Вы тут

Нацыянальны тэатр высокай пробы


Бясспрэчная карысць любога фестывалю мастацтваў заключаецца ў тым, што зацікаўленыя гледачы атрымліваюць магчымасць пазнаёміцца з найноўшымі дасягненнямі ў той ці іншай галіне, зверыць уласныя пошукі з эксперыментамі вядомых майстроў.


Форма ўспрымання

Сёлета тэатральны форум «ТЭАРТ» ладзіцца ў шосты раз. Афіша складаецца з двух блокаў — беларускай і міжнароднай праграм. Фестываль доўжыцца цэлы месяц. Спектаклі адбірае і прэзентуе незалежная кампанія «АРТ-Карпарэйшн». Фінансавую і шмат у чым арганізацыйную дапамогу аказвае Белгазпрамбанк.

За шэсць гадоў жыцця фестывалю ў яго сфарміравалася свая публіка, у асноўным моладзевая. Паўстала і ўмацавалася цікавасць да мастацтва тэатра. Прымусіўшы беларускую сцэну канкурыраваць з лепшымі калектывамі Еўропы, фестываль выгадаваў сваіх драматургаў і рэжысёраў, што дазволіла прасоўваць наш тэатр у еўрапейскую прастору.

Рост патрэбы ў забавах у дадзены культурна-гістарычны перыяд невыпадковы. Гэта адпавядае агульнаму стану грамадства эпохі культурнага крызісу. У той час як у цэлым сёння на многіх нашых рэпертуарных сцэнах адбываецца працэс кланавання замежных спектакляў, не варта забываць, што ў кожнай развітай краіне культурная прастора фарміруецца з нацыянальных прадуктаў. Пачынаўся «ТЭАРТ» з нясмелых спробаў прапанаваць альтэрнатыўны спектакль. Ніхто не спадзяваўся на поспех. Але вось ужо, пачынаючы з дакументальнага «Patris», відавочна, што ёсць таленавітыя маладыя людзі і каштоўныя арыгінальныя ідэі.

Сёлета на ўдзел у форуме было прадстаўлена 36 заявак з усёй Беларусі. Эксперты, узначаленыя тэатральным крытыкам Людмілай Грамыка, адабралі 13. Атрымалася грунтоўная і таленавітая карціна са спектакляў драматычных, лялечных, харэаграфічных і перформансу.

Мяняецца тэатр. Змяняецца яго ўспрыманне. Нядзіўна, што ўзнікаюць гарачыя спрэчкі пра перспектыўнасць новых сцэнічных знаходак. У працэсе ломкі стэрэатыпаў, што назіраецца ў наш час, змены сістэмы каштоўнасцей масава мяняецца свядомасць. На жаль, часта ў бок індывідуалістычнага характару, блізкага заходняму менталітэту. Глядач вітае не толькі адыход ад даследавання псіхалогіі ўчынкаў, але і ўздзеянне на біялагічныя, а не на разумныя пачаткі чалавечай псіхікі, новую візуальную форму. Яе можна папросту назваць успрыманнем свету праз вочы.

Псіхолагі адзначаюць, што наглядна-вобразнае мысленне папярэднічае славесна-лагічнаму і спрыяе хутчэйшаму ўспрыманню інфармацыі. Дынамічнае развіццё лічбавых тэхналогій зрабіла амаль абавязковым прысутнасць на сцэне якаснай карцінкі, светлавых эфектаў, арыгінальных касцюмаў. Замест акцёра, які прамаўляе тэкст, з’яўляюцца візуальныя спецэфекты дзякуючы якаснай тэхнічнай апаратуры. Часцяком фарматворчасць засланяе разуменне сэнсу. Становіцца важным не тое, пра што спектакль, а як ён зроблены. Гэта агульнасусветны працэс, і мы стараемся ў яго ўпісацца.

Хто ў лідарах

Раскладка беларускага шоу-кейса такая. Удзельнічаюць тры рэпертуарныя драматычныя тэатры: з Мінска, Магілёва і Брэста. Чатыры тэатры лялек з тых жа гарадоў плюс Гродна. Адзін праект харэаграфічны — «Прадметная размова», адзін музычна-вакальны — «З жыцця казурак». Дзве праграмы беларускага перформансу. Адзін спецыяльна створаны для форуму — «Опіум». У 2016 годзе спектакль увайшоў у шорт-ліст конкурсу новай драматургіі расійскай «Rемаркі» і прызнаны адным з лепшых пры электронным галасаванні на інтэрнэт-партале «Культпрасвет». Можна падсумаваць, што чатыры праекты натхнёныя існаваннем фестывалю «ТЭАРТ», а ўсё разам стварае яркую карціну таго, што адбываецца ў беларускай тэатральнай прасторы.

Па абодва бакі тэатральнай рампы — на сцэне і ў глядзельнай зале — з’явіліся людзі з драйв-мысленнем, якім цікавыя размовы пра жыццё з дапамогай тэатральных сродкаў. Вядома, ні тэатр, ні асобныя спектаклі не могуць адказаць на пакутлівыя пытанні быцця. Але ж галоўнае — не знайсці адказ, а паставіць пытанне ва ўсёй сумленнасці і адкрытасці. Практычна ва ўсіх работах беларускай праграмы гэтыя пытанні выразна гучаць.

Сучасны тэатр не можа не ўлічваць асаблівасці розных пакаленняў гледачоў, асабліва псіхалогію юнацкага ўзросту. Малады глядач, якому цікавыя творчыя эксперыменты, валодае павышанай узбуджанасцю, актыўнасцю паводзін, імкненнем да аўтаноміі, эгацэнтрызму. Адсюль прывабнасць і поспех тых мадэляў тэатральнай дзейнасці, дзе ёсць так званы «інтэлектуальны эксперымент». Ён звязаны з актывізацыяй удзелу гледачоў у стварэнні спектакля. Таму ў моладзі папулярныя разнастайныя перформансы. Іх у беларускай праграме было некалькі. Сур’ёзных. Пацешных. Пазбаўленых глыбокай мастацкай каштоўнасці, але, на шчасце, без эксплуатацыі абывацельскай тэматыкі і звароту да нацыянальнага менталітэту.

Асноўная лексічная рыса твораў для моладзі — слэнг. Часам са станоўчай семантыкай, часам — з адмоўнай. На сцэне сталі гучаць словы, далёкія ад літаратурнай мовы, прынесеныя з вуліцы. Дзяржаўныя тэатры палохае пастаноўка такіх п’ес. Затое за іх бяруцца энтузіясты дзеля магчымасці паказаць сучаснае жыццё з яго супярэчнасцямі.

Крыніцы радасці

У Беларусі вельмі моцныя тэатры лялек, і ў гэты раз сваю прадукцыю паказалі Аляксей Ляляўскі («Птушкі» і «Візіт старой дамы»), Ігар Казакоў («На дне») і Брэсцкі тэатр («Фро»), які запрасіў з Расіі рэжысёра Руслана Кудашова. Сёння гэта самы знакаміты расійскі лялечнік, які даўно сябруе з берасцейцамі. Само спалучэнне — твор Андрэя Платонава і рэжысёрская работа піцерца Руслана Кудашова — гарантыя поспеху. Брэсцкія лялечнікі бліскуча спраўляюцца са складанымі мастацкімі задачамі, распавядаючы пра лёс маладой Ефрасінні (Фро), якую любіў муж, але з’ехаў кудысьці далёка будаваць камунізм і мяняць свет з дапамогай загадкавых электрапрыбораў.

Усе спектаклі, акрамя «Візіту старой дамы», падрабязна рэцэнзаваліся на старонках «ЛіМа». Аўтар гэтага артыкула ў ацэнках з імі не разыходзіцца. Хацелася б адзначыць, што ўсе прадстаўленыя работы тэатраў лялек нейкімі ўнутранымі ўласцівасцямі настроены на жывы дыялог з гледачом, на спрэчку-дыскусію. У большай ступені гэта тычыцца магілёўскага «На дне». Пакінуўшы тэкст п’есы Максіма Горкага, рэжысёр Ігар Казакоў паказаў такое «дно», дзе капошацца нахабныя чарвякі, велізарны высахлы жыўцом жаночы труп ляжыць на авансцэне, героі выродлівыя і жорсткія. Нікога не шкада, і ў фінале тры незразумелыя істоты ўпэўнена змываюць чалавечыя істоты ў бездань. Хто не чытаў п’есу, успрыме дзейства як чорны гумар ці тэатр абсурду. Хто знаёмы з п’есай і яе шматгадовымі і шматлікімі пастаноўкамі, успомніць, што людзі дна — не бездапаможныя стварэнні. У кожнага быў лёс і ідэалы, але не знойдзена месца ў жыцці. Пранізлівыя маналогі людзей, якія апусціліся, павінны былі нарадзіць пачуццё суперажывання і жалю. Магчыма... Калі б... Хто-небудзь працягнуў руку дапамогі... Тады, у тым жыцці, такога не здарылася. Я бачыла першы прэм’ерны спектакль і зараз магу канстатаваць, што за паўгода ён змяніўся. На першы план выйшаў Васька Попел у выкананні запрошанага з драмы акцёра Івана Труса. У ранейшых інтэрпрэтацыях галоўным героем заставаўся Сацін з яго знакамітым «Чалавек — гэта гучыць горда». Зараз ні пра які гонар не можа быць гаворкі. Толькі маральныя і ў дадатак фізічныя вырадкі, якіх па нашых паняццях трэба не шкадаваць, а знішчаць.

Дык хто гэтая каральная тройка? Санітары? Суддзі, якія заганялі непажаданых у сталінскія лагеры? Бескампрамісныя цэнзары? Каму дадзена права адбіраць або знішчаць чалавечы матэрыял? У мяне толькі адзін адказ: гэта касмічныя істоты, прышэльцы, якія далі нам жыццё і цяпер сартуюць, пакідаючы толькі перспектыўных асоб.

Ігара Казакова вучыў прафесіі лялечніка Аляксей Ляляўскі. Зараз настаўнік і вучань часта аказваюцца побач на шматлікіх фестывалях. «Візіт старой дамы» Ляляўскі паставіў не ў сваім тэатры, а ў Гродзенскім. Там п’еса Фрыдрыха Дзюранмата выдатна легла на акцёрскую трупу — трагікамічную актрысу Ларысу Мікуліч у галоўнай ролі і дзесяць мужчын. Па-свойму Ляляўскі працягвае і развівае тэму суддзяў над чалавечымі жыццямі. Ён да крайнасці абвастае праблему дабра і зла, выказвае асцярогі з нагоды будучыні. Ляляўскі ўсё радзей працуе з лялькай, але ўсё вынаходлівей з прадметамі. Унітазы трансфармуюцца ў паркавыя кветкавыя вазы. Гаваркімі становяцца гальштукі. Вялікія, у духу антычнасці, маскі дапаўняюць чалавечыя характары. Дзіўная справа: пасля гэтага спектакля не ўзнікае прыгнечанага стану. Творчасць дзеля смагі жыцця.

Хочацца скончыць агляд спектаклем «З жыцця казурак», які першым выйшаў на суд знатакоў мастацтва і задаў усяму фестывалю тон у духу оды радасці. Тры маладыя жанчыны з дапамогай голасу, раяля і скрыпкі вярнулі нам настальгію па дзяцінстве. Таленавітая клаўнеса Святлана Бень сваёй яркай акцёрскай індывідуальнасцю сумясціла філасофскі склад розуму і іранічную прыроду выказванняў. Чатырнаццаць гісторый пра казявак, птушак і людзей то па-дзіцячы простыя, то трагічныя, то гумарыстычныя і ў прынцыпе радасна-жыццесцвярджальныя, суправаджаюцца смешнымі малюначкамі на экране.

Застаецца радавацца таму, што нацыянальныя тэатральныя падзеі ствараюць таленавітыя маладыя драматургі, рэжысёры, сцэнографы, акцёры.

Таццяна АРЛОВА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».