Вы тут

Раман Еўсягнееў: «Псіхіятрыя перастала быць Папялушкай. Што далей?»


Прафесар Раман Аляксандравіч Еўсягнееў доўгі час з'яўляўся старшынёй праўлення Беларускай псіхіятрычнай асацыяцыі і членам праўлення Еўрапейскай асацыяцыі псіхіятраў — якраз у той пераломны перыяд, калі псіхіятрыя як навука і як самастойная галіна медыцыны шырэй і смялей пайшла ў грамадства. З яе дзейнасці была знята залішняя сакрэтнасць, і асацыяцыя шмат зрабіла і робіць зараз для папулярызацыі былой «Папялушкі».

Жыццё не стаіць на месцы, падрастаюць новыя пакаленні, з'яўляюцца новыя праблемы, у тым ліку псіхіятрычнага кшталту. Загадчык кафедры псіхіятрыі і наркалогіі Беларускай медыцынскай акадэміі паслядыпломнай адукацыі, доктар медыцынскіх навук, аўтар некалькіх падручнікаў, кніг і манаграфій Раман Еўсягнееў робіць іх аналіз.


— Раман Аляксандравіч, ці змянілася за апошні час псіхічнае здароўе людзей?

— Каб правільна адказаць, патрэбна разумець, што псіхічнае здароўе не нейкая пастаянная велічыня. Тым больш, што апошнім часам патрабаванні да яго змяніліся: яны ўзраслі і працягваюць узрастаць. Па той простай прычыне, што рытм у жыцця напружаны, адна толькі сучасная вытворчасць патрабуе зусім іншага псіхічнага здароўя. Скажам, каб працаваць на прагрэсіўных хуткасных механізмах з электронным начыннем, патрэбна зусім іншая канцэнтрацыя ўвагі і сіл. Чалавек разумее: каб адпавядаць робататэхнічным комплексам і заснаваным на іх тэхналогіям, ён павінен быць моцным спецыялістам, пастаянна вучыцца. Непараўнальна ўзрастае мера яго адказнасці — не дай бог, нешта здарылася на буйной складанай вытворчасці, а іх на Беларусі хапае, і ніякіх сродкаў не хопіць для пакрыцця прычыненай шкоды. Усё гэта трымае вытворцаў у пастаянным напружанні.

А ўрбанізацыя, якая крочыць сямімільнымі крокамі? Вялікія гарады патрабуюць гатоўнасці чалавека жыць у складаных умовах мегаполіса. І не проста існаваць, жыць паўнацэнна — вось што важна. Рэалізаваць сябе як асобу, расціць дзяцей, пачувацца камфортна.

А ўкараненне ў жыццё чалавека ўсякага роду тэхнічных сродкаў у быце, якія таксама «напружваюць»? Нейкі дзясятак гадоў таму іх не было, пра іх толькі чулі.

Дабаўце сюды скучанасць людзей на маленькай прасторы. Калі людзі ў сельскай мясцовасці жывуць адзін ад аднаго на пэўнай адлегласці, асаблівасці паводзін таго ці іншага суседа астатніх не вельмі хвалююць. Дапусцім, нават палаяліся — і разышліся ў розныя бакі. А калі ў будынку жывуць сотні людзей, і на кожнага прыходзіцца тры квадратныя метры плошчы «асабістай прасторы», то тут варта быць вельмі абачлівымі і нават далікатнымі. Бо любы канфлікт вырастае ў праблему.

Канкурэнцыя, пагоня за жыццёвымі дабротамі, высокі ўзровень узаемных прэтэнзій. У людзей, дарэчы, значна ўзрос узровень патрабаванняў. Многае яшчэ ўчора здавалася добрым, прэстыжным, дастатковым, а сёння чалавек хоча большага: новую кватэру, новую машыну, новую дачу, адпачынак у Дубаі... Чым вышэйшая планка ўзаемных прэтэнзій у грамадстве, на вытворчасці, у сям'і, тым больш фіксуецца псіхічных расстройстваў.

Усё гэта разам узятае выклікае пэўную трывогу за стан псіхічнага здароўя насельніцтва. Некалі прыцягвалі ўвагу толькі цяжкія псіхічныя расстройствы, напрыклад, прыступы шызафрэніі альбо цяжкая разумовая адсталасць. Гэта значыць, сацыяльна небяспечныя праяўленні. Сёння ў полі зроку ўрача знаходзяцца і ўзаемаадносіны ў сям'і, у працоўным калектыве — ва ўсіх іх варыянтах, і нават складанасці вытворчага працэсу, усё што заўгодна.

У класіфікацыі псіхічных хвароб з'явіліся расстройствы, якіх зусім нядаўна не было. Напрыклад, сіблінгавае саперніцтва, калі дзеці ў сям'і змагаюцца за ўвагу бацькоў. Яны канкурыравалі і раней, але гэта не было хваробай.

І шмат іншых расстройстваў адаптацыі, калі чалавек у выніку нейкіх канфліктаў дрэнна прыстасоўваецца да асяроддзя. У класіфікацыі з'яўляецца цэлы шэраг расстройстваў, якія раней не прыцягвалі ўвагу дактароў.

Здавалася б, дзіўна, але чым больш краіна развітая, чым вышэй узровень даходаў, тым больш прычын для зваротаў да ўрача. І высвятляецца, што сам па сабе эканамічны дабрабыт не гарантуе псіхічнага здароўя грамадзян. Бо на першы план выступае свой узровень патрабаванняў, а значыць, свае праблемы, і іх нават больш, чым недзе ў Экватарыяльнай Афрыцы. Не выпадкова ў эканамічна развітых краінах велізарная ўвага ўдзяляецца псіхічнаму здароўю насельніцтва і ўсё больш сродкаў укладваецца ў яго ахову.

У краінах Заходняй Еўропы нават тэрмін змяніўся, што выклікана аб'ектыўнымі прычынамі — не псіхіятрыя, а ахова псіхічнага здароўя. Гэта значна шырэй і нават гуманней.

— Сярод прычын, якія абумовілі рост увагі медыкаў да псіхічнага здароўя людзей, сёння можна назваць і эскалацыю міжнародных канфліктаў, і нават пагрозу вайны...

— Яна не настолькі ілюзорная, гэтая пагроза, каб пра яе не думаць. Войны, нацыянальныя і міжнацыянальныя канфлікты, стыхійныя бедствы выклікаюць вялікую колькасць псіхічных расстройстваў. Узнікаюць нават спецыфічныя захворванні, якіх не было і не магло быць у мірны час. Скажам, пасттраўматычнае нервовае захворванне (пасттраўматычнае стрэсавае расстройства) у масавым парадку з'явілася ў ЗША пасля вайны ў В'етнаме. Былі такія выпадкі і ў нас — пасля Афганскай вайны...

— Ці правільна ў ліку прычын назваць зніжэнне парога цярпімасці ў адносінах адзін да аднаго ў сем'ях?

— Характэрна, што ўся наша дастаткова адладжаная прапаганда здаровага ладу жыцця, у тым ліку ў СМІ, зводзіцца да прапаганды фізічнага здароўя. І ні ў якім разе не псіхічнага. Шмат гавораць пра фітнес, вагу, дыеты, гіпертанію... І атрымоўваецца тое, пра што вы кажаце. А ў прапаганду псіхічнага здароўя, у тым ліку і цярпімасці адзін да аднаго ў сям'і, на працы, у транспарце, на вуліцы патрэбна ўкладваць сродкі, не шкадаваць часу і сіл. Тым больш, калі справа тычыцца псіхічнага здароўя блізкіх табе людзей.

— І як звычайнаму чалавеку ў такой сітуацыі ратавацца?

— Давяраць спецыялістам. Тым больш, у апошні час псіхіятрычная служба трансфармавалася, удасканалілася. Раней яна кардынальна адрознівалася ад іншых медыцынскіх дысцыплін тым, што падчас выконвала не лячэбныя, а, прабачце, паліцэйскія функцыі: забраць, ізаляваць чалавека ад грамадства, каб не замінаў. Псіхіятрыя і ўзнікла як сродак ізаляцыі — калі пачалі расці гарады, вытворчасць, узнікла скучанасць людзей, і чалавек з няправільнымі, так бы мовіць, паводзінамі, выбіваўся з агульнага «кантэксту». Нават не гаворачы пра палітычныя матывы.

Доўгі час псіхічныя расстройствы ўсур'ёз і не лячылі, проста наглядалі за цячэннем захворвання. І дзевяноста працэнтаў спецыялістаў-псіхіятраў канцэнтраваліся ў псіхіятрычных клініках. Такія клінікі былі ізаляванымі, мелі абмежаваны доступ. І ўсе лічылі, што распаўсюджанасць псіхічных расстройстваў вельмі невялікая. Ну, ёсць адзін «гарадскі вар'ят», нічога страшнага. Сёння ніхто не спрачаецца, што на самай справе карціна зусім іншая. З даклада Сусветнай арганізацыі аховы здароўя вынікае, што кожны чацвёрты жыхар планеты на працягу жыцця пераносіць хваравіты стан, які патрабуе ўмяшання псіхіятра. А кожны шосты-сёмы (15 працэнтаў людзей) на дадзены момант мае расстройствы, якія дыягнастуюцца ўжо як хвароба. У Беларусі, калі пайсці ўслед за гэтай статыстыкай, размова можа ісці пра больш як мільён чалавек.

У любой гарадской паліклініцы на прыёмах сядзіць дваццаць працэнтаў людзей з псіхічнымі расстройствамі. Псіхіятра ў паліклініцы няма, і яны будуць прад'яўляць свае скаргі ўчастковаму тэрапеўту — на дрэнны сон, дрэннае самаадчуванне, узбуджальнасць і гэтак далей. І тэрапеўт разумее, што ў яго пацыента — тыповая дэпрэсія. Што ён яму скажа? Парэкамендуе валяр'янку, валакардзін ці карвалол, хоць два апошнія сродкі адно лечаць, а другое калечаць, бо выклікаюць залежнасць ад фенабарбіталу. Адправіць на кансультацыю ў псіхстацыянар? Чалавек хутчэй за ўсё не пойдзе, ды яшчэ і пакрыўдзіцца. Апошнім часам у буйных гарадах з'явіліся цэнтры псіхічнага здароўя, але іх работу патрэбна папулярызаваць.

Адсюль задача псіхіятрычнай службы — выйсці са сцен псіхіятрычных бальніц і рухацца ў бок насельніцтва. Месца псіхіятра — у агульнай сістэме аховы здароўя. У любой паліклініцы і любым саматычным стацыянары ёсць тыя, хто чакае яго дапамогі. Падлічана, што ў кардыялагічным стацыянары 25 працэнтаў хворых — з адхіленнямі псіхічнага здароўя. У анкалагічным стацыянары — больш за 30 працэнтаў. Сярод тых, хто перанёс інфаркт, — 45 працэнтаў. І нашы спецыялісты павінны масава прыйсці ў агульныя паліклінікі, у сетку агульнамедыцынскіх устаноў па месцы жыхарства людзей.

Сёння па логіцы варта мець спецыяліста-псіхатэрапеўта ў кожнай раённай, гарадской і пасялковай паліклініцы, у тым ліку ў дзіцячай. А ў агульнапрофільных вялікіх саматычных бальніцах такая служба павінна быць прадстаўлена абавязкова, і не адным, не двума спецыялістамі. Сёння ж у буйных РНПЦ, абласных бальніцах — або адзін псіхіятр на некалькі соцень пацыентаў, або ніводнага. Псіхіятр перастаў быць пудзілам, але ён і не зрабіўся максімальна даступным для насельніцтва. Псіхіятрычная дапамога павінна быць такой жа даступнай, як стаматалагічная, гінекалагічная, хірургічная ці любая іншая.

Калі мець на ўвазе тое, што сярод насельніцтва жывыя стэрэатыпы мінулага, то давайце назавём яго не псіхіятрам, а спецыялістам па псіхічным здароўі альбо псіханеўролагам, як хочаце. І гарантуем ананімнасць урачэбнай дапамогі.

Для гэтага патрэбны падзаконныя акты (сам закон аб псіхіятрычнай дапамозе такую ананімнасць гарантуе). Каб на практыцы не атрымалася, што чалавек звярнуўся па дапамогу, а яго паставілі на ўлік і потым дзесяць гадоў будуць з гэтага ўліку здымаць. Новыя падзаконныя акты павінны распрацаваць сам механізм, скажам так, працэдуры і будуць сапраўды гарантаваць ананімнасць. Прыватныя медыцынскія ўстановы ўжо зараз практыкуюць ананімнасць: там пацыент можа нават не называць сваё сапраўднае прозвішча.

— Вось і народны наказ дэпутатам... Некалькі медыкаў зусім нядаўна выбраны ў новы склад беларускага парламента.

— Нават калі паглядзець на праблему з боку эканоміі бюджэтных сродкаў, то і тут прамая мэтазгоднасць. Спецыяліст-псіхіятр возьме на сябе тых, каму патрэбна яго дапамога, і вызваліць час на прыёме да тэрапеўта і шэрагу іншых спецыялістаў. Па статыстыцы сярэдні грамадзянін Беларусі наведвае паліклініку 12 разоў у год. А ёсць тыя, хто робіць гэта ў два разы часцей. Сярод іх 25—30 працэнтаў — людзі з псіхічнымі адхіленнямі. Яны ходзяць у паліклініку, як на работу. Скардзяцца на недамаганні, іх правяраюць, іх стан даследуюць апаратнымі і лабараторнымі метадамі, але нічога не знаходзяць. Наступны раз яны скардзяцца ўжо на іншае другому доктару, і такім чынам «паядаюць рэсурс» гэтай паліклінікі.

Так што змены павінны адбыцца з двух бакоў. Насельніцтву неабходна прывіваць псіхіятрычную культуру, бо псіхічнае здароўе для дабрабыту чалавека не менш важнае, чым цялеснае. А магчыма, нават больш важнае.

— Некаторыя не спяшаюцца звяртацца да псіхіятра, бо баяцца, што лячыць будуць цяжкімі лекавымі формамі...

— Ёсць захворванні, дзе без іх не абысціся, але сёння лекавых форм шмат — ёсць цяжкія, ёсць лёгкія, ёсць старыя і новыя. Ёсць тыя, якія даюць пабочны эфект, і тыя, якія нармальна пераносяцца арганізмам. Адных антыдэпрэсантаў некалькі дзясяткаў. Амаль такі ж выбар транквілізатараў. І нічога дэманічнага, страшнага ў іх прымяненні няма, яны нічым не адрозніваюцца ад звычайных лекаў.

Я прывяду яскравую статыстыку. Насельніцтва Аўстрыі — 8,46 мільёна. Псіхатропы там штогод прымае 900 тысяч — амаль мільён. Прымаюць і не перажываюць. У краіне працуе 6900 псіхатэрапеўтаў. Да іх звяртаюцца, яны запатрабаваныя. Насельніцтва Беларусі — 9,4 мільёна чалавек. Псіхатэрапеўтаў у нас... ажно 261, па еўрапейскіх стандартах іх павінна быць 8 тысяч.

Уладзімір ХІЛЬКЕВІЧ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».