Вы тут

Зніжэнне попыту на другасным рынку сталіцы правакуе патанненне кватэр


Прыкладна з красавіка ў Мінску назіралася самая працяглая за апошнія пяць гадоў хваля пакупніцкай актыўнасці, у выніку якой на другасным рынку жылля быў пабіты дзесяцігадовы рэкорд па колькасці праведзеных здзелак. Аднак у верасні на гэтым сегменце рынку пачаўся незапланаваны «мёртвы сезон». Паводле інфармацыі аддзела аналітыкі аднаго буйнейшага са сталічных агенцтваў нерухомасці, колькасць заявак на куплю кватэр у верасні, у параўнанні са жніўнем, паменшылася на 20%. Зразумела, што гэта адмоўна паўплывала і на цэны самой нерухомасці.


«Хапун» скончыўся

Нагадаю, што напрыканцы лета прадаўцы, узрадаваныя ажыятажным попытам і зніжэннем канкурэнцыі (з рынку былі павымываныя самыя ўдалыя па спалучэнні цана-якасць аб'екты), нават злёгку паднялі цэны. Таму частка пакупнікоў вырашыла, што калі выбар скараціўся і цэны прапановы падраслі, значыць, гэта і ёсць цэнавае дно і больш нельга чакаць, а «трэба браць». Аднак такіх аказалася няшмат. Астатнія не захацелі плаціць даражэй, чым было ўчора. Таму з надыходам восені цэны ўжо больш не растуць, але масава і не зніжаюцца. Яны проста застылі ў нейкай нявызначанасці.

Нават сёння асобныя прадаўцы сталічнага жылля ўпэўнены, што цэны на кватэры павінны павялічвацца мінімум да снежня, як было ў мінулыя гады. На гэты конт намеснік дырэктара па продажы на другасным рынку жылля групы кампаній «Твая сталіца» Святлана Кудзелка адзначае, што ўласнікі кватэр відавочна забываюць пра асноўны рынкавы карэктар цэнаўтварэння — баланс попыту і прапановы. А гэты паказчык цяпер зусім не на карысць росту цэн. Пачынаючы з верасня паралельна са зніжэннем попыту на рынку адзначаецца і павелічэнне колькасці прапанаваных на продаж кватэр. Паводле інфармацыі экспертаў, на сярэдзіну кастрычніка іх колькасць ужо на 3% перавышае аналагічны паказчык актыўнага ў плане правядзення здзелак жніўня. Разам з тым, колькасць праведзеных у верасні здзелак зменшылася адразу на 14%.

Мінус 0,2% — толькі за тыдзень

Спецыялізаваны партал нерухомасці Realt.by падлічыў, што за верасень і першую палову кастрычніка колькасць выстаўленых на продаж кватэр павялічылася на 4,9%, што адпавядае прыкладна 300 жылым памяшканням. Усяго ў агульнай базе сталічнай прапановы знаходзіцца 6664 аб'екты жыллёвай нерухомасці. Толькі за мінулы тыдзень прапанова падрасла ажно на 1%, дзе больш астатніх павялічыўся сегмент аднапакаёвых кватэр (плюс 3,4%). Праўда, двухпакаёвых кватэр на рынку стала крыху менш.

Зніжэнне попыту прывяло да таго, што за мінулы тыдзень сярэднія цэны прапановы паменшыліся на 0,2%. У выніку гэтага індэкс цэн на кватэры ў Мінску спыніўся на мяжы ў 1209 долараў за квадратны метр. Нагадаю, што ў маі і чэрвені гэты індэкс меў свой мінімум у дыяпазоне 1160—1170 долараў за «квадрат».

Зніжкі — да 20%

Разам з тым, спецыялісты рынку нерухомасці раяць арыентавацца на цэны прапановы толькі часткова. Сёння, як ніколі, на рынку прысутнічае сапраўды гнуткі торг. Велічыня зніжкі, якая прадастаўляецца рэальным пакупнікам, можа часам дасягаць 20%. Напрыклад, пры першапачатковай цане кватэры ў 50 тысяч долараў рэальны цэннік пагаднення атрымаецца на ўзроўні 42 тысяч долараў. Аналітыкі сталічнага рынку падлічылі, што пры сярэднім кошце аднапакаёвай кватэры 45,3 тысячы долараў, мінімальны цэннік рэальнай здзелкі складае каля 30 тысяч долараў. Па сегменце двухпакаёвых кватэр такая разбежка ў цэнах будзе вагацца ад 57,5 тысячы да 38 тысяч долараў, па трохпакаёвых — ад 80,5 тысячы да 59 тысяч долараў.

«Бюджэтнікі» таннеюць у першую чаргу

Эксперты другаснага жыллёвага рынку Мінска правялі аналіз сярэдніх цэн квадратнага метра розных тыпаў кватэр менавіта па факце праведзеных здзелак у верасні. Самы дарагі «квадрат» аказаўся ў сучасных дамах ад 2000 года пабудовы палепшаных канструкцый (маналіт, каркас, блок) — 1335 долараў для аднапакаёвых кватэр і 1325 і 1285 долараў для двухпакаёвак і трохпакаёвак адпаведна. У свежых панэльных дамах (ад 2000 г. п.) квадратны метр кватэр ацэньваўся ўжо на ўзроўні 1155 долараў для аднапакаёвых кватэр, а для «двушак» і трохпакаёвак — 1120 і 1100 долараў.

Цэннік на квадратны метр у сапраўды «немаладых» дамах (1971—1999 г. п.) зніжаецца сёння ў першую чаргу. «Квадрат» такіх аднапакаёвых бюджэтных кватэр цяпер прадаецца за 1110 долараў, двухпакаёвак — за 1090, а трохпакаёвак — за 1040 долараў. Самы танны квадратны метр прапаноўваўся сёлета ў «хрушчоўках» і «брэжнеўках», які ў рэальных здзелках складаў ад 1050 да 950 долараў.

Зрэшты, не ўсе сегменты жылля паводзяць сябе аднолькава. Напрыклад, цэны на кватэры ў сучасных каркасна-блочных дамах ад 2009 года пабудовы сапраўды ўжо шосты месяц запар маюць невялікую, але станоўчую дынаміку. Але гэта тэндэнцыя ніяк не распаўсюджваецца на кватэры «старога» жылога фонду. Сёння нават «сталінкі» пачынаюць таннець.

І гэта яшчэ не ўсё. Аддзел эканомікі нашага выдання заўважыў адзін цікавы нюанс на другасным рынку сталічнага жылля. Намі разглядалася дынаміка змянення цэн прапановы ў разрэзе раёнаў сталіцы. Аказалася, што адразу ў шасці раёнах па выніках мінулага тыдня было адзначана зніжэнне цэн на кватэры. Тут максімальная карэкцыя назіралася ў Заводскім раёне, дзе цэны апусціліся ў сярэднім на 1%. Аднак у Кастрычніцкім, Маскоўскім і Партызанскім раёнах цэны прапановы працягвалі мінімальна павялічвацца. Пакуль павялічвацца...

Стабілізацыя першаснага рынку

Пачынаючы з сярэдзіны жніўня на сталічных новабудоўлях назіраўся рост цэн, якія за два месяцы прыплюсавалі больш за 3%. Аднак у кастрычніку сітуацыя змянілася і павелічэнне цэн спынілася. Сёння цана кватэр на першасным рынку стабілізавалася і трымаецца на ўзроўні 1170 долараў за квадратны метр. Эксперты рынку ўпэўнены, што арганізатары камерцыйнага будаўніцтва жылля і надалей будуць фарміраваць сваю цэнавую палітыку такім чынам, каб не адпалохваць патэнцыйных кліентаў. Бо апошнія могуць даволі хутка пераарыентавацца і на другасны рынак жылля.

Цэны ў рэгіёнах

«На жаль, у найбліжэйшы час для росту цэн на кватэры ў Беларусі няма і аб'ектыўных эканамічных перадумоў, — лічыць Святлана Кудзелка. — Даходы ў насельніцтва не растуць, а крэдыты па-ранейшаму масава недаступныя з-за высокай працэнтнай стаўкі. У наступныя некалькі месяцаў, пры захаванні бягучай эканамічнай сітуацыі, на рынку чакаецца стабілізацыя цэн прапановы, у той час як цэны здзелак з-за недахопу попыту могуць пайсці на зніжэнне».

Ужо традыцыйна па графіку Мінска, але з некаторым спазненнем вагаюцца цэны на жыллё і ў рэгіёнах. Так што і там не варта чакаць нейкага росту канчатковых цэннікаў, упэўнены спецыялісты. У першую чаргу гэта тэндэнцыя на патанненне тычыцца абласных цэнтраў краіны. Напрыклад, за мінулы тыдзень на 0,3% патаннелі кватэры ў Брэсце, дзе квадратны метр прапануецца цяпер за 743 долары, у Гродне — 753 долары (мінус 0,5%), у Гомелі — 621 долар (мінус 0,1%), у Магілёве — 610 долараў (мінус 0,5%), Віцебску — 589 долараў (без змен).

У тэму

На другасным рынку Масквы за мінулы тыдзень сярэдняя цана прапановы стандартных кватэр павялічылася на 0,1% і склала 2 773 долары за квадратны метр. У Кіеве такое жыллё за гэты час наадварот патаннела на 0,2%, сярэдні кошт «квадрата» стаў 1431 долар. На першасным рынку Кіева цана кватэр у доларавым эквіваленце знізілася яшчэ мацней (мінус 0,8%) і складае 845 долараў за квадратны метр.

Сяргей КУРКАЧ

kurkасh@zvіаzdа.bу

Фота Анатоля КЛЕШЧУКА

Загаловак у газеце: Суцэльнае зацішша

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Сёння распачынае работу УНС у новым статусе

Сёння распачынае работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек збяруцца, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.