Вы тут

Прэзідэнт даручыў удасканаліць сістэму падрыхтоўкі ваенных кадраў


Сiстэму падрыхтоўкi ваенных кадраў у Беларусi неабходна ўдасканальваць. Такое даручэнне Прэзiдэнт Беларусi Аляксандр Лукашэнка даў у час праверкi ўзроўню прафесiйна-службовай падрыхтоўкi афiцэрскага складу Узброеных Сiл на 230-м агульнавайсковым Абуз-Лясноўскiм палiгоне, перадае карэспандэнт БЕЛТА.


«Не стану аспрэчваць, што гэта сiстэма iснуе, але тое, што мы яе даўно не ўзварушвалi i не прыстасавалi да сучаснай вайны, гэта факт. Ёсць у нас праблемы i з тэрмiнамi навучання, з праграмамi i выкладчыкамi, — звярнуў увагу кiраўнiк дзяржавы. — Трэба браць выкладчыкамi падрыхтаваных людзей з часцей, каб яны маглi вучыць таму, што трэба на вайне».

Прэзiдэнт падкрэслiў, што падрыхтоўку ваенных кадраў трэба пастаянна прыстасоўваць да сучасных рэалiй. Гэта датычыцца не толькi ваенных i ваенiзаваных вышэйшых навучальных устаноў, але i ваенных факультэтаў у грамадзянскiх ВНУ. «Трэба ў дзяржсакратарыяце стварыць групу спецыялiстаў i ўсё прааналiзаваць, вычысцiць з праграм непатрэбнае, зрабiць адэкватнымi тэрмiны навучання, паглядзець на завочную форму навучання: цi патрэбна яна нам. Афiцэры яе крытыкуюць», — адзначыў кiраўнiк дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка таксама звярнуў увагу, што мае патрэбу ў дапрацоўцы i сiстэма праверкi ўзроўню падрыхтоўкi афiцэраў. «Самае страшнае — гэта фармалiзм, не паўтарыць бы нам тое, што было ў савецкiя часы, — сказаў Прэзiдэнт. — Рабiце так, каб афiцэра можна было праверыць. Я не гавару, што яны павiнны быць у вас вундэркiндамi, але я сам бегаў, падцягваўся i займаўся з салдатамi. Таму ведаю, якiм павiнен быць афiцэр. Зрабiце яго такiм».

Пры гэтым кiраўнiк дзяржавы падкрэслiў: «Калi мы самi сябе будзем уводзiць у зман, гэта недапушчальна. Мы не тая краiна, дзе можна на нешта махнуць рукой, падняць верталёт, паказаць агонь — гэта зусiм не галоўнае. Галоўнае, каб афiцэр мог навучыць свайго падначаленага».

Тут жа, на Абуз-Лясноўскiм палiгоне, Прэзiдэнту прадэманстравалi два новыя сучасныя верталёты Мi-8МТВ5-1. Ва Узброеныя Сiлы краiны зусiм нядаўна з Казанскага верталётнага завода паступiла шэсць сучасных верталётаў Мi-8 гэтай мадыфiкацыi. Чакаецца, што ў беларускую армiю паступяць яшчэ шэсць такiх лятальных апаратаў.

Адзiн з верталётаў, прадэманстраваных Прэзiдэнту, мае пошукава-выратавальнае прызначэнне, другi — транспартна-баявы. За доўгiя гады эксплуатацыi верталёт Мi-8 прызнаны адным з лепшых у свеце ў сваёй катэгорыi.

Мiнiстр абароны Андрэй Раўкоў далажыў кiраўнiку дзяржавы, што беларускiя вайскоўцы, выступаючы на мiжнародных спаборнiцтвах, не саступаюць па прафесiяналiзму армiям буйных краiн. У час дакладу размова зайшла пра выступленне беларускiх ваенных на спаборнiцтвах «Танкавы бiятлон», якiя адбылiся на падмаскоўным палiгоне ў жнiўнi. Было адзначана, што нашы вайскоўцы па вынiках турнiру заваявалi некалькi ўзнагарод, разам з тым iх выступленне на некаторых этапах магло быць больш паспяховым.

Прэзiдэнт звярнуў увагу, што беларуская каманда падчас заездаў саступала па хуткасцi i не змагла абыйсцi расiйскi экiпаж. Андрэй Раўкоў растлумачыў, што гэта звязана з тым, што танкi, на якiх удзельнiчалi беларусы, былi не такiя магутныя. Аднак ужо прынята рашэнне iх мадэрнiзаваць, каб у наступным годзе мы змаглi паказаць лепшыя вынiкi.

Аляксандр Лукашэнка падкрэслiў, што на такiх буйных спаборнiцтвах неабходна выйграваць, бо ад гэтага, у тым лiку, залежыць iмiдж беларускай армii. «Туды збiраецца ўся ваенная, i нават не толькi ваенная, элiта», — дадаў кiраўнiк дзяржавы.

«Мы маем лепшы вынiк па стральбе, але па хуткасцi трошкi прайграем: магутнасць рухавiкоў у нашых танкаў 840 к.с., а ў расiян — 1130. Але нават у гэтых умовах нашы вайскоўцы ў шэрагу заездаў абганялi расiян, — сказаў мiнiстр. — Па прафесiяналiзму мы з сусветнымi армiямi спаборнiчалi нароўнi, а па некаторых пазiцыях нават пераўзыходзiлi».

Андрэй Раўкоў таксама лiчыць, што некалькi ваенных конкурсаў можна праводзiць i ў Беларусi, умовы i магчымасцi для гэтага ёсць. Прэзiдэнт падтрымаў гэтую прапанову i адзначыў: «Гэта добрая падрыхтоўка i трэнiроўка, там не прыпiшаш i не дабавiш».

Фота БЕЛТА

Загаловак у газеце: Улiчваць сучасныя рэалii

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».