Вы тут

Пабачыў свет першы том Збору твораў Яўгеніі Янішчыц


Праца па падрыхтоўцы гэтага грунтоўнага выдання магла пачацца яшчэ ў 1990-я гады, але ўсялякая ўкладальніцкая ініцыятыва так і не заканчвалася поспехам. Проста лёс не складваўся, а можа — час знаёмства чытача з творчасцю «Палескай ластаўкі» ў такім фармаце настаў толькі зараз. А яшчэ — з'явілася ініцыятыва ўкладальнікаў — сяброўкі і аднакурсніцы Яўгеніі Янішчыц паэтэсы Тамары Аўсяннікавай і прафесіянала-тэкстолага, кандыдата філалагічных навук, старшага навуковага супрацоўніка Інстытута літаратуразнаўства імя Янкі Купалы Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі Святланы Калядкі.

Блакітны — як высокае неба роднага Палесся Яўгеніі Янішчыц, першы том Збору твораў, што пабачыў свет у Выдавецкім доме «Беларуская навука», ужо можна знайсці на паліцах кнігарняў, а другі, спадзяёмся, выйдзе ў самым пачатку 2017-га. Падаецца, што на старонках гэтай кнігі спалучаецца неспалучальнае: акадэмічнае выданне мусіць быць строгім, а тут — лунаюць ластаўкі; поруч з паэткай выказваюцца літаратуразнаўцы і крытыкі, а фотаздымкі расказваюць пра дзяцінства, сталасць і сям'ю Яўгеніі Янішчыц. Чаму кніга атрымалася менавіта такой? Якія новыя рысы ў творчасці любімай паэткі адкрые чытач? І ці сталі вядомымі новыя факты з яе біяграфіі, што маглі паслужыць прычынай такога трагічнага лёсу творцы? На гэтыя і многія іншыя пытанні нашага карэспандэнта адказвае Святлана КАЛЯДКА.


— З таго часу, як нарадзілася задумка і пачалася праца над Зборам твораў Яўгеніі Янішчыц, прайшло амаль 5 гадоў. Чаму чытачам давялося так доўга чакаць першы том?

— Хутчэй, справа зацягнулася па чыста тэхнічных прычынах. Трэба было праверыць процьму матэрыялаў, параўнаць набраныя тэксты з першакрыніцамі, супаставіць варыянты вершаў з тэкстамі, падабраць цытаты для літаратуразнаўчых каментарыяў... Былі і доўгія перамовы з выдавецтвам «Беларуская навука» наконт таго, з якой колькасці тамоў будзе складацца збор твораў. Спачатку планавалася 5, потым абмяркоўвалі 3, але сышліся на прамежкавым варыянце — праект будзе ўключаць 4 тамы аб'ёмам у 600—650 старонак пры фармаце кнігі, большым за стандартны.

— Думаецца, у чытача-кансерватара ўзнікнуць пытанні і пра фармат кнігі, падыход да прадстаўлення матэрыялу, не зусім стандартны для акадэмічных выданняў.

— Будучыня за выданнямі ўніверсальнага тыпу энцыклапедычнага характару, акадэмічныя варта рэфармаваць. Аднак, рабіць гэта трэба ашчадна, з індывідуальным падыходам да кожнага творцы. Напрыклад, калі шукаеш звесткі пра пісьменніка ў інтэрнэце, набіраеш яго імя, адразу ж хочаш атрымаць усю патрэбную інфармацыю. Каб уяўляць творцу ў цэласным вобразе, важна мець і біяграфію, і тэксты, і крытычныя артыкулы і іншае. Думаю, да гэтага і імкнецца сёння кніжная індустрыя, і выдавецкая справа апраўдае сябе, калі кнігі будуць адпавядаць запытам часу і сучаснага чытача, распешчанага мноствам варыянтаў выбару і доступам інфармацыі ў інтэрнэце.

— Па гэтай прычыне ў Зборы твораў літаратуразнаўчы каментарый да кожнага верша падаецца адразу ж побач з тэкстам?

— Так. І яшчэ таму, што кніга ў першую чаргу арыентаваная на пэўныя групы чытачоў. Гэта перш за ўсё вучні, студэнты, настаўнікі, выкладчыкі. Многім школьнікам, а часам і студэнтам складана зразумець, як праводзіць літаратурны аналіз твора. А ў літаратуразнаўчых каментарыях мы фактычна прадставілі ўзоры аналізу, праробленага многімі выдатнымі вучонымі, як Дзмітрый Бугаеў, Уладзімір Гніламёдаў, Уладзімір Калеснік, Варлен Бечык, Рыгор Бярозкін і іншымі. Але ў каментарах падаём не толькі аналіз, прыводзім агульныя выказванні, згадкі, звязаныя з вершам, гісторыю нараджэння твора. Такім чынам звяртаем увагу і на нашу літаратуразнаўчую спадчыну, якая часта не трапляе ў колы цікавасці сучаснага чытача і застаецца толькі ў пераліку выкарыстанай літаратуры. Рэдкі аўтар можа пахваліцца такой колькасцю даследаванняў, рэцэнзій, водгукаў на свае вершы, бо большасць твораў Янішчыц была заўважана. Да тых, якія абыдзены ўвагай, мы з Тамарай Аўсяннікавай пісалі свае каментарыі.

— А ці ёсць у першым томе новыя вершы Янішчыц? Ведаю, што ў архівах вы іх знайшлі нямала.

— Да новых твораў чарга яшчэ не дайшла, іх чытачу трэба дачакацца ў трэцім томе. У першым і часткова ў другім (зборнік «Каліна зімы») — толькі паэтычныя зборнікі, што былі апублікаваныя пры жыцці паэткі. А вось у трэцім будуць змешчаныя вершы з перыёдыкі, якія так і засталіся здабыткамі часу і былі схаваны ў архівах друкаваных выданняў; вершы з калектыўных зборнікаў, творы, выяўленыя ў Беларускім дзяржаўным архіве-музеі літаратуры і мастацтва, а таксама тэксты з сямейнага архіва Яўгеніі Янішчыц. Сын паэтэсы Андрэй Янішчыц (вялікі дзякуй яму!) адкрыў доступ да ўсіх матэрыялаў архіва, дзякуючы якім была складзена падрабязная хроніка жыцця і творчасці, набылі іншую інтэрпрэтацыю многія факты біяграфіі паэтэсы, адлюстраваныя ва ўступным артыкуле. Кожны том парадуе чытача невядомымі ці добра забытымі творамі. У другім томе гэта апавяданні, якія друкаваліся ў перыёдыцы і проста захоўваліся ў сямейным архіве. У зборнікі паэтэсы не ўключалася і паэма «Завеі снежаньскай пялёсткі». А незавершаная паэма «Галалёд» выйдзе ў першапачатковым аўтарскім варыянце. Справа ў тым, што раней яна публікавалася ў зборніку выбранага, укладзеным Валянцінай Коўтун у 2000 годзе, але тады чамусьці выйшла з перастаўленымі часткамі. Гэта значна змяніла кампазіцыю твора. Мы знайшлі ў архіве сына аўтограф і машынапіс твора і вярнулі паэме першачапатковы выгляд. Дарэчы, паэмы таксама будуць падавацца з літаратуразнаўчымі каментарыямі — на гэтыя творы крытыкі часта адгукаліся ў прэсе. Таксама ў дадатку чытач знойдзе вершы-прысвячэнні Яўгеніі Янішчыц.

— А хто з паэтаў прысвячаў ёй свае творы?

— Прасцей сказаць, хто гэтага не рабіў. Мала ў нас знойдзецца паэтаў, каму было прысвечана столькі твораў. Мы знайшлі больш за 120 вершаў 92 аўтараў — і гэта толькі тыя, што былі літаральна на паверхні. А колькі яшчэ прысвячэнняў Я. Янішчыц, нам невядомых, знойдзецца ў зборніках паэтаў! Дарэчы, варта згадаць і ўспаміны родных, настаўнікаў, аднакласнікаў, аднакурснікаў, калег паэткі, пісьменнікаў, над якімі ўжо каторы год шчыруе Тамара Аўсяннікава. Успаміны мы будзем змяшчаць у дадатку да кожнага тома, але ў другім іх будзе найбольш.

— Творы, прысвячэнні, успаміны, лісты... Падаецца, што гэты Збор твораў перакрэслівае саму ідэю выдання кнігі пра Яўгенію Янішчыц у межах серыі «Жыццё знакамітых людзей Беларусі» — праекта выдавецтва «Мастацкая літаратура».

— Гэта паралельныя праекты, якія могуць існаваць незалежна адзін ад аднаго. Пакуль яны патрэбны чытачу. Я прадугледжваю, што нашы наватарскія хады з увядзеннем біяграфічнага артыкула ў пачатку выдання (замест традыцыйнага ўхвальнага), з уключэннем побач з вершам літаратуразнаўчага каментарыя не ўсім спадабаюццца, бо цытаты навязваюць чытачу пэўную думку, тую ж плошчу запаўняюць, не пакідаючы чыстага прасцягу старонкі, прасторы для ўласных разваг. Аднак перад чытачом заўсёды ёсць магчымасць выбару — узяць нашу кнігу, дзе вершы прадстаўленыя ў такім фармаце, ці набыць томік выбранага, дзе творы падаюцца ў класічнай форме. На шчасце, кніга выбранай лірыкі выдаецца да кожнай юбілейнай даты паэтэсы.

— Грунтоўны збор твораў Яўгеніі Янішчыц — па сутнасці першае выданне падобнага кшталту ў беларускай літаратуры, прысвечанае жаночай творчасці. Чаму менавіта яна стала першай сярод нашых паэтак?

— Яшчэ ў 1990 годзе, пасля трагічнай смерці паэткі, выйшла пастанова Савета Міністраў аб увекавечанні памяці Яўгеніі Янішчыц. І адным з пунктаў пастановы значылася выданне Збору твораў. Гэта, відаць, першая і адзіная паэтэса ў Беларусі, у дачыненні да каго была прынятая такая пастанова. Дарэчы, у канцы 1980—1990 гадоў у многіх артыкулах яе называлі амаль народнай паэткай. Ёсць меркаванне, што калі б яна яшчэ некалькі гадоў папрацавала, то стала б першай жанчынай у нашай літаратуры з такім званнем. У гонар Яўгеніі Янішчыц у вёсцы Парэчча адкрылі Літаратурны музей, на радзіме паэтэсы штогод ушаноўваюць яе памяць святочнымі мерапрыемствамі, і сёння яе творчасцю, як гаючай вадой, наталяюцца чытачы розных пакаленняў... Чаму тады не яна?

— Натуральна, для кожнага чытача паэт мае свой твар. Вы ж шмат гадоў даследуеце творчасць Яўгеніі Янішчыц, а цяпер працуеце з яе архівамі, фактычна бачыце творчую «кухню». Якая яна для вас?

— Калі я пісала ўступны біяграфічны артыкул для нашага выдання, то злавіла сябе на думцы, што, нягледзячы на напісаную мною пра Яўгенію Янішчыц манаграфію і мноства артыкулаў, я так да канца і не змагла яе вывучыць і спасцігнуць усю глыбіню яе душы і таленту. Мы выявілі больш за 150 даследаванняў, артыкулаў, рэцэнзій, успамінаў і г.д. пра Яўгенію Янішчыц (спіс крыніц будзе падавацца ў дадатку ў другім томе), а яшчэ колькі будзе напісана. У жыцці паэтэса была закрытым чалавекам, мала каго пускала ў сваё, асабістае, але гэта цалкам кампенсавалася ў яе звышадкрытай, як рана, лірычнай споведзі. Якая Янішчыц? Беларуская, задуменная, тонкая, летуценная, дзівосная, непрыручаная, светлая, шчымлівая, пранізлівая, душэўная, зажураная, драматычная, безабаронная, параненая, высакародная... Пералік можна яшчэ доўга працягваць... Ва ўступным артыкуле я паспрабавала прадставіць розныя погляды людзей з яе акружэння на падзеі жыцця, драму Жэні Янішчыц.

— Калі ж казаць пра лёс паэткі, Збор твораў адкрывае раней не вядомыя факты яе біяграфіі?

— Пасля смерці паэтэсы прайшло ўжо амаль тры дзесяцігоддзі, цяпер мы можам больш аб'ектыўна разважаць пра многае з яе біяграфіі, хаця трагедыя Яўгеніі Янішчыц і па сённяшні дзень болем адгукаецца ў сэрцах тых, з кім яна сябравала, працавала, ішла побач у творчым працэсе. Гэтыя боль і віну не загойвае час. І калі пішаш пра няпросты трагічны лёс жанчыны, паэтэсы, якая рана пахавала бацьку, зведала кароткае сямейнае жыццё і сама гадавала сына, трапіла ў аўтамабільную катастрофу, пасля якой два месяцы знаходзілася ў рэанімацыі з мноствам пераломаў, прыехала з нервовым зрывам з сесіі ААН, а ў апошнія гады перажывала зацяжную дэпрэсію, якую можна і трэба было лячыць... то задумваешся, а ў якой меры і ступені асабістае жыццё пісьменніка павінна быць адкрыта чытачу, наколькі падрабязна апісана, дасканала разгледжана.

— Як даследчыку зразумець, дзе праходзіць тая мяжа асабістага і публічнага ў лёсе пісьменніка, за якую пераступаць нельга?

— Я, відаць, не прыхільнік таго, каб вывучаць кожную дробязь, нібы пад мікраскопам разглядаць жыццё пісьменніка, таму што небяспечна заблытацца ў дэталях, у розных інтэрпрэтацыях і ацэнках, а самае галоўнае, важнае, існае можа застацца па-за гульнёй у дэтэктыва. Таму добра разумела тых, хто адмовіўся пісаць успаміны ці прадаставіць для выдання перапіску. Не прыйшоў час для таго, каб многія факты з жыцця паэтэсы сталі агучанымі, сведкі многіх былых падзей і па сённяшні дзень захоўваюць маўчанне, аберагаючы светлае імя паэтэсы ад ажыятажу «жоўтай прэсы». Феномен творцы не ў пакручастасцях асабістага лёсу (хаця веданне біяграфіі шмат што тлумачыць і ў тэкстах), а ў даўгалецці творчасці. Нам засталося Слова Яўгеніі Янішчыц, і ў нас ёсць магчымасць вывучаць яго Магію. Усё астатняе — біяграфія, перапіска, успаміны, прысвячэнні — усё тое, што мы сабралі ў адным выданні, — толькі падручны матэрыял у асэнсаванні непаўторнасці Паэтэсы Яўгеніі Янішчыц.

Марына ВЕСЯЛУХА

vesіaluha@zvіazda.by

Загаловак у газеце: Гісторыя яе душы

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Палацы, паркi, сядзiбы. На Брэстчыне вядзецца вялiкая работа па аднаўленнi гiсторыка-культурных аб'ектаў

Палацы, паркi, сядзiбы. На Брэстчыне вядзецца вялiкая работа па аднаўленнi гiсторыка-культурных аб'ектаў

Адным з першых у вобласцi пачалi рэстаўрыраваць велiчны палац Сапег у Ружанах.

Грамадства

Шопiнг з дапоўненай рэальнасцю. Тэхналогii 3D-мадэлявання адкрыюць новы фармат гандлю

Шопiнг з дапоўненай рэальнасцю. Тэхналогii 3D-мадэлявання адкрыюць новы фармат гандлю

Наша краiна займае трэцяе месца ў сваiм рэгiёне па колькасцi бескантактавых транзакцый.

Грамадства

Неспадзяваныя падарожжы. Як не згубiцца ў лесе?

Неспадзяваныя падарожжы. Як не згубiцца ў лесе?

Цёплае i вiльготнае надвор'е, якое вось ужо чацвёрты тыдзень з невялiкiмi перапынкамi пануе ў Беларусi, штурхае да таго, каб пайсцi ў лес.