Вы тут

Вясёлыя гісторыі чытачоў


Не будзi лiха

...Як казала лiса Алiса з вядомага фiльма, «казак» у любiмую звяздоўскую рубрыку я напiсала «миллион, может быть, даже сто»! А яны мiж тым усё не канчаюцца: дзе нi павярнуся — нешта пачую, а то i сама «ўлiпну» ў вясёлую гiсторыю. Вось, як надоечы.

Мая добрая сяброўка i аднавяскоўка даўно жыве ў Жлобiне. Яна ж матулю да сябе забрала, бо той за 90 ужо: апошнiм часам, бедная, найбольш ляжыць, амаль нiчога не бачыць. Але ж розум у жанчыны па-ранейшаму светлы: усё чыста помнiць, многiм цiкавiцца, разумее яна i тое, што сядзiбу трэба апiсаць, каб дачцэ потым прасцей было...

Якраз дзеля гэтага на пэўны дзень запрасiлi яны натарыуса. I мяне паклiкалi, каб за бабулю подпiс паставiла — з прычыны яе дрэннага зроку. Перад гэтым, дарэчы, я нават нейкi «кастынг» прайшла — ну, каб не ў сваяцтве была, не «прыцягвалася» i г.д.

I вось, значыць, «змена каравула»: у той пэўны дзень я ў хату да iх, а сяброўка з мужам з хаты, каб на машыне па натарыуса з'ездзiць. I ўсё, як дамаўлялiся: мы з бабуляй дома сядзiм, чакаем, чаёк папiваем, гамонiм. Нам жа ёсць аб чым пагаманiць: цётцы цiкава, што ў яе вёсцы робiцца, цi будуецца там царква, хто жывы, хто памёр ужо. Мне ж цiкава, што раней дзе было...

З гадзiну вось гэтак сядзiм ды балбочам, другая тым часам пайшла, а натарыуса ўсё няма i няма. Я пачынаю нервавацца, бо не паспею ж дамоў на любiмы серыял пра няньку Вiку!

Аж нарэшце чую — ключы забразгалi, дзверы адчынiлiся — уваходзiць натарыус, за ёй гаспадары. У сяброўкi твар чырвоны (гэта ад цiску, я ведаю), муж яе таксама нейкі спужаны... У iх, як аказалася, праблемы па дарозе ўзнiклi, ды яшчэ i якiя.

Забралi яны, значыць, натарыуса, каб дадому прывезцi i адразу «па газах», бо ў той працоўны дзень канчаецца... Прышпiлiцца iм не ў памяцi было... А тут, як на лiха, «гаёвы» наперарэз iм выходзiць — з «чарадзейнай палачкай». Спыняе машыну, бярэ пад казырок, прадстаўляецца i кажа кiроўцу:

— Вы не прышпiлены. Калi ласка, вашы правы... А ваш тэхагляд?.. Як гэта не прайшлi?

— А так...

Муж маёй сяброўкi выходзiць з машыны i пачынае тлумачыць, што цешча ў яго слабенькая, што ён вось натарыуса вязе, што той дужа спяшаецца...

Ну i далей — што машына ў яго не новая, што два месяцы «ў разборках» была (у рамонце, значыць), а потым i сам яшчэ калупаўся з ёй, што — урэшце — двух дзён яшчэ не прайшло, як вызвалiўся (у сэнсе — ад гэтай работы)...

Пачатак апраўданняў — такое было ўражанне — «даiшнiк» не чуў (можа, таму, што нешта падобнае ўсе гавораць), а вось канец — яго зачапiў: кiнуў глядзець дакументы, насцярожана спытаў:

— А за што сядзелi?

Вось тут у асадак выпаў кiроўца: як гэта ён, у мiнулым — марскi афiцэр, капiтан другога рангу, ардэнаносец, можна сказаць, ды раптам — «сядзеў»?! Ад такога «падазрэння» яму нават мову заняло: i хацеў бы нешта сказаць, а ў вынiку толькi рот адкрывае i... закрывае, бо няма слоў!

Мiлiцыянер i гэта зразумеў неяк па-свойму, па-мiлiцэйску: падумаў, вiдаць, што тып — яшчэ той!

А таму згарнуў ён дакументы, аддаў кiроўцу. Сказаў:

— Тэхагляд прайдзiце, i лепш тэрмiнова. Штрафаваць за яго не буду. За тое, што вы не прышпiлiлiся — таксама. А вось з жанчыны (з натарыуса, значыць) — прабачце — адну базавую вазьму...

(Гэта i зразумела, бо ў яго ж такая работа i таксама план: яму нельга парушальнiка спынiць i нiчога з яго не ўзяць.)

...Штраф за натарыуса заплацiў, вядома ж, кiроўца. Яшчэ i ўзрадаваўся, бо, можна сказаць, за дзякуй адбыў...

Але ж потым i напраўду думаў, а чаму гэта?

Таму, што даiшнiк спалохаўся «турэмнага» мiнулага? Таму, што ён проста добры чалавек i, так бы мовiць, увайшоў у становiшча? Але ж колькi трэба дабрынi, каб не ўзяць ажно два штрафы з абсалютна незнаёмага чалавека?..

Не, дзень у нас i сапраўды выдаўся ўдалым, бо, апроч даiшнiка, з гаспадара нiчога не ўзяла i жанчына-натарыус. Тут ужо па законе: завяшчальнiца, як удзельнiца вайны, абслугоўваецца бясплатна.

Так што, аформiўшы тастамент, матуля маёй сяброўкi спакойна спала. А вось мы ў кухнi яшчэ доўга сядзелi — пiлi гарбату з цукеркамi, ад якiх адмовiлася натарыус, размаўлялi. Спяшацца не было куды: на няньку Вiку я ўсё роўна спазнiлася. Да таго ж гаспадар абяцаў падвезцi мяне... Калi прышпiлюся.

Соф'я Кусянкова, в. Лучын, Рагачоўскi раён


Прафесар не цяля...

Гэта, што называецца, з падслуханага. Два студэнты гавораць. «У нашага прафесара вельмi дрэнная памяць», — кажа адзiн. «Ён што — усё забывае?» — пытаецца другi. «Ды не, наадварот: ён усё помнiць!»

Не ведаю, як у вас, у нас жа ў студэнцкiя гады быў такi вось прафесар (назавём яго Iван Мiхайлавiч). Лекцыi чытаў як сапраўдны артыст, помнiў неверагодную колькасць рознай iнфармацыi, гумарыў, здзiўляў! Мы ад яго былi ў захапленнi...

Але ж чым блiжэй насоўвалася сесiя, тым больш нарастала трывога, бо слухаць яго было добра, а вось як адказваць?

Iван Мiхайлавiч, праўда, суцешыў. Сказаў:

— Для таго, каб вы не рыхтавалi шпаргалак i не займалiся механiчным запамiнаннем лiчбаў, я дазволю вам падчас экзамену карыстацца дзвюма кнiжкамi: статыстычным даведнiкам i матэрыяламi чарговага з'езда КПСС.

Гэта было добра.

А яшчэ лепш, што матэрыялы з'езда па сваiм аб'ёме былi акурат такiя ж як i... падручнiк. Значыць, эўрыка!.. I факт: некаторыя студэнты ў спадзяваннi на «генiяльную хiтрасць», расслабiлiся i да экзамену не рыхтавалiся зусiм. Большасць, праўда, была разумнейшая: не верыла, што можна падмануць прафесара i, наадварот, вучыла, вучыла i яшчэ раз вучыла.

I вось настаў дзень экзамену. Перад яго пачаткам прафесар важна прайшоў памiж сталамi, уважлiва прагледзеў пакладзеныя там статыстычныя даведнiкi i матэрыялы з'езда. Тым часам першая пяцёрка ўжо выцягнула бiлеты — пачала рыхтавацца. I тут дзверы адчынiлiся, у iх зазiрнуў лабарант i сказаў:

— Iван Мiхайлавiч, вас просяць да тэлефона...

Усё, значыць, iдзе як задумана: адзiн са студэнтаў «зрабiў» званок з аўтамата. А пакуль прафесар хадзiў на кафедру, ужо другi студэнт забраў са стала асобнiк матэрыялаў з'езда i замест яго паклаў выратавальны падручнiк.

Такiм чынам пачатак «аперацыi» прайшоў удала. Усе спадзявалiся, што акурат такiм жа будзе i фiнiш. А пакуль наступаў час адказваць. Першы студэнт пайшоў i ўпэўнена выклаў фактычны матэрыял, засыпаў прафесара лiчбамi. Iван Мiхайлавiч быў усцешаны! Ён хiба трошкi, для прылiку, «паганяў» студэнта па дадатковых пытаннях i паставiў пяцёрку (вышэйшы бал).

Узяўся адказваць другi студэнт. I зноў блiскучыя веды! Iван Мiхайлавiч трохi насцярожыўся: прайшоўся па аўдыторыi, пашукаў вачыма шпаргалкi. Не знайшоў! Паставiў яшчэ адну пяцёрку!

Атрымлiваецца, што мы ўсё ж падманулi яго?!

Аднак прафесар на тое i прафесар: доўга дурыць яго немагчыма, бо ён, павiтаўшы чарговага студэнта, стаў уважлiва сачыць за iм. I, вядома ж, здзiвiўся, навошта той штурхае свайго аднакурснiка, навошта просiць у яго матэрыялы з'езда, калi на стале, пад носам, ляжаць свае.

Iван Мiхайлавiч падышоў блiжэй, узяў кнiгу i...

Адкрылася наша афера. Сорамна перад прафесарам. Яшчэ i сёння.

П.I. г. Мiнск


Калючы быў вожык...

Але ж дзеда вылечыў!

Гадоў колькi таму мая сваячка, як той казаў, «загрымела» ў бальнiцу. Мы, вядома, перапалохалiся, перажывалi за яе. Але, дзякаваць Богу, дарэмна, абышлося ўсё: i нядоўга яна прабыла там, i дамоў вярнулася з «вясёлай гiсторыяй». Бо разам з ёй у адной палаце ляжала кабета, муж якой у стане, так сказаць, алкагольнага ап'янення амаль голымi ягадзiцамi сеў на... вожыка. Сеў, можна сказаць, на нейкiя iмгненнi (вожык выжыў), а вось чалавеку хапiла напоўнiцу: i па бальнiцах давялося паездзiць, i дома потым памучыцца, пакуль тыя раны зажывуць...

Але ж добра ўсё, што добра канчаецца. Ва ўсякiм разе жонка пра тую мужаву «хваробу» расказвала ўсiм са смехам, з задавальненнем i, вядома ж, у прозе. А ў мяне яе расказ атрымаўся ў вершах. Наколькi ўдала, мяркуйце самi.

У бабы Зосiным двары

Жыў-быў вожык нестары:

Хоць палохай, хоць ганi —

Не баяўся анi-нi.

З коткай малако хлябтаў,

За курамi назiраў...

Ды на зiмачку ж бярэцца, —

Ён у спячку не кладзецца...

«Прападзе!», — пашкадавала...

Зоська, у дом яго забрала,

У падпечча, у куток,

Сена кiнула шматок.

Пасялiўся «кватарант»,

Праўда, ноччу — тупаў шмат.

— Не дае мне спаць зусiм, —

Жонку дапякаў Яўхiм. —

Ходзiць гэты Калабок,

Каб яму ды трасца ў бок!

I пыхцiць, што самавар,

Нiбы ён тут гаспадар...

Тады й жонка на ўсю хату:

— Самагонкi жлукцiш шмат ты!

Бач, раздзеўся да трусоў,

Легчы ён «заўжды гатоў»!

А калi б з маё патупаў

Дык i спаў бы, можа, трупам...

Хоць бы што калi зрабiў:

Хоць бы грубку распалiў!

Дзед — пачуў: запалкi ўзяў

На калена чуць прыпаў.

Хiстануўся — нiбы сеў?

I... ускочыў, як той леў.

Ёй крычыць:

— Ратуй! Балiць!

(Знаць бы, што тады рабiць?!):

У Яўхiма па нагах

Кроў цурком... Ну проста жах!

— Можа, ў «хуткую» званiць?

— Глянь, там... вожык... не вiсiць?

Жонка тут жа паглядзела

I на мiг аслупянела:

У дзеда гэтакi «начос» —

«Калабок» той як прырос...

I нiяк не адарваць:

Трэба доктара чакаць.

...Да Каляд лячыў той дзед

Найважнейшы «iнструмент».

Ды i потым сядзе пiць, —

Дык нiжэй спiны балiць!

 

Вось Яўхiм хваробу й збыў —

Бо «iголкамi лячыў».

Галiна Нiчыпаровiч, в. Магiльна, Уздзенскi раён

Руб­ры­ку вя­дзе Ва­лян­ці­на Доў­нар

dounar@zviazda.by

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.