Вы тут

Самыя цікавыя матэрыялы «Звязды» за тыдзень


Н. Лубнеўская. «Я не прашу шыкоўнасцi, згодна на калясачную»

(«Звязда» ад 14 кастрычнiка)

— Даверлiвыя нашы людзi! Вось i гэта жанчына паспадзявалася на абяцаннi, нават запасны варыянт не прадумала. Хаця паспрабуй ты з заробкам майстра накапiць на кватэру ў Мiнску... Тым больш яшчэ двух дзяцей выхоўваць трэба, а муж не падтрымлiвае. Шкада жанчыну. I правiльна яна кажа: калi пра дзяцей думаць трэба, не звернеш ты ўвагi на гэтыя дакументы. Даюць жыллё, няважна якое, — паедзеш не гледзячы.

А вось кiраўнiцтва ЖЭСа не разумею. Засялiлi людзей неафiцыйна — адказвайце за свае дзеяннi, а не падстаўляйце работнiкаў!

Аляксандр, Вiлейскi раён


Н. Нiкалаева. «У школу — па веды, але не любой цаной»

(Звязда» ад 15 кастрычнiка)

— За апошнiя 100 гадоў мозг чалавека не змянiўся, як не змянiлася i колькасць iнфармацыi, якую ён здольны ўспрыняць. А вось аб'ёмы ведаў змянiлiся. Але нашы школьныя педагогi адмаўляюцца гэта прызнаць i па-ранейшаму выпрабоўваюць фiзiялагiчныя магчымасцi дзяцей, спрабуючы ўпiхнуць iм у галаву ўсё, што лiчаць для сябе важным. Калi год таму хтосьцi з медыкаў услых выказаўся за адмену школьных заданняў, якая хваля абурэння адразу ўзнялася — педагогi папракалi, што тыя «замахнулiся на святое». Мiнiстр адукацыi заявiў, што нават яго сын-старшакласнiк такую iдэю не падтрымаў... А можа, наша школа рухаецца не ў тым кiрунку? У старшай школе дзецi стогнуць ад вучэбных нагрузак, але для таго, каб паступiць у ВНУ, iм усё роўна даводзiцца звяртацца да рэпетытараў. Атрымлiваецца, што вучэбная нагрузка зусiм не прапарцыянальная якасцi ведаў? Наша звычайная школьная логiка: калi вучнi дэманструюць недастаткова добрыя вынiкi па матэматыцы i фiзiцы, трэба перапрацаваць вучэбную праграму такiм чынам, каб на гэтыя прадметы вылучалася больш гадзiн i задавалася б больш хатнiх заданняў. А iншыя варыянты шукаць не спрабавалi?

Хацелася б звярнуць увагу на яшчэ адзiн важны аспект — непад'ёмныя школьныя заплечнікі i сумкi. Iх вага не павiнна перабольшваць дзесяцi працэнтаў ад уласнай вагi дзiцяцi. А вы паспрабуйце падняць рукзак, з якiм ваш сын цi дачка iдуць у школу, асаблiва калi ў гэты дзень у раскладзе фiзкультура. У пачатковай школе спецыяльныя шафкi, дзе школьнiкi могуць захоўваць свае рэчы, ужо з'явiлiся. Але ў сярэдняй i старшай школе пра iх застаецца толькi марыць. Да таго ж многiм настаўнiкам не падабаецца, калi вучнi прыносяць адзiн падручнiк на дваiх — каб аблегчыць свае сумкi. Я лiчу, што такую магчымасць трэба «ўзаконiць», паколькi стварыць дзецям умовы для захоўвання асабiстых рэчаў у школе не могуць...

Цiмашкова А., г. Мiнск


М. Весялуха, I. Кацяловiч. «Лiтаратурны Нобель Дзiлану: за цi супраць?»

(«Звязда» ад 15 кастрычнiка)

— Прыйшоў час, i лiтаратурны Нобель выйшаў з элiтарных межаў на прасторы шырокiх мас. Тэксты Боба спяваюць i любяць мiльёны грамадзян планеты Зямля. Ён прадстаўляе сапраўды велiзарны пласт англамоўнай песеннай культуры. Рады за Дзiлана i яго прыхiльнiкаў. Безумоўна, крок Нобелеўскага камiтэта неардынарны i многiм, асаблiва эстэтам, не падабаецца. Але ж са старажытнай песеннай культуры ўласна i вырасла сучасная лiтаратура.

Валерый Казакоў, Масква


C. Куркач. «Суцэльнае зацiшша»

(Звязда ад 19 кастрычнiка)

— I сапраўды, нешта на нашым рынку незразумелае назiраецца. Раней менавiта восенню людзi актыўна цiкавiлiся кватэрамi, каб паспець да Новага года зрабiць сабе такi цудоўны падарунак. Летам, адпаведна, быў «мёртвы» сезон. Сёлета ўсё змянiлася i «хапун» пачаўся ўжо летам. Што здарылася, тое здарылася, ужо нiчога не зробiш, але...

Чаму патэнцыяльным пакупнiкам нiхто аб гэтай новай тэндэнцыi не нагадаў? Дзе былi гэтыя аналiтыкi ў чэрвенi i жнiўнi? Можа, я часткова i сама вiнаватая, бо ў адпачынку вашу газету чытала «праз раз». Але i самi агенцтвы нерухомасцi павiнны былi больш актыўна працаваць з клiентамi i растлумачыць iм сiтуацыю. А яшчэ мне не зусiм зразумела, чаму жыллё ў шматкватэрных дамах сталiцы iстотна даражэйшае, чым падобныя па якасцi кватэры на другасным рынку ў невялiкiм раённым цэнтры? Так атрымалася, што наша прасторная двухпакаёвая кватэра, якую мы тут спецыяльна пабудавалi для дачкi, каштуе ўсяго 19 тысяч долараў, а за гэтыя грошы ў Мiнску можна набыць толькi невялiкi пакойчык. Больш таго, у сталiцы нашай учарашняй студэнтцы вялiкi крэдыт на жыллё пад прымальныя працэнты не дадуць, бо ў яе заробак сціплы. Няўжо трэба цяпер прадаваць сваю кватэру i чакаць чарговага iстотнага патаннення жылля ў Мiнску?

Марына Паўлаўна, Баранавiцкi раён


Н. Дрындрожык. «Беларусам быць модна»

(«Звязда» ад 19 кастрычнiка)

— Цудоўна! Беларуская тэма ў модзе. I чым больш вакол гэтага ўвагi — тым лепш. Такiя дзяўчаты (у модных iльняных сукенках з вышыўкай) сапраўды звяртаюць на сябе ўвагу. Яшчэ і для хлапцоў бы нешта пашыць. Нам жа таксама хочацца жаночай увагi!..

Што тычыцца арнаменту, я быў бы з iм больш асцярожным. Лепш усё ж такi ведаць яго значэнне. А то так i мужчыну можна прыбраць у камiзэльку з «бабай» (абярэг дзетанараджэння) :-)

Мацвей, г. Вiцебск

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».