Вы тут

Паўдзельнічаць у рэпетыцыйным тэсціраванні могуць і дзесяцікласнікі


Колькі тэстаў дазволяць здаваць абітурыентам у наступным годзе — тры ці чатыры? Безумоўна, гэта пытанне хвалюе многіх. Але пакуль змяненні ў парадку прыёму ў ВНУ не зацверджаны, будучым выпускнікам застаецца арыентавацца на правілы, якія дзейнічалі ў папярэднія гады. Праўда, у дачыненні да рэпетыцыйнага тэсціравання ніякія абмежаванні на колькасць дысцыплін, па якіх можна здаць тэсты, не ўплываюць. Як не дзейнічаюць і абмежаванні па ўзросце. Паўдзельнічаць у «рэпетыцыі» могуць не толькі вучні выпускных класаў, але і дзесяцікласнікі.


Першы этап рэпетыцыйнага тэсціравання ў беларускіх ВНУ стартаваў у кастрычніку. Пералік устаноў, дзе яно будзе праводзіцца па матэрыялах арганізатараў ЦТ, і графік правядзення можна знайсці на сайце Рэспубліканскага інстытута кантролю ведаў. У многія навучальныя ўстановы запісацца на рэпетыцыйнае тэсціраванне цяпер можна не выходзячы з дома — на іх сайтах адкрыта анлайн-рэгістрацыя.

Апрацоўка бланкаў адказаў удзельнікаў рэпетыцыйнага тэсціравання і разлік вынікаў будуць ажыццяўляцца па тэхналогіі ЦТ. Інфармацыю пра свае вынікі абітурыенты змогуць атрымаць на сайце РІКВ па асабістым кодзе ўдзельніка. Пасля завяршэння першага этапу рэпетыцыйнага тэсціравання на сайце Інстытута кантролю ведаў абітурыенты таксама па асабістым кодзе ўдзельніка змогуць атрымаць адказы да заданняў тэста для правядзення работы над памылкамі.

Удзельнікам рэпетыцыйнага тэсціравання трэба мець на ўвазе, што працэдура яго правядзення нічым не адрозніваецца ад цэнтралізаванага. Задача арганізатараў у аўдыторыях — прытрымлівацца ўсіх правілаў правядзення ЦТ, каб адразу настроіць абітурыентаў на сур'ёзны лад і змадэляваць рэальную псіхалагічную абстаноўку правядзення экзамену: прысутнасць мабільнікаў, дапаможнікаў і шпаргалак у экзаменацыйнай аўдыторыі катэгарычна не дапускаецца. Арганізатарам дазваляецца кансультаваць удзельнікаў рэпетыцыі толькі па тэхналогіі работы над тэстам і па парадку запаўнення бланка, але ніякіх кансультацый па змесце тэстаў.

Да пачатку ўступнай кампаніі абітурыенты змогуць праверыць свае веды некалькі разоў. Першы этап рэпетыцыйнага тэсціравання будзе доўжыцца да канца гэтага года. Другі этап пройдзе ў студзені-лютым. Трэці — у сакавіку-красавіку.

Пачынаючы з кастрычніка, непасрэдна ў Рэспубліканскім інстытуце кантролю ведаў для ўсіх ахвотных арганізуецца і камп'ютарнае тэсціраванне. Падчас яго прапануюцца заданні з той жа базы, што і на звычайным. Розніца ў тым, што абітурыент працуе перад камп'ютарным маніторам і напрыканцы выпрабавання можа адразу ўбачыць свой вынік. У абітурыента ёсць магчымасць тут жа папрацаваць над памылкамі. Спачатку да няправільна выкананых заданняў яму даецца падказка, а калі і яна не дапамагае, можна проста «падгледзець» правільнае рашэнне.

У Рэспубліканскім інстытуце кантролю ведаў адкрыта анлайн-рэгістрацыя на камп'ютарнае тэсціраванне. Яно праводзіцца кожны дзень: з панядзелка па пятніцу — з 14:00 да 18:00, а ў суботу «рэпетыцыйная сесія» стартуе ў 11 гадзін.

Надзея НІКАЛАЕВА

nіkalaeva@zvіazda.by

Загаловак у газеце: Рэпетыцыйнае тэсціраванне: разведка боем...

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове.