Вы тут

Ларыса Александроўская, адзiнокая Кармэн беларускай сцэны


У пачатку мiнулага стагоддзя ў правiнцыйным Мiнску жыццё біла ключом: развiвалiся прамысловая вытворчасць, гандаль, чыгунка. У 1890 годзе быў пабудаваны i ўрачыста адкрыты Гарадскi зiмовы тэатр, дзе праходзiлi пастаянныя гастролi розных оперных труп. У кiнатэатрах «Iлюзiён» на Захар'еўскай i «Мадэрн» на Губернатарскай круцiлi першыя «блакбастары». У маi 1911 года ў горад прыязджаў знакамiты авiятар Утачкiн i кружыў у небе над Камароўкай... На гэтых мерапрыемствах нязменна прысутнiчала з дзецьмi адна маладая сямейная пара — Пампей Васiльевiч i Вольга Мiкалаеўна Александроўскiя.

Ён працаваў у чыгуначнай сферы i быў атлетычна складзеным, дужым мужчынам, весялуном. Пампей Александроўскi захапляўся руска-турэцкай i французскай барацьбой, цяжкай атлетыкай, уступiў нават у Мiнскае пажарнае таварыства, меў добры голас i спяваў у саборным хоры. Яго жонка была прыгажуняй, вельмi адукаванай жанчынай. У iх было шасцёра дзяцей.

Жылi яны дружна. Летнiмi вечарамi на вулiцы Правiянцкай, каля дома №9, часта гучала музыка: у кветнiк як найвялiкшая каштоўнасць выносiўся грамафон, прывезены Пампеем Васiльевiчам з Пецярбурга. Слухалi пласцiнкi — Шаляпiна, Давыдава, скрыпача Яна Кубелiка. А таксама непараўнальную Варвару Панiну з цыганскiмi рамансамi. Дома заўсёды былi балалайка, гiтара, мандалiна. Дзецi таксама цiкавiлiся музыкай, асаблiва маленькая Ларыса (яна была пятым дзiцем у сям'i). Вельмi хутка асвоiла балалайку, а потым — мандалiну...

Ларыса Пампееўна Александроўская нарадзiлася ў Мiнску ў 1904 годзе. У яе былi выдатныя вакальныя даныя. Як спявачка пачала выступаць з 1920 года ў трупе Галоўпалiтасветы Заходняга фронту. Музычную адукацыю атрымала ў Белмузтэхнiкуме. Вучылася ў студыi оперы i балета ў Мiнску. З 1933 года — артыстка Беларускага тэатра оперы i балета. Выконвала як сапранавыя, так i мецца-сапранавыя партыi. У час Вялiкай Айчыннай вайны выступала з канцэртамi на франтах, у шпiталях i партызанскiх атрадах. З 1951 года была адначасова i галоўным рэжысёрам Беларускага тэатра оперы i балета. У год ёй удавалася выпускаць па два прэм'ерныя спектаклi. З'яўлялася iнiцыятарам стварэння i нязменным старшынёй Беларускага тэатральнага таварыства (1946—1980, з 1976 — ганаровы старшыня). Ларыса Александроўская выбiралася кандыдатам у члены ЦК Камунiстычнай партыi Беларусi, была дэпутатам Вярхоўнага Савета СССР II—IV склiканняў. Памерла 23 мая 1980 года ў Мiнску. Пахавана на Усходнiх могiлках г. Мiнска.

У пачатку 1915 года, калi баявыя дзеяннi Першай сусветнай вайны сталi наблiжацца да Мiнска, сям'я Александроўскiх паехала ў Пецярбург. Ларыса вучылася з Надзеяй Алiлуевай, сябравала з Таняй i Адай Лiпкоўскiмi — сястрой i малодшай дачкой вядомай спявачкi Марыiнскага тэатра Лiдзii Лiпкоўскай. Першае наведванне оперы засталося ў памяцi Ларысы назаўжды — гэта была пастаноўка «Снягуркi» з удзелам той жа Лiпкоўскай у Марыiнцы. Тое, што ўбачыла Ларыса Александроўская, яе ўразiла: было гэтак велiчна i незвычайна, што ўяўлялася абсалютна нязбытным, нерэальным. I ўжо дома дзяўчынка ўзялася спяваць, гадзiнамi праседжваючы за пiянiна, якое з'явiлася ў iх кватэры. Бацька даў грошы на iнструмент, з дзецьмi займаўся пiянiст-выкладчык. Дома Ларыса спявала для гасцей.

У 1917 годзе маладая Александроўская пераходзiла ў апошнi клас гiмназii. Тым часам пачалася Лютаўская, а затым Кастрычнiцкая рэвалюцыя. Ларыса бегала да асабняка Кшэсiнскай слухаць Ленiна.

На адным з паэтычных вечароў у пачатку 1918 года Лора, якой толькi што споўнiлася 16 гадоў, спявала з сяброўкай дуэт Лiзы i Палiны з «Пiкавай дамы» Чайкоўскага. На вечарыне прысутнiчала вядомы пецярбургскi педагог-вакалiст Алена Сарна-Салаўевiч (былая салiстка Марыiнскага тэатра), яна i прапанавала Ларысе прыходзiць да яе i павучыцца вакалу. Урокi працягвалiся ўсяго два—тры месяцы — да канца навучальнага года. На экзамене, якi адбыўся ў пачатку чэрвеня 1918-га, прысутнiчалi запрошаныя салiсты Марыiнкi. Голас Александроўскай быў успрыняты камiсiяй як лiрыка-каларатурнае сапрана. Сярэбраны званочак — так называлi яе голас. Ларыса вырашыла заняцца сiстэматычна вакалам з восенi, паралельна вучачыся ў апошнiм класе гiмназii. Планы не ажыццявiлiся: пачалася грамадзянская вайна, а сталiцу перавялi ў Маскву. З'ехала ў Маскву i мацi, Вольга Мiкалаеўна. Ларыса з братам i сястрой адправiлiся да бацькi ў Архангельск.

Пошук шляху

Архангельск з'яўляўся буйным паўночным портам. Тут яны вымушаны былi застацца надоўга: горад апынуўся пад англiйскай акупацыяй. Ларыса рвалася ў Мiнск цi Маскву — да мацi: яна пайшла ў ваенную камендатуру i пераканала акупацыйныя ўлады ў тым, што ёй неабходна дабрацца разам з братам i сястрой да Мiнска. Галантны афiцэр не змог адмовiць у просьбе прыгожай блакiтнавокай дзяўчыне з доўгай русай касой.

Заканчваўся 1919 год. У Мiнску было трывожна i голадна. Александроўская пасяляецца на вулiцы Чырвонай, у доме яе дзядзькi, дзе будзе жыць да паступлення ў тэхнiкум. На гэтай жа вулiцы пройдуць i першыя гады замужжа, тут народзiцца сын. Зусiм побач, у раёне былога Конскага пляцу, збiралiся ўдзельнiкi Беларускай хаткi — клуба мастацкай iнтэлiгенцыi. Тут ставiлiся спектаклi Галубка, п'есы Чарота, рэгулярна бывалi Колас i Купала. Але Ларыса была на раздарожжы, не ведала, чым заняцца, куды падацца. I паступiла нарэшце на кароткатэрмiновыя настаўнiцкiя курсы пры Народным камiсарыяце адукацыi, на якiх рыхтавалi педагогаў для вёскi. Скончыўшы курсы, Александроўская адправiлася па прызначэннi ў Старыя Дарогi — вучыць дзяцей грамаце.

Вучыла нядоўга: пачуўшы, як спявае новая настаўнiца на адным з канцэртаў у гонар гадавiны рэвалюцыi, жыхары прасiлi спяваць яе яшчэ i яшчэ, а пасля канцэрта сталi хадайнiчаць, каб яе забралi назад, у Мiнск, вучыцца на сапраўдную спявачку.

Аднойчы на адным з выступленняў да яе падышоў незнаёмы мужчына i спытаў, цi не хацела б яна спяваць у тэатры. Гэта быў Змiцер Захар — вядомы ў будучынi дзеяч беларускай музычнай культуры, якi стварыў Беларускi дзяржаўны ансамбль народных iнструментаў. Першае ж выступленне Александроўскай у сольнай партыi вызначыла яе вядучае становiшча ў трупе. Акрамя тэатра, артысты павiнны былi працаваць у iншых установах на розных пасадах, бо тэатральнага заробку на жыццё не хапала.

Ларыса прапрацавала сакратаром гарадскога ваеннага камiсара аж да 1924 года. У гэтыя гады яна пазнаёмiлася са сваiм будучым мужам — Нiкандрам Мiхайлавым. Ён быў маладым камiсарам, выдатным выступоўцам, завочна вучыўся на юрыдычным факультэце ўнiверсiтэта, якi скончыў у 1924 годзе. Пазней ён працаваў пракурорам Вярхоўнага суда БССР. У мужа быў даволi добры голас — мяккi барытон, ён iграў на фартэпiяна i часцяком акампанiраваў Александроўскай. Яны пажанiлiся ў 1924 годзе, шлюб iх доўжыўся да 1931 года. Затым, ажанiўшыся другi раз, Мiхайлаў з'ехаў працаваць ва Уладзiвасток пракурорам Цiхаакiянскага флоту. А Ларыса выйшла замуж за Мiкалая Очкiна — ваеннага, якi быў даўнiм яе прыхiльнiкам (Нiкандр Мiхайлаў загiнуў у жнiўнi 1941 года, служачы на Балтфлоце).

Да пачатку 1920-х у Мiнску не было нi музычных школ, нi, тым больш, кансерваторыi. Адным з першых адкрыўся Музычны тэхнiкум у 1924 годзе. Яго дырэктарам стаў скрыпач i дырыжор Аркадзь Львовiч Бяссмертны, якi скончыў Пецярбургскую кансерваторыю. У лiку першых навучэнцаў музтэхнiкума была i Ларыса Александроўская. Яе педагогам стала Леанiда Баланеўская, якая скончыла Пецярбургскую кансерваторыю.

Потым Александроўская перайшла ў клас запрошанага з Кiева прафесара Цвяткова. Менавiта яго яна лiчыла сваiм галоўным педагогам. Ларыса валодала дзiўнай памяццю, лёгка завучвала доўгiя тэксты, магла дэкламаваць на памяць вершы, якiя ведала з дзяцiнства. А ў оперы не прызнавала суфлёра. Будучы любiмай вучанiцай Цвяткова, яна сама адчувала да яго гарачую прыхiльнасць. Арыстакратычныя манеры, старамодныя звычкi педагога, яго высокая патрабавальнасць да мастацтва выклiкалi ў Александроўскай глыбокую павагу, пакланенне.

Перад чацвёртым курсам яе i цымбалiста Стаса Навiцкага нечакана запрасiлi ў Маскву, а адтуль у лiку 27 артыстаў Савецкага Саюза — удзельнiчаць у Мiжнароднай музычнай выставе ў Франкфурце-на-Майне. Канцэртнае выступленне складалася з шэрагу асобных тэатралiзаваных карцiн, прысвечаных мастацтву розных народаў i аб'яднаных агульнай задумай, — руская карцiна, украiнская, беларуская, башкiрская, якуцкая... Поспех быў велiзарны. Гастролi скончылiся зiмой 1928 года.

У асабiстым жыццi ў Ларысы адбылася знамянальная падзея — у 1929 годзе ў яе нарадзiўся доўгачаканы сын Iгар. Тым часам у Мiнску, пры музычным тэхнiкуме, быў адкрыты спецыяльны двухгадовы клас з кансерваторскай праграмай.

Некаторы час работай опернага класа кiраваў Цвяткоў, а пасля яго ад'езду з горада — Антон Баначыч — блiскучы оперны спявак, якi скончыў Пецярбургскую кансерваторыю. Ён спяваў многiя партыi разам з Шаляпiным, працаваў пад кiраўнiцтвам Рахманiнава, дублiраваў рэпертуар Собiнава. У класе iшлi заняткi па ўсiх дысцыплiнах, у тым лiку па сцэнiчнаму майстэрству i нават мастацтву грыма. Былi пастаўлены два спектаклi — «Русалка» Даргамыжскага (1929), «Севiльскi цырульнiк» Расiнi (1930), перакладзеныя на беларускую мову.

Неўзабаве оперны клас быў рэарганiзаваны ў Беларускую дзяржаўную студыю оперы i балета. Студыя размяшчалася на вулiцы Кiрава ў адным пакоi, дзе адначасова тулiлiся ўсе салiсты, хор, балет i захоўваўся рэквiзiт, дэкарацыi, касцюмы, якiя, дарэчы, артысты шылi самi.

І. Ахрэмчык «Ларыса Александроўская», 1958.

Нараджэнне беларускай оперы

Падзея, якую так доўга чакалi, адбылася 23 мая 1933 года. Цёплым вясновым вечарам мiнская публiка ўпершыню iшла ва ўласны Беларускi тэатр оперы i балета на спектакль «Кармэн». Крытыкi i прэса захаплялiся «надзвычайнымі галасавымi данымi, чысцiнёй iнтанацый, вялiкай культурай, выдатнымi сцэнiчнымi магчымасцямi, свабодай манеры выканання, якiя вылучылi Александроўскую ў шэраг найлепшых артыстак Саюза».

У 1939 годзе на Траецкай гары быў узведзены грандыёзны тэатр-палац па праекце Iосiфа Лангбарда. Грандыёзныя маштабы сцэны патрабавалi новых дэкарацый i мастацкiх рашэнняў. Ларыса Пампееўна развучвала новыя партыi ў операх «Кветка шчасця» Туранкова, «Мiхась Падгорны» Цiкоцкага, «У пушчах Палесся» Багатырова. Балетная трупа рыхтавала нацыянальны балет «Салавей».

Прэм'ера оперы Цiкоцкага адбылася 10 сакавiка 1939 года. Александроўская захоплена выконвала партыю Марысi, рыхтуючыся да маючай адбыцца Дэкады беларускага мастацтва ў Маскве. Творчая садружнасць Ларысы Александроўскай i Яўгена Цiкоцкага, якая захавалася на ўсё жыццё, пачалася менавiта з гэтай оперы. У 1939 годзе артысты былi адзначаны першымi ганаровымi званнямi — заслужанымi артыстамi рэспублiкi сталi Балоцiн, Дзянiсаў, Друкер, Млодэк.

Першае ў гiсторыi беларускага музычнага тэатра званне народнай артысткi БССР было прысвоена Александроўскай. I тут жа яе ўключылi ў склад дэлегацыi ад рэспублiкi для прывiтання на днях Дэкады ў Маскве ў чэрвенi 1940 года. Прывiтанне павiнен быў зачытваць Янка Купала, але ён наадрэз адмовiўся. I тады агульным рашэннем гэта даручылi Ларысе Пампееўне. У зале прысутнiчалi Сталiн, Варашылаў, iншыя кiраўнiкi савецкай дзяржавы.

Раскошная Александроўская ў сваёй канцэртнай сукенцы пачала чытаць тэкст на рускай мове. I раптам пачуўся характэрны нягучны голас Сталiна: ад Беларусi трэба i чытаць па-беларуску. I Александроўская, не павёўшы брывом, тут жа прадоўжыла па-беларуску.

Аляксей Талстой пiсаў пра яркiя ўражаннi, якiя зрабiла на яго Александроўская з яе цудоўным голасам i велiзарным сцэнiчным талентам.

Сталiн у гэтыя днi прысутнiчаў у Вялiкiм тэатры як мiнiмум тры разы. Слухаў «Мiхася Падгорнага», «У пушчах Палесся» i грандыёзны канцэрт у гонар заканчэння Дэкады, дзе ў апошнiм нумары праграмы салiравала асляпляльная Александроўская ў раскошнай белай сукенцы.

Пасля канцэрта Ларыса Пампееўна была запрошаная да правадыра, i адбылася важная размова ў прысутнасцi членаў савецкага ўрада, першага сакратара ЦК КП(б) Беларусi Панамарэнкi. Яны выказалi ёй сваё непадробнае захапленне. За дэкадныя спектаклi прымадонна беларускай оперы была ўдастоена ордэна Ленiна, i ёй першай з беларускiх артыстаў прысвоiлi ганаровае званне народнай артысткi Савецкага Саюза.

На дарогах вайны

У чэрвенi 1941-га, як звычайна, у мiнскiх тэатрах закончыўся сезон, артысты сталi раз'язджацца — хто ў адпачынак, хто на гастролi. Драматычны тэатр iмя Янкi Купалы з пачатку месяца — на гастролях у Адэсе, артысты тэатра оперы i балета — хто дзе, многiя з'ехалi ў Крым, хтосьцi адправiўся ў Прыбалтыку. Александроўская нiкуды не паехала, засталася ў прыгарадзе Мiнска, Драздах. Там размешчаны ўрадавыя дачы, i ёй, як ардэнаносцу, лаўрэату i народнай артыстцы, выдзелiлi на лета пакой. Яна збiраецца туды ў пачатку чэрвеня разам з сынам Iгарам (яму ў гэты час было 12 гадоў) i сястрой. Муж Александроўскай, Мiкалай Аляксеевiч Очкiн, служыць у войсках супрацьпаветранай абароны i пастаянна ў раз'ездах па акрузе.

Сама Ларыса, яе брат i сястра разам з многiмi жыхарамi беларускай сталiцы вясной i ў пачатку лета 41-га ўдзельнiчаюць у суботнiках — мiнская моладзь будуе рукатворнае возера на Свiслачы за Старажоўскімі могiлкамi. Апошнi суботнiк праходзiць 21 чэрвеня, адкрыццё прызначана на нядзелю...

Тым часам 19 чэрвеня, у дзень, калi збiралiся паехаць на дачу, у Iгара здараецца прыступ апендыцыту. Хлопчыка экстранна аперыруюць у 2-й клiнiчнай бальнiцы (яна i цяпер стаiць на тым самым месцы). Даведка з гэтай бальнiцы захавалася ў архiве Александроўскай як памяць аб апошнiх мiрных днях i «прыгодах» першых тыдняў вайны.

22 чэрвеня — вайна, першыя налёты варожай авiяцыi. Ларыса бяжыць у бальнiцу да Iгара. Другi дзень вайны (i чацвёрты пасля аперацыi сына) праходзiць адносна спакойна, масiраваныя бамбардзiроўкi яшчэ не пачалiся, i многiя гараджане нават не верылi, што гэта — вайна, вайна сапраўдная i, на жаль, на нашай тэрыторыi. Мiнчане з цiкаўнасцю разглядалi нямецкiя бамбардзiроўшчыкi, якiя праплывалi ў небе, а калi савецкаму знiшчальнiку ўдавалася збiць хоць адзiн з iх, на вулiцах чулiся радасныя крыкi i нават апладысменты. Па ўспамiнах Александроўскай, усвядомленага пачуцця небяспекi яшчэ не было. 24-га ранiцай муж паспеў патэлефанаваць ёй дахаты, але дапамагчы ўжо нiчым не мог. У той жа дзень, у 9.40 ранiцы, на Мiнск быў здзейснены масiраваны налёт, у якiм удзельнiчала каля паўсотнi варожых самалётаў. За гэты дзень налёты паўтаралiся тройчы.

...Раскiданыя, як пушынкi, камянi, якiмi была выбрукаваная вулiца, на скрыжаваннi Савецкай i Урыцкага ляжаць перакуленыя трамвайныя вагоны, пераўтвораныя ў брацкую магiлу... У 3-м Доме Саветаў (дом, дзе жылi Александроўскiя) жанчыны i дзецi вырашылi схавацца ў падвале. Бомба, якая выбухнула побач, выклiкала пажар. Агонь перакрыў усе пад'езды i выхады. Там загiнула больш за 100 чалавек. Гарэў ад запальных бомб увесь горад, яго нiхто не тушыў.

У бальнiцы, куды здолела прабрацца па пылаючым горадзе Александроўская, яе сустрэў хiрург словамi: «Усе, хто можа, — уцякайце». А як iсцi, пяты дзень пасля аперацыi, швы яшчэ не знятыя. У накiдах сваiх успамiнаў шмат пазней Ларыса Пампееўна запiша: «Маглi сысцi толькi мы. Стары камунiст, якi ляжаў у палаце з пераломамi абедзвюх ног, i яшчэ адзiн хворы, той нават не прыйшоў у сябе пасля наркозу, вымушаныя былi застацца. Дапамагла сыну апрануцца, усталi i пайшлi. Урач даў на дарогу бутэльку з вiном — змазваць сыну вусны для падтрымання сiл, ды яшчэ шпрыц з ампулай — зрабiць укол, калi яму стане дрэнна. Што рабiць з гэтым шпрыцом, я не ведала, але ўзяла. Мiнск гарэў, налёты не спынялiся. Народ сыходзiў. Але куды iсцi?! У Маскву! Але як? Швы ў Iгара не знятыя, дакументаў няма, грошай таксама няма. На мне толькi лёгкая сукенка, французскiя туфлi на абцасах i... ордэн Ленiна (надзела на ўсялякi выпадак, сыходзячы ранiцай з дому)».

Забраўшы сына з бальнiцы, Ларыса Пампееўна адвяла яго ў бамбасховiшча i пакiнула са сваёй сястрой, а сама пабегла ў тэатр. Дырэктар тэатра Гантман падрыхтаваў для эвакуацыi супрацоўнiкаў два грузавiкi, для iх нават бензiн назапасiлi, але ў мiтуснi машыны бясследна знiклi.

Прытулак у тэатры не надта надзейны, i Ларыса Пампееўна, узяўшы з сабой Iгара, сястру Лiду i сына дырэктара тэатра Вiцю Гантмана, вырашыла перачакаць бамбёжкi на Татарскiх агародах за Свiслаччу. Але гэтае месца адкрытае, хоць i за гарадскiмі кварталамі. I тады яны ідуць у бок Старажоўкi, мiма iнфекцыйнай бальнiцы («мiма заразнай бальнiцы», як было напiсана ў адной з паштовак, дасланых пляменнiцы ўжо з Вялiкай зямлi) i далей у бок Смаленска.

За ноч, практычна без прыпынкаў, здолелi прайсцi каля 40 кiламетраў. Як успамiнала пазней Ларыса Пампееўна, «гадзiн у шэсць-сем нас падабрала грузавая машына з байцамi НКУС. Было вельмi холадна, таму што ноччу трапiлi ў балота, прамоклi. Потым машына з'ехала ў лес, а нас высадзiлi. Прайшло яшчэ некалькi гадзiн, i зноў пашанцавала, нас падабрала iншая машына з чырвонаармейцамi. Па дарозе раз-пораз спынялiся, хавалiся ў лесе ад нямецкiх самалётаў. Затым нас у чарговы раз высадзiлi — вайскоўцы адправiлiся на Бабруйск, а мы зноў пайшлi пешшу. Так дабралiся амаль да Смаленска, ужо басанож. Туфлi на абцасах — не абутак для далёкiх паходаў». Гэта было 27 чэрвеня.

Адтуль ужо цягнiком дабралiся да Вязьмы. Там стала вядома, што поезд пойдзе не ў Маскву, а ў абыход сталiцы, у Пензу. Александроўскiя застаюцца ў Вязьме — шукаць спосаб дабрацца да Масквы. Акрамя таго, па чутках, дзесьцi ў раёне Вязьмы стаiць часць, у якой служыць муж Ларысы Пампееўны.

Далей адбылося вось што. Ларыса Пампееўна паспрабавала знайсцi мужа. Яна сама распавядала пра гэта:

«Хадзiла па Вязьме басанож, у тонкай, не надта чыстай сукенцы з прыкручаным ордэнам Ленiна, i пыталася ў сустрэчных ваенных, якая часць тут стаiць i цi не ведаюць яны, дзе часць яе мужа (называла яе нумар). А тут яшчэ чуткi аб нямецкiх дыверсантах i дэсантнiках, i наогул абстаноўка, мякка кажучы, неспакойная... Словам, даволi хутка я апынулася ў камендатуры. А там адбылася такая размова.

 —Значыць, дакументаў няма? — з'едлiва пытаецца ваенны.

 —Няма.

 —Значыць, вы спявачка?

 —Спявачка.

 —Ордэн Ленiна ваш? Вы шукаеце мужа — ваеннага? Цiкавiцеся, дзе якiя часцi? I што — басанож пешшу з Мiнска? I нi грошай, нi дакументаў, толькi ордэн?..».

I ў тым жа духу даволi доўга. Але тут, як у старым савецкiм дэтэктыве, у кабiнеце з'яўляецца яшчэ адзiн «чын», слухае допыт, доўга глядзiць на Ларысу Пампееўну, потым кiдае афiцэру: «Пачакай хвiлiнку, я зараз вярнуся», — сыходзiць i вяртаецца з падшыўкай газет. У «Правде» за чэрвень 1940-га — i як яна там захавалася! — паведамленне аб Дэкадзе беларускага мастацтва ў Маскве i Указ аб узнагароджаннi Александроўскай ордэнам Ленiна, падпiсаны Калiнiным, i, самае галоўнае, яе партрэт. Вольная!

А далей камандзiры ўспамiнаюць, што ў 15.00 у Маскву адпраўляецца грузавiк з артыстамi МХАТа, якiя вяртаюцца з перапыненых гастроляў. Нехта з ваенных прымусiў Ларысу з хворым сынам сесцi ў эмку, саступiўшы сваё месца. У машыне дабралiся да Мажайска, але далей ехаць зноў нельга: дакументаў нiякiх па-ранейшаму няма. I ўсё ж нейкiм цудам удалося атрымаць у каменданта станцыi Мажайск даведку з дазволам праехаць у Маскву. Цягнiк з Мажайска ў Маскву iшоў чамусьцi праз Ржэў, але на гэта мiнскiя ўцекачы ўжо не звярталi ўвагi. Да вечара 28 чэрвеня дабралiся да маскоўскай кватэры сястры. Вось i ўсё. Усяго чатыры днi.

Ларысе прапанавалi часовую працу ў оперным тэатры Тбiлiсi альбо Алма-Аты. Перавага была аддадзена Казахстану. Усе артысты з Мiнска, якiя змаглi дабрацца да Масквы, пайшлi за Александроўскай. У вынiку ў Алма-Аце апынулася значная частка трупы. Да пачатку тэатральнага сезона Александроўская атрымала «баявое хрышчэнне» на савецка-кiтайскай мяжы, куды артысты тэатра выязджалi з канцэртамi. Ларыса ўсюды брала з сабой сына.

Спеўшы сваю праграму, з цiкавасцю слухала незнаёмых ёй артыстаў. На працягу сезона 1941-1942 гадоў у рускай трупе Казахскага тэатра працавала каля 25 беларускiх артыстаў. «Кармэн» з удзелам Александроўскай стала падзеяй тэатральнага сезона. Акрамя творчай дзейнасцi, Ларыса дапамагала калегам у многiх пытаннях — жыллі, працы, пераездах.

З мужам яе развяла вайна, у яго з'явiлася iншая сям'я.

У сталiцу вярнулiся ў 1942 годзе. Жылi нейкi час у гасцiнiцы «Метраполь», а неўзабаве пераехалi ў Горкi, дзе на базе Тэатра оперы i балета паступова сабралася беларуская трупа. У гэты ж час склалася i пастаянная франтавая канцэртная брыгада, у склад якой уваходзiлi Александроўская, Балоцiн, Дзянiсаў, Узунова, Хiраска. Выступалi ў вайсковых клубах i шпiталях, непасрэдна на баявых пазiцыях. Унiкальныя кадры кiнахронiкi ТАСС — дзе Александроўская выступае з бранi танка («выпьем за Родину, выпьем за Сталина...») — абышоў экраны ўсiх кiнатэатраў Савецкага Саюза. Шмат даводзiлася спяваць Ларысе i ў Маскве. Нi адзiн урадавы канцэрт не абыходзiўся без артысткi.

Спявачка блiскуча выступiла ў Горкiм у спектаклi «Кармэн», пастаўленым маладым Барысам Пакроўскiм. Рэжысёр мяняў дзеля Александроўскай мiзансцэны, а прымадонна вельмi ўважлiва i старанна выконвала ўсе ўказаннi. Пакроўскi ўспамiнаў пасля, што атамны зарад, якi далятаў да актрысы нават на рэпетыцыi, патрабаваў разрадкi, але праца ў iх iшла без усялякiх спрэчак. Бо акцёр сваiм ключом адкрывае рэжысёрскiя магчымасцi. Iх сяброўства працягвалася потым усё жыццё. Вельмi важная падзея адбылася таксама ў Горкiм: у самы разгар вайны трое энтузiястаў — кампазiтар Яўген Цiкоцкi, паэт Пятрусь Броўка i спявачка Ларыса Александроўская — прыдумалi оперу, якая славiла будучую перамогу. Опера «Алеся» была цалкам скончана ў 1943 годзе.

Масква. Канцэртная зала імя П. І. Чайкоўскага.  А. Нікалаева, Л. Александроўская, С. Дрэчын.  18 мая 1942.

Зноў у Мiнску

Пасля вызвалення сталiцы рэспублiкi ўлетку 1944-га трупа вярнулася ў тэатр. Горад ляжаў у руiнах. У тэатры — канюшня. Святла няма. Цяпла таксама. Артысты жывуць у ацалелых грымёрных пакоях. Але iдзе падрыхтоўка да адкрыцця сезона. Пакроўскi i мастак Нiкалаеў, пакiнуўшы свае кватэры ў Маскве, прыехалi ў Мiнск дзеля працы над спектаклем «Алеся». Прэм'ера адбылася 24 снежня 1944 года ў памяшканнi Дома Чырвонай армii.

Александроўская была накiравана з вельмi адказным даручэннем у Парыж у Мiжнародную дэмакратычную федэрацыю жанчын. На чале таварыства стаяла Эжэн Катон, удзельнiца французскага руху супрацiўлення фашызму, вядомы вучоны-фiзiк. Падчас работы кангрэса Александроўскай даводзiлася шмат спяваць. Паездак было многа. Была запамiнальная паездка ў Англiю савецкiх жанчын для ўдзелу ў святкаваннi Мiжнароднага жаночага дня 8 сакавiка.

Але асноўнае жыццё праходзiла ў родным тэатры. Пачынаючы з 1946 года Александроўская сiстэматычна абiралася ў вышэйшыя органы дзяржаўнай улады, была дэпутатам, шмат дапамагала людзям.

Здавалася, ладзiцца ўсё. Толькi ў асабiстым жыццi Ларыса была не надта шчаслiвая: «Цяпер, сустрэўшы чалавека, пакахаўшы яго, я зразумела гэта пачуццё, — напiсана ў дзённiку ў лютым 1946 года. — Мне радасна, я магу аддаць усе даброты свайго жыцця за шчасце быць разам. Але кахаць яго, быць з iм, думаць пра яго, жыць з iм — я не павiнна. Нельга! Чаму, калi такое пачуццё прыйшло да мяне, чаму я павiнна яго хаваць, знаходзячы выхад толькi ў песнi, не могучы нi з кiм падзялiцца? Але я люблю. Ведаю, i ён любiць — моцна, моцна! Веру яму, а любiць не магу, не маю права. Так вырашылi мы. Супраць сябе...»

Хто быў гэты чалавек — дакладна невядома. Ёсць толькi здагадкi...

Упершыню на старонках свайго дзённiка Ларыса Пампееўна згадвае пра сваю таямнiцу ў 1946 годзе, калi ўсенародна i пампезна адзначалася 25-годдзе творчай дзейнасцi лаўрэата Сталiнскай прэмii, першай народнай артысткi СССР у Беларусi. Урачыстасцi праходзiлi два днi! У першы дзень Александроўская выступiла ў оперы «Кармэн». На наступны дзень адбылося ўшанаванне артысткi ў Доме Чырвонай Армii. У прэзiдыуме сядзела ўсё кiраўнiцтва ЦК партыi i Саўнаркама Беларусi на чале з Панамарэнкам! Александроўскай падносiлi падарункi ад Вялiкага тэатра СССР, ад МХАТ... Ад Саюза мастакоў БССР вынеслi партрэт алеем, потым — нацюрморт, а яшчэ фарфоравую вазу з партрэтам юбiляркi. Ад Саюза кампазiтараў — радыёпрыёмнiк. Нават абласной каапсаюз i той адзначыўся: паднёс спявачцы прыгожы люстраны трэльяж. На кiнастудыi быў падрыхтаваны фiльм пра Александроўскую. Яе iмя менавiта тады было прысвоена Музычнай школе №1. Нарэшце ў распараджэнне спявачкi ўрадам рэспублiкi была прадастаўлена легкавая машына. Выйшаў спецыяльны нумар «ЛiМа» — з залатым шрыфтам!

Усё, здавалася б, добра. Але...

«Застаўшыся адна, я заўсёды адна! Мне не хапае толькi аднаго. Аднаго! Я плакала. Хацелася жывога слова... Хацелася толькi прыцiснуцца на хвiлiнку, зазiрнуць у вочы... Я прамяняла бы ўсё на простыя чалавечыя адносiны. Няўжо ўсе гэтыя ўшанаваннi заменяць мне пустое месца ў жыццi? Залечаць рану, што балiць? Не!.. Мне хочацца кавалачак асабiстага шчасця! Няўжо я яго не вартая?»(з запiсу ў дзённiку).

Дык хто ж ён? Мiкалай Аўхiмовiч — сакратар ЦК, дэпутат Вярхоўнага Савета, адзiн з арганiзатараў партызанскага руху ў Беларусi; Панцеляймон Панамарэнка — старшыня рэспублiканскага Саўмiна, або Мiкалай Патолiчаў — першы сакратар ЦК? А магчыма — Мiкалай Абрасiмаў — у той час першы намеснiк Старшынi Савета Мiнiстраў БССР, а надалей — выдатны савецкi дыпламат, пасол СССР у Францыi, ГДР, Малагасiйскай Рэспублiцы, Японii?..

Пачатак 1950-х гадоў адзначыўся важным паваротам у жыццi Александроўскай: працягваючы спяваць у спектаклях, яна захапiлася рэжысёрскай дзейнасцю, а ў 1951 годзе была прызначаная галоўным рэжысёрам i мастацкiм кiраўнiком тэатра. Ларыса Пампееўна паставiлася да гэтага з найвялiкшай адказнасцю.

Прыняла рашэнне атрымаць спецыяльную рэжысёрскую адукацыю, паступiла ў ГIТIС на завочнае аддзяленне. Як рэжысёр яна паставiла «Запарожац за Дунаем», «Цiхi Дон», «Страшны двор» Манюшкi i iншыя творы. З 1951-га па 1955-ы Александроўская выпускала спектаклi штогод. Акрамя «Русалкi», яна ажыццявiла пастаноўку оперы «Мазепа» Чайкоўскага, затым — «Барыса Гадунова» Мусаргскага. Смела выбудоўвала маштабныя сцэны ў «Аiдзе», «Алесi», «Надзеi Дуравой». Разам з рэжысёрам Любiмавым Александроўская паставiла «Травiяту», «Трубадура». Жыццё праходзiла ў напружанай, цяжкай творчай працы. Здароўе было на мяжы. Але спынiцца яна магла.

З 1946 года Ларыса Александроўская таксама ўзначальвала Беларускае тэатральнае таварыства i заставалася на гэтай пасадзе да канца жыцця. Памерла актрыса 23 мая 1980 года ў ўзросце 78 гадоў i пахавана ў Мiнску на Усходнiх могiлках.

Анатоль СЛАНЕЎСКI

slaneuski@zviazda.by

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».