Вы тут

Блакада Кубы працягваецца


Маленькая краіна ў Карыбскім моры ўжо больш за паўстагоддзе пакутуе ад блакады з боку Злучаных Штатаў Амерыкі. Прычым праціўнік настолькі моцны, што накладае штрафныя санкцыі і на прадпрыемствы іншых дзяржаў, якія жадаюць супрацоўнічаць з Востравам Свабоды. Як заявіў на прэс-канферэнцыі Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Рэспублікі Куба ў нашай краіне спадар Херарда СУАРЭС АЛЬВАРЭС, блакада яго дзяржавы — самая працяглая і самая жорсткая ва ўсёй гісторыі санкцый.


Каб пазбавіцца ад гэтага дзікунства ў сучаснай гісторыі, дыпламат прапанаваў нам, беларусам, далучыцца да глабальнай акцыі «Я галасую супраць блакады Кубы». На сайце cubavsbloqueo.cu праходзіць галасаванне ў рэжыме анлайн супраць палітыкі, уведзенай Злучанымі Штатамі. Кожны можа зайсці на сайт і пакінуць там свой голас і, пры жаданні, каментар.

— На жаль, у чарговы раз мы вымушаны заяўляць аб балючай для нас тэме, — адзначыў падчас сустрэчы з журналістамі спадар Херарда Суарэс Альварэс. — Куба ўжо 24 гады прадстаўляе ў Генеральнай Асамблеі Арганізацыі Аб'яднаных Нацый рэзалюцыю «Набходнасць спынення эканамічнай, гандлёвай і фінансавай блакады, уведзенай Злучанымі Штатамі Амерыкі супраць Кубы». 26 кастрычніка — ужо на наступным тыдні — у Генасамблеі будзе абмяркоўвацца 25 рэзалюцыя.

Ужо на працягу 25 гадоў пераважная большасць членаў ААН галасуе ў падтрымку дадзенай рэзалюцыі. Калі ў 1992 годзе Кубу падтрымалі 52 дзяржавы, то ў мінулым — 193, супраць былі толькі дзве — Злучаныя Штаты і Ізраіль.

Эканамічная, гандлёвая і фінансавая блакада Кубы працягваецца, нягледзячы на аднаўленне дыпламатычных адносін — у тым ліку працы пасольстваў — паміж Кубай і ЗША ў мінулым годзе, а таксама візіт на Кубу Барака Абамы, прэзідэнта Злучаных Штатаў у сакавіку бягучага года. Спадар Херарда Суарэс Альварэс называе гэта толькі пачаткам той працы, якую неабходна правесці, каб блакада нарэшце была знята.

Па словах кубінскага дыпламата, нягледзячы на тое, што зараз многія кажуць аб вырашэнні крызісу ў кубіна-амерынканскіх адносінах, блакада, на жаль, засталася. У сакавіку было дазволена выкарыстоўваць долар ЗША ў міжнародных фінансавых аперацыях Кубы. Тым не менш, паведамляе дыпламат, дагэтуль паміж дзяржавамі не ўстаноўлены нармальныя банкаўскія адносіны.

Як і раней, ЗША забараняюць экспарт на Кубу тавараў і абсталявання. Па-ранейшаму адна з самых яркіх краін Лацінскай Амерыкі пазбаўлена магчымасці свабодна экспартаваць тавары і паслугі ў Злучаныя Штаты, не можа ўстанаўліваць прамыя банкаўскія адносіны з гэтай краінай, а таксама прымаць амерыканскія інвестыцыі ў іншыя сферы эканомікі, за выключэннем тэлекамунікацый. Акрамя гэтага, застаецца дзеючай забарона для амерыканскіх грамадзян наведваць Кубу ў турыстычных мэтах. Куба, дарэчы, з'яўляецца адзінай дзяржавай, куды не можа прыехаць амерыканскі турыст.

Дыпламат таксама падкрэсліў, што, як і раней, блакіруюцца грашовыя пераводы на Кубу — нават калі яны здзяйсняюцца не ў амерыканскіх доларах.

— Працягвае мець месца накладанне штрафаў на банкі і фінансавыя ўстановы, што маюць сувязі з нашай краінай, — заявіў Херарда Суарэс Альварэс. — Толькі з красавіка мінулага года па красавік бягучага была распачата 61 карная мера супраць замежных банкаў, якія маюць хоць нейкія адносіны з Кубай. Прыкладам таму служыць рашэнне нямецкага банка Commerzbank аб спыненні аперацый з Кубай. Гэта — вынік штрафу ў 1,7 млрд долараў, які ўстанавілі ЗША ў сакавіку 2015 года.

Агульная ж эканамічная страта Кубы за больш чым паўстагоддзе блакады склала (у пераліку на цяперашнія цэны) звыш 125 мільярдаў амерыканскіх долараў.

Надзея ЮШКЕВІЧ

yushkevich@zviazda.by

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.