Вы тут

Як невідушчых знаёмяць з архітэктурай сталіцы


Яны спазнаюць свет навобмацак: матэрыял і тэкстура, аб'ём і форма дазваляюць стварыць тактыльны вобраз. Аднак гэта магчыма толькі з невялікімі прадметамі. А як выйсці за рамкі штодзённасці і атрымаць уяўленне аб абліччы свайго горада: вуліцах і плошчах, помніках і архітэктурных збудаваннях? Адказ на гэта пытанне паспрабавала знайсці аўтар праекта «Дакрананне да Мінска» Людміла СКРАДАЛЬ.


— Я па прафесіі экскурсавод, аднак з людзьмі з асаблівасцямі ў развіцці ніколі раней не працавала. Усё пачалося вельмі спантанна: да мяне звярнулася знаёмая з пытаннем аб тым, куды ў сталіцы можна звадзіць невідушчую маму. Я задумалася і нічога не змагла параіць. У Мінску ўсяго адна турфірма прапаноўвала экскурсіі для людзей са слабым зрокам, але на агульных умовах, папросту кажучы, «паглядзіце налева», «паглядзіце направа». Вядома, гэта зусім непрыдатны фармат.

Так і паўстала ідэя адаптаваць экскурсію пад патрэбы людзей з праблемамі зроку. Як гэта зрабіць? Задзейнічаць іншыя віды пачуццяў, у прыватнасці, дотык. Вывучыўшы вопыт замежных калег, мы прыйшлі да высновы, што аптымальны варыянт — стварыць макеты ключавых збудаванняў горада. Яны з пластыку, лёгкія, мабільныя, у адрозненне ад бронзавых помнікаў значна больш гігіенічныя. Маштаб 1 да 75, але вельмі дакладныя, пры стварэнні выкарыстоўваюцца розныя навобмацак матэрыялы, якія адпавядаюць рэальнаму абліччу будынка: там, дзе вокны — шкло, дзе дах — чарапіца. Акрамя таго, у дадзеным выпадку большае значэнне мае тэкст экскурсіі, правілам яго пабудовы навучаюць на спецыяльных занятках, аповед заўсёды ідзе ад галоўнага да другараднага. Для апісання колеру, напрыклад, выкарыстоўваецца параўнанне: цёплы-халодны.

Я, адразу прызнаюся, супраць масавага збору грошай. Калі людзі хочуць дапамагчы, яны заўсёды знойдуць спосаб як. Для нас было важна атрымаць рэзананс, пачуць розныя меркаванні, парады па дапрацоўцы, новыя ідэі. Для гэтага мы размясцілі праект на краўдсорсінгавай платформе. Нават не чакалі, што водгук будзе настолькі маштабным. Гэты рух паступова ў розных формах пачаў набіраць абарот. Да нас звярнулася велізарная колькасць прадстаўнікоў музеяў і экскурсійных бюро. Я вас запэўніваю, калі хаця б дзясятая частка ўсяго задуманага будзе рэалізаваная, Мінск стане цалкам адаптаваным для культурнага жыцця невідушчых людзей.

Зараз у нас ёсць макет ратушы і рэльефная схема плошчы Незалежнасці. У планах стварэнне паменшанай копіі царкоўнага комплексу «Усіх смуткуючых Радасць» і Вялікага тэатра оперы і балета ў разрэзе, каб можна было адчуць унутранае ўбранне. Паралельна на платформе цяпер запушчаны праект, спосабы рэалізацыі якога мы агульнымі сіламі зараз спрабуем прыдумаць, — «Сны невідушчых».

Што аб гэтай ініцыятыве думаюць людзі, для якіх яна была распрацавана, а таксама ў якіх праектах яны больш за ўсё маюць патрэбу на дадзены момант, мы вырашылі высветліць у мастацкага кіраўніка аддзела рэабілітацыйнай работы прадпрыемства «Святлопрыбор» грамадскага аб'яднання «БелТІЗ», інваліда па зроку першай групы Святланы МАЛІНОК.

— Магчыма, сказваецца вышэйшая адукацыя ў сферы культуры, але я лічу, што нельга надаваць увагу толькі першасным патрэбам, у тым ліку і людзей з асаблівасцямі. Таму праекты, накіраваныя на духоўны складнік, вельмі важныя. «Дакрананне да Мінска» прадумана сапраўды добра, для невідушчых людзей гэта спосаб далучыцца да нацыянальнай і сусветнай спадчыны. Што, на жаль, я не магу сказаць пра «Тактыльныя карціны» — яшчэ адзін вельмі папулярны зараз у Беларусі праект. Не варта пераацэньваць магчымасці людзей са слабым зрокам: так, іншыя пачуцці абвастраюцца, але не настолькі, каб толькі дзякуючы дакрананням можна было атрымаць поўнае ўяўленне аб выяве. Яно ў большай ступені складаецца з апісання, так што не абавязкова ствараць такія дарагія макеты — можна абысціся якасным тэкстам.

Калі гаварыць пра безбар'ернае асяроддзе, то значна больш хацелася б, каб яно было ў галовах, чым на вуліцах. Большасць людзей пакуль успрымаюць інвалідаў як інтэлектуальна недастатковых, але гэта зусім не так: мы, нягледзячы на асаблівасці, паўнавартасныя: можам быць цікавымі суразмоўцамі, добрымі работнікамі і любячымі бацькамі. У першую чаргу я б развівала праекты, якія аб'ядноўваюць грамадства, пасля чаго значна б палегчылася работа над усімі астатнімі.

Дар'я КАСКО

kasko@zvіazda.by

Загаловак у газеце: Раскрыць вочы на тое, што важна

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.