Вы тут

На 1000 працаздольных беларусаў прыпадае 727 малых i старых


2015 год для Беларусi быў самым «ураджайным» на немаўлят за два апошнія дзесяцiгоддзi. а два апошнiя гады ў краiне назiраецца абсалютны прырост насельнiцтва. Тым не менш, калi ўзяць статыстыку смяротнасцi, амаль палова памiрае ад атручвання алкаголем, а мужчыны жывуць на 10 гадоў менш за жанчын. Такiя паказчыкi i вынiкi папярэдняй нацыянальнай праграмы дэмаграфiчнай бяспекi скiравалi новую дзяржпраграму «Здароўе народа i дэмаграфiчная бяспека Рэспублiкi Беларусь на 2016—2020 гады» менавiта ў бок клопату пра здароўе людзей.


Прырост насельнiцтва, якi назiраецца апошнiм часам, шмат у чым стаў магчымым дзякуючы павышэнню нараджальнасцi, панiжэнню смяротнасцi i пазiтыўным мiграцыйным працэсам. I ўсё ж узровень смяротнасцi ў краiне не нашмат, але пакуль перавышае лiчбу нараджальнасцi. Акрамя таго, у 2015-м нарадзiлася 119 тыс. дзяцей, i гэта самы высокi паказчык за апошнiя 20 гадоў. Павялiчваецца i памер беларускiх сем'яў: больш за 57% з iх маюць дваiх i больш дзяцей, а шматдзетных сем'яў у краiне ўжо 83 000. За дзесяць гадоў у чатыры разы скарацiлася колькасць абортаў.

— Гэтыя лiчбы паказваюць, што дэмаграфiчныя працэсы — кiруемыя, на iх неабходна ўплываць, i комплекс мер мэтанакiраванай палiтыкi ўжо прынёс свае вынiкi. Менавiта таму асноўнае адрозненне новай дзяржпраграмы ад дзвюх папярэднiх у акцэнце на здароўе насельнiцтва, — зазначыла Марына АРЦЁМЕНКА, намеснiк начальнiка аддзела народанасельнiцтва, гендарнай i сямейнай палiтыкi Мiнiстэрства працы i сацыяльнай абароны Беларусi. — Увага раней удзялялася двум аспектам: ахове мацярынства i дзяцiнства i развiццю спецыялiзаванай медыцынскай дапамогi. Цяпер яна скiравана на комплекс мерапрыемстваў па ахове здароўя. У адно цэлае аб'яднаны праграмы па прафiлактыцы заражэння ВIЧ, туберкулёзу, алкагалiзму, наркаманii, якiя раней былi асобнымi.

Адна з надзённых праблем, якая хвалюе спецыялiстаў, — высокая смяротнасць насельнiцтва. Па ацэнках Мiжнароднай арганiзацыi аховы здароўя, Беларусь знаходзiцца на 107-м месцы сярод 194 краiн па чаканай працягласцi жыцця. Па статыстыцы, кожны пяты памерлы ў краiне знаходзiўся ў працаздольным узросце. Застаецца даволi высокай i колькасць самазабойстваў.

Каб выправiць сiтуацыю, вядзецца работа па знiжэннi распаўсюджвання сацыяльна небяспечных захворванняў: СНIДу, туберкулёзу, алкагалiзму, наркаманii. Доўгi час лiдарам сярод прычын смяротнасцi праз знешнiя фактары, дарэчы, было выпадковае атручванне алкаголем. Згодна з афiцыйнай статыстыкай, каля 50% смерцяў людзей у працаздольным узросце абумоўлены менавiта гэтым. Аднак за мiнулы год такiх здарэнняў стала нават менш, чым самазабойстваў. З гэтых прычын у дзяржпраграму асобным блокам уключаны прафiлактыка i кантроль неiнфекцыйных захворванняў. Праграма арыентуецца таксама на павышэнне матывацыi грамадзян самiм берагчы i захоўваць сваё здароўе.

— Як сведчыць статыстыка, у сярэднiм беларускiя мужчыны жывуць на 10 гадоў менш, чым жанчыны. Мяркуецца, гэта адбываецца таму, што моцная палова менш клапоцiцца пра здароўе. Ад неiнфекцыйных захворванняў у Беларусi памiрае ў 3-4,5 раза больш мужчын працаздольнага ўзросту, чым у краiнах ЕС. Каб паўплываць на гэты працэс, у нашай краiне, магчыма, будзе створана спецыяльная служба аховы мужчынскага здароўя, — дадала прадстаўнiца мiнiстэрства.

Доля працаздольнага насельнiцтва ў Беларусi змяншаецца. Сёння налiчваецца 2 млн 357 тыс. чалавек ва ўзросце, старэйшым за працаздольны, або кожны 4-ы беларус. Прагназуецца, што да 2020 года такiх стане 27%.

Iрына СIДАРОК

sidarok@zviazda.by

Загаловак у газеце: Дэмаграфiяй можна кiраваць

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».