Вы тут

З якімі думкамі моладзь ідзе ў каледжы


Нягледзячы на распаўсюджанае меркаванне, што без дыплома ВНУ сёння нікуды, моладзь ідзе вучыцца не толькі ва ўніверсітэты. Чым прываблівае сярэдняя спецыяльная адукацыя, расказваюць першакурснікі каледжаў Пінска.


Сямнаццацігадовая Ганна Віктаровіч прызнаецца, што вельмі баялася «праляцець» і не патрапіць у спісы залічаных на бюджэтнае навучанне. Але ёй пашчасціла, і цяпер яна першакурсніца медыцынскага каледжа.

— Калі падавала дакументы, арыентавалася ў першую чаргу на тое, што Пінск знаходзіцца недалёка ад майго дома — я з Івацэвіцкага раёна. Акрамя таго, наколькі мне вядома, пасля заканчэння гэтага каледжа па размеркаванні накіроўваюць на працу толькі ў межах Брэсцкай вобласці, а мне не хочацца ехаць у іншую, — дзеліцца Ганна.

Наперадзе ў дзяўчыны амаль два гады вучобы, і пра будучыню яна пакуль разважаць не бярэцца, але дапускае, што ў хуткім часе зноў можа стаць абітурыенткай. «Калі не хопіць ведаў, якія даюць у каледжы, то можна будзе пасля пайсці вучыцца завочна і пры гэтым працаваць, не губляючы час».

Насця Бенедзясюк паступіла ў Пінскі дзяржаўны каледж мастацтваў. Дзяўчына з васьмі гадоў была ўдзельніцай Кобрынскага цыркавога калектыву, часта выходзіла на сцэну падчас гарадскіх і раённых мерапрыемстваў, фестываляў і конкурсаў. Таму пасля школы ваганняў наконт выбару будучай прафесіі ў яе не было — Насця мэтанакіравана рыхтавалася да творчых іспытаў на спецыяльнасць «Народная творчасць (абрады і святы)».

— Галоўны плюс творчай прафесіі — яна заўсёды будзе прыносіць мне задавальненне, — выказвае сваё меркаванне дзяўчына. — Спадзяюся, што і падчас вучобы ў каледжы сумаваць не давядзецца.

Стас Неўдах у чэрвені скончыў установу прафесійна-тэхнічнай адукацыі ў родным Лунінцы.

— Паколькі паспяваў я добра, мне прапанавалі працягнуць вучобу па спецыяльнасці. Быў выбар: застацца ў сваім горадзе ці паехаць у суседні Пінск. Абраў другі варыянт, бо тут больш магчымасцяў цікава бавіць вольны час. Змагу займацца лёгкай атлетыкай і хадзіць на секцыі па баскетболе і валейболе, — кажа ўжо навучэнец Пінскага дзяржаўнага індустрыяльна-педагагічнага каледжа.

Спецыяльнасць Стаса — «Тэхнічнае забеспячэнне працэсаў сельскагаспадарчай вытворчасці» — ёсць і ў іншых каледжах. Аднак хлопец прынцыпова не хацеў ехаць у вялікі горад. На яго думку, у абласныя цэнтры і сталіцу заўсёды імкнецца шмат людзей, гэта значыць, што паступіць нават у каледж там больш складана. А вучоба — паўсюдна аднолькавая.

Стас не выключае, што ў будучым паспрабуе паступіць ва ўніверсітэт. Пасля каледжа гэта зрабіць прасцей і трапляеш адразу на трэці курс. «Але ўсё залежыць ад рынку працы. Пакуль у выпускнікоў ВНУ значна больш шанцаў на працаўладкаванне і далейшае развіццё кар'еры», — выказаў думку хлопец.

Пінчанка Ксенія Люкевіч паступіла ў Пінскі каледж УА «Брэсцкі дзяржаўны ўніверсітэт імя А.С. Пушкіна» пасля дзявятага класа. Дзяўчына выбрала спецыяльнасць, звязаную з замежнымі мовамі.

— Я разумею, што чым раней пачну атрымліваць прафесію, тым хутчэй пайду працаваць і зарабляць грошы. Параўнайце: я ўжо ў 19 гадоў змагу сябе забяспечыць, у той час як мае аднакласнікі толькі ў 22 гады скончаць універсітэты, — разважае Ксенія.

На гэтую ж спецыяльнасць паступіла Таццяна Шукала. Дзяўчына скончыла Патапавіцкую базавую школу ў Іванаўскім раёне, у якой з задавальненнем хадзіла на ўрокі нямецкай мовы.

— Па словах майго настаўніка, у мяне ёсць здольнасці, я маю добрае вымаўленне. Спадзяюся, што тут змагу пашырыць свае веды і ўдасканаліць навыкі, якія ў мяне ўжо ёсць. Пасля выпуску змагу працаваць у школе або, як варыянт, перакладчыкам. Але да гэтага яшчэ далёка — наперадзе чатыры курсы вясёлага студэнцтва!

Пажадаем першакурснікам, каб у іх залікоўках стаяла толькі «выдатна»!

Ганна Курак, студэнтка V курса Інстытута журналістыкі БДУ

Загаловак у газеце: Пачаць зарабляць раней за равеснікаў

Выбар рэдакцыі

Спорт

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

Інтэрв'ю з алімпійскім чэмпіёнам па фехтаванні.