Вы тут

PAULІNE: «Спяваю для душы. Але не ў душы!»


Яе сцэнічнае імя адразу прываблівае сваёй беларускасцю, нагадвае пра найстарэйшы спектакль Купалаўскага тэатра. «Paulіne», ці «Паўліна» — такі псеўданім узяла сабе і свайму гурту Паліна Цімохіна. Сёлета яны ўжо паспелі перамагчы ў конкурсе «Заспявай 3.0» у намінацыі «Спяваная паэзія», а летась сталі «Адкрыццём года» прэміі «Героі года». Усе яе песні, стыль якіх цяжка вызначыць, бо ён вагаецца ад папулярнай музыкі да блюзу, ад фолку да року, — выключна па-беларуску. У хуткім часе — узімку — гурт плануе выпусціць дэбютны альбом. А пакуль Паўліна спрабуе спалучыць працу і творчасць, адшукаць час і для асабістага жыцця, і для сяброў, спяшаецца, бяжыць па жыцці з думкай «Людзі, дзе вы?», якая ўвасобілася ў яе апошняй песні пра адзіноту ў вялікім горадзе занятага чалавека...


— З чаго пачынаўся гурт?

— Я вучылася ў музычнай гімназіі. За той час атрымала самы разнастайны вопыт: спявала ў фальклорным калектыве, у хоры, займалася акадэмічным вакалам, іграла на фартэпіяна. Першую песню напісала ў 13 гадоў. Менавіта тады адчула, што магу ствараць сама. Потым не раз выступала, але свае песні выконваць не даводзілася. Праект «Паўліна» з'явіўся ў 2013 годзе і быў выключна маёй ініцыятывай. На яго ішло і шмат сіл, і вялікая колькасць грошай. Праз нейкі час, калі ўжо напрацавала матэрыял і мне было што прапанаваць слухачам, стала шукаць музыкантаў, каб стварыць гурт.

Заўжды былі такія людзі, якія казалі: «у цябе нічога не атрымаецца»; «паслухай, нашто табе гэтыя музыкі?» Але ўсяго за паўгода атрымалася адшукаць аднадумцаў. У 2015-м адбылося наша першае сумеснае выступленне на фестывалі «Revolutіon Musіc Fest». З таго моманту нас сталі пастаянна запрашаць на канцэрты. Хутка і зусім нечакана сталі «Адкрыццём года». У пэўным сэнсе гэта быў аванс, які цяпер мы спрабуем апраўдаць.

— Адкуль такое веданне беларускай мовы, любоў да яе?

— Я па адукацыі журналіст. У школе да мовы ставілася вельмі прыхільна, а на факультэце журналістыкі БДУ значная частка дысцыплін выкладалася па-беларуску, нават тыя, якія не звязаны з мовай. І я атрымлівала сапраўдную асалоду ад таго, як на ёй размаўляюць выкладчыкі, ад яе мілагучнасці.

На жаль, у штодзённым жыцці ў мяне не атрымліваецца размаўляць па-беларуску, але на рэпетыцыях заўжды карыстаюся роднай мовай. Мяне нават аб гэтым просяць...

Беларускай мовы ў паўсядзённым жыцці сапраўды не хапае. Не толькі мне, але і ўсім нам. І я вырашыла выправіць гэты недахоп творчасцю. Калісьці паспрабавала напісаць песню па-беларуску і ўжо не змагла спыніцца. Так я прыйшла да мовы і любові да яе. Увогуле людзі вельмі станоўча ставяцца да твораў па-беларуску. Нядаўна напісаў мужчына з Архангельска, які сам з Беларусі, але жыве ў Расіі, што «вашы песні вяртаюць мяне на Радзіму».

— Калі анансаваліся адны з вашых першых песень, ты прапанавала слухачам шукаць не пэўны сэнс у трэках, а, хутчэй, настрой...

— Калі мы ствараем музыку, то не думаем пра тое, што ў нейкім радку схаваны глыбінны сэнс. Людзі задумваюцца пасля праслухоўвання таму, што іх кранула музыка ў спалучэнні са словамі. І ў гэтым спалучэнні і ёсць сэнс. Калі ён гарманічны, то выклікае настрой, які адкладаецца ў душы. І гэта выклікае думкі. Гэта галоўнае. Я не лічу сябе паэтам і мае творы далёкія ад ідэалу, але я музыка, які стварае музыку і тэкст да яе. Ёсць два розныя паняцці: паэт і паэт-песеннік. Я сябе адношу да другой катэгорыі.

— Апошняя кампазіцыя «Людзі, дзе вы?» вельмі хутка разляцелася па сеціве. Як думаеш, у чым сакрэт?

— Кажуць, што ў музыцы нельга зрабіць нешта на заказ. Гэта будзе не ад душы і не так прыгожа, як зробленае ў парыве. Песня была напісана толькі таму, што так было трэба. І для мяне стала шокам тое, што яна атрымалася ўдалай. Каб узяць удзел у конкурсе «Заспявай», трэба было пакласці верш сучаснага паэта на музыку і выканаць кампазіцыю. Сяджу я вечарам, гартаю старонкі ў інтэрнэце з рыфмаванымі радкамі і раптам трапляю на «Смутак горада» Ірыны Багдановіч. Прачытала — і музыка нарадзілася адразу. Мы звязаліся з паэткай: наша клавішніца Вераніка якраз вучыцца на філалагічным факультэце, дзе Ірына Багдановіч працуе. Яна была не супраць стварэння песні, хаця заўважыла, што рок ёй не зусім даспадобы. Калі даслалі канчатковы варыянт, адказу не атрымалі. Тым не менш, трэк запісаны, ужо ў ратацыі на радыё.

— Дзіўна, калі маладая і занятая дзяўчына чытае беларускую літаратуру...

— На самай справе на гэта зараз не заўжды хапае часу. Праца, курсы мовы, сям'я, сябры.

Усе кажуць, што сучаснае пакаленне не чытае. Але гэта не так. Мы чытаем іншае. Чытаем болей, але не мастацкую літаратуру, а цытаты і навіны ў сацыяльных сетках.

Да ўсяго трэба дарасці. І да якаснай літаратуры таксама. Больш за ўсё мне падабаецца беларуская літаратура мінулага і гэтага стагоддзяў. Напрыклад, «Любіць ноч права пацукоў» Юрыя Станкевіча. Таксама даспадобы Сяргей Даўлатаў, Антон Чэхаў, Мікалай Гогаль, Агата Крысці, Уладзімір Караткевіч. Янка Купала мне больш блізкі, чым Якуб Колас.

— Можаш вызначыць, у якім стылі працуеш?

— Мы не ставім сабе ніякіх абмежаванняў. Робім тое, што падабаецца. Але акрэсліваем стыль як поп-рок. «Поп» — ад слова «папулярны». У большасці нашы песні блізкія да гэтага азначэння, а не да андэграўнда. А «рок», бо карыстаемся яго элементамі. Але ў трэках можна адшукаць і фолк, і блюз.

— Ці ёсць ідэал, на які арыентуешся?

— У нас, беларусаў, ёсць дзіўная рыса: мы не можам паслухаць нешта новае — яго абавязкова трэба адразу з чымсьці параўнаць.

Тэрмінова патрэбна адшукаць аналаг у Расіі ці на Захадзе. Сама я слухаю разнастайную музыку і не спыняюся на адным напрамку. Нават рэп можа быць якасна выкананы і кранаць да слёз. Падабаецца «Rel1kt «, тое, што рабіў Алесь Кот-Зайцаў у гурце «Босае сонца», «Серебряная свадьба». Досыць прафесійна працуюць «Nіzkіz», «Мутнае вока», хаця аналагічную музыку  не слухаю. Некаторыя кажуць, што я падобная да Adele па энергетыцы, стылі, па невербальных рысах. Станоўча стаўлюся да «Океан Эльзи». Мне б хацелася гучаць, як яны.

— Як рэагуюць слухачы на вашы трэкі?

— У большасці ім падабаецца наша музыка. Але не ўсім. Калі атрымалі «Адкрыццё года», то адзін хлопец напісаў: «Вы што, з глузду з'ехалі, даваць прэмію «цёлцы» ў скураных штанах?» Менавіта ў іх я выступала. Але ў гэтым каментары няма ні слова пра нашу музыку ці тэксты, толькі пра мой знешні выгляд. Мы і зараз, смеючыся, згадваем гэта, калі я апранаю тыя штаны... Але абсалютная большасць водгукаў і ад слухачоў, і ад рэжысёраў станоўчая.

— Іх, напэўна, здзіўляе якасны вакал...

— Магчыма (усміхаецца). Часам мне падаецца, што зараз модна не трапляць у ноты. Здзіўляюся, калі члены журы прыходзяць у захапленне ад таго, як выканаўца экспрэсіўна пракрычаў тэкст. Гэта нешта новае раптам становіцца мэйнстрымам. Быць адукаваным музыкантам — не так ужо важна. Быць фрыкам — тое, што трэба.

— Што цябе натхняе пісаць?

— Нават магу дакладна згадаць, як нараджаліся пэўныя тэксты. «Маё мора» — калі была ў Паланзе на Балтыцы. Сядзела каля мора, а там было так холадна, глядзела ўдалечыню і раптам з'явіліся гэтыя радкі. Музыка прыйшла пазней — ужо ў Мінску. Песня «Навошта» нарадзілася ў той момант, калі я разыходзілася са сваім маладым чалавекам, несла цяжкія рэчы ў руках, і па дарозе дадому з'явіліся першыя чатыры радкі. Але часцей за ўсё вершы прыходзяць у ванным пакоі. Але я не спяваю ў ду́шы! (Смяецца). Напэўна, радкі пасылаюцца мне аднекуль з космасу.

Вераніка ПУСТАВІТ

pustavit@zviazda.by

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.