Вы тут

Адкуль паходзiць назва вёскi Грычына?


«Дапамажыце разабрацца, адкуль паходзiць назва вёскi Грычына, што ў Дзяржынскiм раёне».

Вiталь Кухаронак, Фанiпаль


На вашы пытаннi адказвае старшыня Рэспублiканскай тапанiмiчнай камiсii пры НАН Беларусi Iгар КАПЫЛОЎ.

Вёска Грычына Дзяржынскага раёна мае не толькi адметную назву, але i багатую гiсторыю.

Упершыню паселiшча згадваецца ў 1547 годзе. Але людзi на гэтым месцы пасялiлiся намнога раней, пра што сведчаць выяўленыя вучонымi ў наваколлi Грычына курганныя могiльнiкi X — XI стагоддзяў. У розныя гiстарычныя перыяды мянялася адмiнiстрацыйна-тэрытарыяльная прыналежнасць населенага пункта. У сярэдзiне XVI стагоддзя паселiшча размяшчалася на землях Менскага павета ВКЛ. На той час назва мела форму Грычын, якую i трэба лiчыць самай старажытнай. У першай палове XVII стагоддзя вёска адносiлася да маёнтка Койданава Мiнскага павета Мiнскага ваяводства. У 1793 годзе, пасля другога падзелу Рэчы Паспалiтай, адышла да Расiйскай iмперыi. У гэты час суiснавалi два варыянты назвы — Грычын i Грычына. У сярэдзiне XIX стагоддзя значылася ў складзе маёнтка Вiцкаўшчына. У канцы XIX стагоддзя належала да Самахвалавiцкай воласцi Мiнскага павета Мiнскай губернi. Мянялiся i гаспадары паселiшча. Напачатку вёска была ўласнасцю князёў Радзiвiлаў, затым, у сярэдзiне XIX стагоддзя, ёй валодаў князь П. Вiтгенштэйн. Гiстарычныя энцыклапедычныя даведнiкi змяшчаюць звесткi пра Грычына як месца сялянскiх антыфеадальных выступленняў 1656 года. Жыхары вёскi моцна пацярпелi i падчас вайны Расiйскай iмперыi з Францыяй. Па сведчаннi гiсторыкаў, у лiстападзе 1812 года напалеонаўскiя войскi, разгромленыя рускай армiяй у Койданаўскай бiтве, адступалi праз Грычына, i вёска была спалена.

Пошукi паходжання назвы вёскi трэба пачынаць з яе структуры: фiнальная частка -ына падказвае, што найменне мела прыналежны характар. Бясспрэчна, што вёска сваю назву атрымала ад iмя землеўласнiка або першазаснавальнiка паселiшча. Аднак разыходзяцца думкi вучоных адносна паходжання назвы гэтага паселiшча. Так, прафесар В.А. Жучкевiч паходжанне назвы Грычына звязвае са старажытным словам грыч, якое ў старажытнарускiх (агульнаўсходнеславянскiх) пiсьмовых помнiках ужывалася ў значэннi «сабака». I ў якасцi прыкладу прыводзiць тэкст са «Слоўнiка старажытнарускай мовы» I.I. Сразнеўскага: «Человек нежыi убiен бысть разбойникомъ: гричь же храняше тело господина своего; некий же человекъ гряды мимо погребе его; гричь же, видев яко добре дело сотвори, последова ему и служаше ему добре». У такiм жа значэннi слова грич ужывалася i ў старабеларускай мове. У помнiку пачатку XVII стагоддзя «Хронiцы М. Бельскага» нават удакладняецца значэнне гэтага слова: «взявши з собою грича або пса и шол с ним в дорогу». Аднак версiя В.А. Жучкевiча выклiкае вялiкiя сумненнi. Больш праўдападобнай з'яўляецца версiя прафесара В.П. Лемцюговай, якая лiчыць, што ў аснове назвы Грычына ляжыць уласнае iмя Грыч — варыянт царкоўнага праваслаўнага iмя Григорий. У старабеларускiх пiсьмовых крынiцах XVI стагоддзя гэта iмя адзначаецца ў вытворнай форме: «Гричинович Гаврило, Гричинович Иван, Гричинович Пётр».

На тэрыторыi Беларусi сустракаюцца яшчэ тры аднакаранёвыя назвы: Грычна, назва балотных масiваў у Лунiнецкiм i Салiгорскiм раёнах i вёска Грычынавiчы ў Жыткавiцкiм раёне Гомельскай вобласцi.

P.S. Шаноўныя чытачы!

Вас цiкавiць, што азначае назва горада, вёскi цi мястэчка, у якiх вы жывяце? А можа, той мясцовасцi, адкуль вы родам? Вам хочацца ведаць, адкуль пайшлi найменнi пэўных урочышчаў, лясоў, азёр, што размяшчаюцца ў вашай мясцовасцi? Тады дасылайце свае лiсты з пытаннямi на адрас: 220013, г. Мiнск, вул. Б. Хмяльнiцкага, 10а, газета «Звязда». Або па электроннай пошце: nina@zviazda.by з пазнакай «Родныя тапонiмы».

Загаловак у газеце: Грычына

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове.