Вы тут

Як захаваць нацыянальную пароду коней


З даўнiх часоў славяне 31 жнiўня, у дзень святых Флора i Лаўра, заступнiкаў коней, ушаноўвалi гэтых жывёл. У гэты дзень да iх ставiлiся па-асаблiваму: не выкарыстоўвалi нават для самай неабходнай работы, купалi, чысцiлi, запляталi каляровыя стужкi ў хвост i грыву. Людзi аддавалi данiну павагi каню за яго вернасць i нялёгкую працу. Сяляне заўсёды з павагай адносiлiся да яго, як да незаменнага памочнiка.


За­меж­ны госць — адзi­ны ў Бе­ла­ру­сi.

Цяпер гэтая жывёла працягвае выконваць тыя ж функцыi, што i ў мiнулым. Але ў святле навукова-тэхнiчнага прагрэсу людзi iмкнуцца цалкам механiзаваць рабочы працэс i такiм чынам палегчыць жыццё. На змену жывой сiле прыходзяць новыя сучасныя тэхналогii i паступова адбываецца знiжэнне ролi каня. У Беларусi на гэты момант атэставаны i працуюць 19 племянных сельскагаспадарчых прадпрыемстваў па конегадоўлi.

Каб даведацца, чым жыве гэтая галiна на Столiншчыне, я наведала ААТ «Палеская нiва», што знаходзiцца ў аграгарадку Рамель. Развядзеннем коней беларускай запражной пароды тут займаюцца з 1999 года. Iнiцыятыва стварэння племянной конефермы належала тагачаснаму старшынi гаспадаркi Мiкалаю Ажогу. У 2005 годзе экспертная камiсiя Мiнсельгасхарча пры правядзеннi атэстацыi вынесла заключэнне аб прысваеннi конеферме статусу племянной, бо яна адпавядала ўсiм параметрам i стандартам па вырошчваннi коней беларускай запражной пароды.

Пры­га­жун з кон­на­га за­во­да.

Мяне сустрэла заатэхнiк па конегадоўлi Марына Ярмолiч, якая паведамiла, што летась конеферме паднялi статус да коннага завода. «Мы займаемся гадоўляй запражной i верхавых парод коней: латвiйскай, тракененскай, гановерскай, якiя запатрабаваны нашымi спартыўнымi коннымi школамi i спартсменамi, якiя прыязджаюць i купляюць жывёл».

У «Палескай нiве» 145 коней. I iх даглядаюць усяго тры работнiкi. Калi браць норму нагрузкi ў племянной конегадоўлi, то на такое пагалоўе павiнна быць чалавек адзiнаццаць. «Браць большую колькасць работнiкаў эканамiчна не выгадна. Трэба плацiць грошы, а iх няма, — расказвае Марына Ярмолiч. — Не хочуць цяпер людзi працаваць з коньмi, неяк баяцца. У асноўным жанчыны працуюць. Не толькi ў нас, але i ў конных клубах, на заводах, фермах».

Конь... ся­дзiць!

У гаспадарцы берэйтарам-iнструктарам працавала дзяўчына, але яна пайшла ў дэкрэт. I зараз ёсць вакансiя, кiраўнiцтва актыўна шукае чалавека на гэтае месца. Але гэтая прафесiя запатрабаваная ў вялiкiх гарадах, а ў аграгарадкi, вёскi людзi не вельмi хочуць ехаць працаваць.

«Ды i продажы коней упалi, таму што ўсё больш пераходзяць на тэхнiку, — расказвае заатэхнiк. — У асноўным зараз iх трымаюць або зусiм адданыя фанаты, або пажылыя людзi, якiя ўсё жыццё рабiлi гэта. Як раней было: чым больш багатая гаспадарка, тым больш у ёй коней. Нашу ферму i да гэтых часоў абслугоўвае не тэхнiка, а дваццаць тры рабочыя конiкi. Гады чатыры назад мы падлiчылi, што гэта выгадней у трынаццаць разоў. У год выходзiць значная эканомiя сродкаў».

У «Палескай нiве» найбольш шматлiкай з'яўляецца беларуская запражная парода. Гэта адна з самых маладых парод, якая была выведзена на прасторы былога СССР i адзiная нацыянальная парода Беларусi. Афiцыйна зарэгiстравана ў 2000 годзе, але яе фармiраванне адбывалася на працягу доўгага часу яшчэ ў сярэдзiне ХIХ стагоддзя.

Парода цэнiцца за ўнiверсальнасць, працаздольнасць, арыгiнальнасць масцi, добры нораў i даўгалецце. Дарэчы, на заводзе была кабыла, якая ў 33 гады нарадзiла сямнаццатае жарабя.

Таксама на Палессi iснуе старажытная папуляцыя, якой шмат гадоў. Гэтых коней яшчэ называюць беларускiмi понi. Загадчык лабараторыi Рэспублiканскага навукова-практычнага цэнтра па жывёлагадоўлi Нацыянальнай акадэмii навук Беларусi Юрый Герман адзначыў: «У 2010 годзе мы выявiлi, што менавiта ў Брэсцкiм i Гомельскiм рэгiёнах яшчэ захавалася такая ўнiкальная папуляцыя коней, якая на сённяшнi момант налiчвае менш за сто галоў, — палеская. Яна бярэ свой пачатак ад абарыгенных, так званых лясных коней, якiя iснавалi на беларускай зямлi каля 200—300 гадоў назад».

На фес­ты­ва­лi ка­ня ў Ра­ме­лi.

На конным заводзе таксама ёсць прадстаўнiкi гэтай папуляцыi. Адзiн з iх — Алешнiк. Любы понi можа перавозiць груз у 20 разоў большы, чым вага самой жывёлiны. Конi адрознiваюцца вынослiвасцю, дабрынёй i паслухмянасцю. «Але гэтай папуляцыяй зусiм нiхто не займаецца, — паведамляе Марына Ярмолiч. — Апошнi манiторынг быў у 2010 годзе. I нi адзiн чалавек зараз дакладна не ведае, якая колькасць коней з папуляцыi iснуе на ўсёй тэрыторыi Беларусi».

Марына Юр'еўна — сапраўдны прафесiянал сваёй справы. Яна памятае iмёны ўсiх коней. Не толькi тых, што цяпер знаходзяцца на заводзе, а i тых, якiя тут нарадзiлiся за ўсе гады, i тых, якiх прадалi (апошнiх налiчваецца каля ста пяцiдзесяцi жывёл).

Спа­бор­нiц­твы ва­зоў.

Марына Ярмолiч расказвае, што племянная работа iдзе не так хутка, як хацелася б. «Конегадоўля Беларусi цяпер знаходзiцца ў цяжкiм становiшчы, нават крытычным. Гэтая тэма неаднаразова ўзнiмалася, але не развiвалася далей. У Беларусi засталося небагата фермаў па вывядзеннi племянных коней. У нас не зарэгiстравана нi адной афiцыйнай асацыяцыi Мiжнароднага саюза, якая б займалася гэтымi жывёламi. У нас ёсць спартыўныя конi, але мы едзем iх рэгiстраваць, вязём кроў на ДНК-тэсцiраванне ў Расiю, у Разань у Iнстытут конегадоўлi. У нас, напрыклад, ёсць кабыла тракененскай пароды, паходжанне якой прасочваецца па мiжнародных базах да 1764 года. Мы працягваем гэтую правiльную племянную работу i возiм усе тэсты ў Расiю. Калi гэта не рабiць, то ўсе нашы конi лiчылiся б беспароднымi. Калi па запражной яшчэ ёсць нейкi ўлiк, то па спартыўных конях, якiя нараджаюцца ўжо на тэрыторыi Беларусi, — няма. Гаспадары не клапоцяцца аб гэтым, таму што, у першую чаргу — дорага: аплата ДНК-тэста, аплата племяннога пасведчання, той самы праезд. I конi афiцыйна лiчацца беспароднымi, хоць гэта i не так».

Для папулярызацыi i захавання пагалоўя коней «Палеская нiва» ўжо некалькi гадоў праводзiць фестываль каня. Выстава пародзiстых жывёл, якiх прывозяць з розных куткоў Беларусi, спаборнiцтвы конных вазоў, коннае шоу — усё гэта арганiзоўвае гаспадарка. Нават адзiнага ў Беларусi каня-далмацiнца пароды кнабструпер можна было ўбачыць. Кiраўнiцтва завода стала прыцягваць i асабiстых уладальнiкаў жывёл да ўдзелу ў мерапрыемстве. Для гаспадароў гэта таксама цiкава — паказаць сябе, свайго каня, а таксама выйграць падарункi, атрымаць узнагароды. Мерапрыемства праводзiцца летам i кожны раз збiрае ўсё больш гасцей не толькi са Столiнскага раёна i суседнiх, але i са сталiцы.

Жыхары конезавода не адзiн раз станавiлiся пераможцамi конкурсаў. Сваiх коней супрацоўнiкi возяць па розных выставах. Летась, напрыклад, удзельнiчалi ў вiртуальнай выставе «Добры-кони Беларуси». Было прадстаўлена дваццаць дзевяць жывёл-удзельнiц. I жарабец Гепард з «Палескай нiвы» стаў абсалютным чэмпiёнам.

У пастанове Савета Мiнiстраў «Аб Рэспублiканскай праграме па племянной справе ў жывёлагадоўлi Рэспублiкi Беларусь на 2011—2015 гады» сказана, што конегадоўля не з'яўляецца вядучай галiной, але ўносiць iстотны ўклад у эканомiку краiны. Бо конь — незаменная жывёла пры выкананнi работ на прысядзiбных участках, у сельскагаспадарчых арганiзацыях. Таксама попыт на коней як на экспартны тавар, развiццё коннага спорту, турызму патрабуюць увагi да гэтай галiны. Гэта ўсё ў тэорыi, а на практыцы — iнакш. Недастатковасць увагi прыводзiць да паступовага скарачэння пагалоўя коней. I калi не вырашаць гэтае пытанне, то, напрыклад, адзiную беларускую нацыянальную пароду або коней палескай папуляцыi можна будзе ўбачыць толькi за мяжой або толькi ў музеях.

Марына ЛЯШКЕВIЧ,

Столiнскi раён

Загаловак у газеце: Стаўка на Гепарда

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.