Вы тут

Наймальнікі выбіраюць мужчын?


Ці часта ў дзяўчат на субяседаванні пытаюцца, ці замужам яны, а жанчынам з дзецьмі адмаўляюць у прыёме на работу, бо не хочуць траціцца на бальнічныя? Каб даследаваць сітуацыю з гендарнай дыскрымінацыяй на рынку працы, міжнародная грамадская арганізацыя «Гендарныя перспектывы» запусціла кампанію #ПолНеПотолок. Жанчынам і мужчынам, якія сутыкнуліся з прадузятым стаўленнем наймальнікаў, прапануюць дзяліцца сваімі гісторыямі.


— У нас ёсць ускосныя пацвярджэнні таго, што гендарная дыскрымінацыя дагэтуль існуе. Беларуская статыстыка паказвае і разрыў у аплаце працы мужчын і жанчын, і тое, што апошнія менш заняты як прадпрымальнікі. Але мы хочам атрымаць сведчанні з першых вуснаў, — расказвае старшыня праўлення арганізацыі Ірына АЛЬХОЎКА. — Гісторыі размяркуем па катэгорыях, і наш юрыст будзе даваць кансультацыі агульнага характару, як паступаць у тыповых выпадках.

Нізкі заробак і невысокія пасады жанчын часта тлумачаць тым, што яны самі не імкнуцца ў кіраўнікі. Эксперт згаджаецца: вядома, не ўсім дамам важна кар'ера. Як і не ўсім мужчынам.

— Пытанне ў тым, што, калі жанчына гэтага захоча — якія ў яе шанцы? Вельмі часта на «дзявочых» факультэтах студэнтам-хлопцам аддаюць перавагу толькі таму, што іх менш. Па-чалавечы гэта называецца несправядлівасцю. Такі падыход неэфектыўны нават з пункту гледжання эканомікі. Жанчыны даўжэй вучацца, больш падрыхтаваны — атрымліваецца, на іх адукацыю дарма трацяцца грошы? — разважае старшыня праўлення «Гендарных перспектыў».

Па назіраннях эксперта, праблемы на рынку працы часта ўзнікаюць у маці з непаўналетнімі дзецьмі:

— Зразумела, кожны наймальнік зацікаўлены ў тым, каб работнік быў на сваім месцы кожны дзень, цалкам аддаваўся справе і нікуды не адлучаўся. Але з іншага боку, калі мы кажам, што паважаем мацярынства як велізарную працу і гэта мае значэнне не толькі для канкрэтнай сям'і, але і для краіны, тады работадаўцы таксама павінны дзяліць гэту адказнасць з грамадствам і дзяржавай. А атрымліваецца, што ўся нагрузка па выхаванні дзяцей і адпаведна складанасці з пошукам работы кладуцца на плечы жанчын.

Што да мужчын, то ім наймальнікі часам не хочуць прадастаўляць водпуск па доглядзе за дзіцем. І нават не ведаюць, што з малым можа сядзець не толькі маці. Ірына Альхоўка згадвае выпадкі, калі да іх у арганізацыю звярталіся мужчыны і прасілі: «Патэлефануйце ў маю бухгалтэрыю, раскажыце, што я маю такое права».

Яшчэ адна праблема — сексуальнае дамаганне на працоўным месцы.

— Гэта ўвогуле забароненая тэма. Вельмі шмат тут патрыярхальных стэрэатыпаў. Я нядаўна пачула меркаванне, што флірт на рабоце спрыяе лепшай вытворчасці працы. Але гэта мужчынскі пункт гледжання: не ўсе жанчыны гатовы слухаць жарты наконт бландзінак і знешняга выгляду. Той наймальнік, які хоча мець здаровыя адносіны ў калектыве, павінен быць зацікаўлены ў палітыцы, дзе кожны супрацоўнік будзе адчуваць сябе ў бяспецы, — лічыць эксперт.

Падчас кампаніі плануецца таксама правесці дыскусію з чыноўнікамі, спецыялістамі працоўных інспекцый, наймальнікамі і юрыстамі, каб абмеркаваць, як праблемы гендарнай дыскрымінацыі можна вырашаць. У краінах Еўрасаюза, напрыклад, даказваць факт дыскрымінацыі павінен не работнік, а наймальнік. У нас наадварот. І гэта практычна немагчыма, бо падобныя выпадкі звычайна адбываюцца адзін на адзін. Да таго ж у нашым заканадаўстве ёсць толькі забарона на дыскрымінацыю, але няма азначэння паняцця. Гэта значна ўскладняе правапрымяняльную практыку.

Ірына Альхоўка заўважае, што яны ні ў якім разе не хочуць рабіць наймальнікаў ворагамі і вінаваціць іх ва ўсім:

— Сваёй задачай мы бачым расказаць, у чым перавага змешанага калектыву, работнікаў, у якіх ёсць дзеці. Як правіла, гэта вельмі лаяльныя супрацоўнікі. Калі ў цябе ёсць дзіця, ты не зацікаўлены ў тым, каб часта мяняць работу, бо табе патрэбна стабільнасць. У Швецыі, напрыклад, лічаць, што лепшы трэнінг па менеджменце — гэта бацькоўства. Бо бацькоўства вучыць усяму — і весці перамовы, і планаваць свой час, і выконваць шмат задач. На трэнінгу гэта штучная сітуацыя, а ў сям'і — натуральная.

Падзяліцца сваёй гісторыяй аб дыскрымінацыі на рабоце па прыкмеце полу можна на старонцы ў сацыяльнай сетцы Фэйсбук пад хэштэгам #ПолНеПотолок. Ці даслаць яе на электронную скрыню pol_ne_potolok@genderperspectіves.by, калі хочаце захаваць ананімнасць.


Каментарый у тэму

Абмежаванне ў працоўных правах ці атрыманне нейкіх пераваг у залежнасці ад полу беларускім заканадаўствам забаронена. А работнікі, якія маюць сямейныя абавязкі, могуць разлічваць на дадатковыя гарантыі.

— Пры гэтым права на гарантыі, якія даюцца заканадаўствам і калектыўнымі дагаворамі маці, прадастаўляецца таксама бацькам, што выхоўваюць дзяцей адны, — заўважае начальнік аддзела працоўнага заканадаўства юрыдычнага ўпраўлення ведамства Ірына ПЫРКО.

Іншая справа, што на практыцы роўнасць не заўсёды захоўваецца. І Беларусь тут не выключэнне — гэта сусветная тэндэнцыя. Нашы жанчыны зарабляюць у сярэднім на 23 працэнты менш за мужчын. Доля прадстаўніц прыгожага полу ў парламенце — 30 працэнтаў, сярод кіраўнікоў — 48 працэнтаў (але трэба ўлічваць, што гэта, як правіла, кіраўнікі ніжэйшага ўзроўню). А ў водпуск па доглядзе за дзіцем ідзе толькі адзін працэнт мужчын (сярод іх і таты, і дзядулі).

Наталля ЛУБНЕЎСКАЯ

lubneuskaya@zvіazda.by

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Актрыса НАДТ імя М. Горкага — пра шлях да сцэны і натхненне.

Грамадства

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

Тата і мама — два самыя важныя чалавекі ў жыцці кожнага дзіцяці.