Вы тут

Пенсіянеры Мінска абураюцца адключэннем праваднога радыё


Чарговыя заяўнікі з гэтай нагоды — жыхары сталіцы

Паважаныя супрацоўнікі рэдакцыі! Просім патлумачыць нам, пенсіянерам, і дапамагчы разабрацца ў пытанні: чаму адключылі радыё? Без папярэджання, без парады і пажаданняў тых, хто ім карыстаўся. І зрабілі гэта ў самае свята Дня пажылых людзей — 1 кастрычніка. Для нас радыё — гэта эліксір жыцця, аддушына. Мы з ім нарадзіліся, раслі і вучыліся працаваць, будаваць, перамагаць, моцна сябраваць і разумець адно аднаго. Цяпер мы проста адарваныя ад свету, знаходзімся ў разгубленасці... Спадзяемся, што вы нам дапаможаце.

Е.І. ФІДЗІРКА, Н.Г. КУЧЫНСКАЯ, Л.Г. КРАШЧОНА, г. Мінск

Упэўнена, што тысячы пенсіянераў абураюцца такім рашэннем, толькі многія ўжо не ў стане напісаць. Канешне, цяпер час камп'ютараў, але гэта для моладзі. А нам мілыя сэрцу ранейшыя песні, спектаклі, радыёпастаноўкі — усё, што мы слухалі па беларускім радыё. З ім мы засыналі і прачыналіся. Каштавала гэта капейкі. А цяпер ці шмат тых капеек у пенсіянераў?..

Ларыса Іосіфаўна ПАПОВІЧ, г. Мінск


Невыпадкова, што ўсе аўтары заяў — мінчане. І раней у рэдакцыю паступалі звароты грамадзян з адной пэўнай мясцовасці — адтуль, дзе ў бліжэйшы час планавалася або ўжо адбылося адключэнне праваднога радыё. У сталіцы яно сапраўды перастала працаваць з 1 кастрычніка. І гэта дата — не больш чым супадзенне з Днём пажылых людзей, паколькі графік адключэння быў зацверджаны Міністэрствам сувязі і інфарматызацыі яшчэ чатыры гады таму. У адпаведнасці з «Планам мерапрыемстваў па паэтапным адключэнні праваднога вяшчання на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь», на першым этапе да канца 2014 года такія работы праводзіліся ў раённых цэнтрах і сельскіх населеных пунктах краіны. 1 жніўня гэтага года правадное радыё было адключана ў Брэсце, Віцебску, Гродне і Гомелі. Да 1 кастрычніка гэта павінна было быць зроблена ў Магілёве і Мінску. Як бачна, нельга сказаць, што працэс адключэння быў раптоўным і адначасовым паўсюдна. І інфармацыя пра гэта перыядычна даводзілася да ведама грамадзян, у тым ліку і праз наша выданне.

Прычыны адключэння, думаецца, цудоўна ведаюць і самі нашы заяўнікі: меры прымаліся ў сувязі са зніжэннем колькасці абанентаў. Ды і тэхналогія прадастаўлення паслугі ўжо састарэла. Падтрымліваць у належным стане правадное радыё цяжка з-за таго, што вытворчасці некаторых дэталяў ужо няма. Канешне, па-чалавечы можна зразумець людзей, якія дзесяцігоддзямі прызвычаіліся слухаць любімае радыё, якое гучала круглыя суткі. Але ж, як слушна заўважае адзін з аўтараў пісьма ў рэдакцыю, «цяпер час камп'ютараў», іншымі словамі, жыццё не стаіць на месцы ў плане тэхнічнага прагрэсу.

Але самае, бадай, галоўнае, што трэба ведаць у тым ліку і нашым заяўнікам (і пра што, дарэчы, мы ўжо неаднойчы пісалі раней), — фактычна змянілася толькі тэхналогія дастаўкі інфармацыі да абанента, бо ўсе праграмы засталіся ў эфіры. Адключылі менавіта правадное вяшчанне, а не цалкам яго ліквідавалі. Альтэрнатыва правадному радыё — УКВ-прыёмнік. Дарэчы, нашы заяўнікі згадваюць, што раней абаненцкая плата за карыстанне радыёкропкай каштавала капейкі. А вось пры эфірным прыёме дадатковая плата за карыстанне радыёпрыёмнікам і трансляцыю праграм налічвацца не будзе. Па падліках спецыялістаў, аплата спажытай радыёпрыёмнікам электраэнергіі будзе меншай, чым абаненцкая плата за правадное вяшчанне. Да таго ж УКВ-прыёмнікі могуць працаваць не толькі ад пераменнага току, але і ад батарэек, што забяспечвае бесперабойны прыём праграм у выпадку адключэння электраэнергіі.

Сяргей РАСОЛЬКА

rs@zviazda.by

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».