, што Беларусь i Польшча маюць пэўны ўзровень тавараабароту. «У эканомiцы мы не страцiлi, як у палiтыцы, кантакты. Тым не менш планку гэту трэба паднiмаць вельмi высока. Таму што, калi мы разлiчваем на больш цесныя ад-
носiны з нашай блiжэйшай суседкай, нам, зразумела, трэба ствараць фундамент гэтых адносiн. I гэтым фундаментам можа быць толькi эканомiка», — заявiў Прэзiдэнт.

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што беларускi бок зацiкаўлены ў стварэннi сумесных прадпрыемстваў з Польшчай i гатовы аказаць неабходную падтрымку.

Разам з тым ён звярнуў увагу, што ў эканамiчным супрацоўнiцтве ёсць i некаторыя засмучальныя факты. «Думаю, што ў ходзе пасяджэння сумеснай камiсii вы зможаце разгледзець iх i намецiць шляхi, як iх нiвелiраваць, як зблiзiць нашы пазiцыi, — сказаў Аляксандр Лукашэнка. — Калi мы ў нечым не маем рацыі, мы хацелi б, каб i Польшча, i ЕС у цэлым прадставiлi пэўныя жалезабетонныя факты, супраць якiх цяжка будзе выступiць. Я маю на ўвазе антыдэмпiнгавы разбор i гэтак далей».

«Вам як прафесiяналу няма сэнсу тлумачыць розныя пiкiроўкi з двух бакоў у сферы мытных працэдур, узаемнага гандлю. У кожнай дзяржавы заўсёды на любыя санкцыi знойдзецца мера ў адказ. Упэўнены, што нам гэта не трэба», — адзначыў беларускi лiдар.

Аляксандр Лукашэнка канстатаваў, што ў гэтай сiтуацыi церпiць i эканомiка Польшчы, асаблiва з прычыны эмбарга з боку Расii i эканамiчных цяжкасцей у суседнiх краiнах, перш за ўсё ва Украiне. «Таму нам агароджу будаваць з новых нейкiх перашкод у сферы эканомiкi не трэба. Мы гатовы да таго, каб нармальна развiвалiся нашы адносiны з вельмi блiзкай для нас краiнай», — падкрэслiў кiраўнiк дзяржавы.

«Калi гаварыць аб цяперашнiм этапе нашага супрацоўнiцтва, намецiлася пэўная тэндэнцыя да ўстанаўлення больш цесных адносiн памiж нашымi краiнамi. Думаю, гэта будзе не столькi залежаць ад Беларусi, колькi ад пазiцыi вашай краiны. Вы бачыце наша iмкненне наладзiць добрыя адносiны не толькi з усiмi суседзямi, але i з Заходняй Еўропай, ЕС у цэлым», — заявiў Аляксандр Лукашэнка.

У сваю чаргу Матэвуш Маравецкi згадзiўся, што гандлёва-эканамiчнае супрацоўнiцтва з'яўляецца добрай базай для развiцця ўзаемадзеяння ў iншых галiнах. «Польшча з'яўляецца пагранiчнай краiнай у ЕС для выхаду на ўсход, а Беларусь з'яўляецца пагранiчнай краiнай для выхаду краiн ЕАЭС на захад. Гэты нюанс мы можам таксама сумесна выкарыстоўваць, у тым лiку ў рамках развiцця Шаўковага шляху», — адзначыў польскi вiцэ-прэм'ер.

Ён выказаў гатоўнасць абмеркаваць праблемныя пытаннi ў развiццi эканамiчнага супрацоўнiцтва i знайсцi неабходныя рашэннi. «Ужо сёння да сустрэчы з вамi мы гаварылi аб беларускiх трактарах i пастаўках беларускага цэменту ў Польшчу», — сказаў Матэвуш Маравецкi.

«Мы безумоўна хочам, каб супрацоўнiцтва давала карысць абодвум бакам. Нам добра вядомы цяжкасцi трансфармацыi. Мы самi праз гэта прайшлi. I добра разумеем, якi шлях вам неабходна прайсцi, i што для гэтага трэба зрабiць», — дадаў ён.

Па вынiках студзеня—жнiўня 2016 года беларуска-польскi тавараабарот склаў амаль $1,4 млрд (тэмп росту да аналагiчнага перыяду мiнулага года — 110,6 працэнта). Польшча з'яўляецца трэцiм партнёрам Беларусi па тавараабароце пасля Расii i Украiны, шостым па экспарце i трэцiм па iмпарце (пасля Расii i Кiтая). Беларускi экспарт у Польшчу склаў $584,4 млн (114 працэнтаў), iмпарт з Польшчы — $796,9 млн (108,2 працэнта).

У студзенi—чэрвенi ў эканомiку Беларусi прыцягнута iнвестыцый з Польшчы на суму $109,2 млн ($97,37 млн за аналагiчны перыяд 2015-га), у тым лiку прамых $108,25 млн.

У Польшчы дзейнiчае 17 прадстаўнiцтваў, даччыных прадпрыемстваў, суб'ектаў тавараправоднай сеткi i дыстрыб'ютараў беларускiх прадпрыемстваў, у тым лiку канцэрна «Белнафтахiм», МАЗа, БелАЗа, МТЗ, Беларускай калiйнай кампанii, Нацыянальнай авiякампанii «Белавiя», Беларускай чыгункi. У Беларусi дзейнiчае звыш 350 прадпрыемстваў з польскiм капiталам.

Загаловак у газеце: Не ўзводзiць агароджу, а будаваць адносiны

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».