Вы тут

Пабачыла свет новая кніга Наталлі Батраковай


Прэзентацыя рамана «Міг бясконцасці 2: Бясконцасць кахання, бясконцасць смутку» прайшла ў «Акадэмкнізе».


Працягу гісторыі кахання Каці Праскурынай і Вадзіма Ладышава чытачы чакалі амаль 4 гады: першая кніга «Міг бясконцасці» пабачыла свет у 2012 годзе. І вось на старонках новага выдання — працяг жыццёвага сюжэта.

— Я заўсёды рада бачыць сваіх чытачоў. Такая сустрэча тым больш прыемная, калі яе нагодай становіцца прэзентацыя новай кнігі, — кажа пісьменніца. — Свае раманы я пішу вельмі доўга, гадамі. Так, калі працую, заўсёды ўпэўненая, што маіх кніг чакаюць, у інтэрнэце часам нават сварацца, што так доўга не расказваю працяг гісторыі. Я пішу доўга, але выключна таму, што адчуваю адказнасць перад чытачом, каб яму па-ранейшаму было цікава, каб у кожнай новай кнізе яго нешта здзіўляла.

Наталля Батракова расказала, што ў наступнай кнізе, якая будзе змяшчаць дзве часткі гэтай гісторыі, сюжэт завершыцца. Аўтарка ўжо ведае, чым усё скончыцца, мае ідэі фіналу, але праект кнігі яшчэ мае белыя плямы, якія давядзецца досыць доўга запаўняць.

— Проза — гэта праца, асабліва калі гаворка ідзе пра працу па рэдактуры рукапісу. А вершы — гэта эмацыянальны стрэл, — тлумачыць пісьменніца. — Верш можна напісаць за 15—20 хвілін, атрымаўшы моцнае натхненне і перажываючы моцнае пачуццё. І далёка не заўсёды гэта мае ўласныя пачуцці. Калі пішу, часам вельмі моцна ўжываюся ў сваіх персанажаў. Як у паэзіі, так і ў прозе. Але не скажу, што ўсе пачуцці і эмоцыі, пра якія я пішу, выдуманыя. Гэта ўсё ж такі перажытае.

Раманамі Батраковай зачытваюцца многія. Яе кнігі заўсёды на вяршыні рэйтынгу папулярнасці ў чытачоў бібліятэк, у лідарах па продажах кнігарняў. Але вось экранізацый любімых твораў чытачам давядзецца пачакаць.

— Не складваецца з экранізацыямі. Прапановы час ад часу ўзнікаюць, але пакуль ніводная з іх не мела выніку, — кажа Наталля Батракова. — Магчыма, часткова таму, што я як аўтар не іду на кампрамісы і не пагаджаюся са зменамі ў сюжэце кніг, якія мне прапануюць зрабіць для фільмаў. Таксама я адчуваю і адказнасць перад чытачамі. Некаторыя падчас сустрэч на памяць чытаюць вялікія ўрыўкі з кніг, вельмі любяць пэўныя моманты. Як іх чаканні можна падмануць?

Дарэчы, на прэзентацыі ўжо былі чытачы, якія пачалі знаёміцца з «Мігам бясконцасці 2». Яны прызналіся, што кніга пакуль не расчароўвае.

Марына ВЕСЯЛУХА

vesіaluha@zvіazda.by

Загаловак у газеце: Гісторыя кахання: працяг

Каментары

Нашы чытачы ўжо не могуць дачакацца навінку! І іншыя кнігі Н. Батраковай таксама нарасхват!

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».