Вы тут

Карысная “цэгла”


У старадаўніх рукапісных падручніках адзначалася, што “воск змякчае ўсе болькі і на цяжар грудзей пасабляе з маслам фіялкавым прыкладаючы, скулы і месца зводзіць, жылы і раны размякчае”. Сярэдневяковы лекар Авіцэна рэкамендаваў ужываць воск у якасці сродку, які павышае лактацыю малака ў кормячых жанчын, змякчае кашаль, аказвае адхарквальнае дзеянне. Сучасная навука пацвярджае, што воск пчаліных сотаў валодае выдатнымі лекавымі ўласцівасцямі. І сёння ён шырока ўжываецца ў фармацэўтычнай і парфумернай прамысловасці.

Усе колеры золата

Гэты прадукт пчалярства – асноўны, амаль адзіны будаўнічы матэрыял пчалінага гнязда. Ён выдзяляецца асаблівымі васковымі залозамі пчол. З яго насякомыя будуюць соты, куды складваюцца прадукты – мёд, пярга, пылок, дзе выводзіцца будучае пакаленне пчол – расплод.

Хімічны састаў воску значна вагаецца і залежыць ад пароды і харчавання пчол, умоў здабывання воску і інш. У яго склад уваходзяць каля 300 розных рэчываў, і ў першую чаргу гэта складаныя эфіры (іх аб’ём дасягае 75%), вуглевадароды, свабодныя тлустыя кіслоты, араматычныя рэчывы, вада, мінеральныя і іншыя рэчывы.

Колер воску (ад белага да жоўта-бурага) залежыць ад фарбуючых рэчываў, якія пераходзяць у яго з пропалісу і пылку, а афарбоўка – ад якасці васковай сыравіны. Цікава, што, калі кветка дае мёд светлага колеру, воск абавязкова будзе цёмны, і наадварот. Араматычныя рэчывы пераходзяць у воск у асноўным з мёду, гэта значыць з тых раслін, з якіх пчолы збіралі нектар.

Воск – вельмі ўстойлівае рэчыва і можа захоўвацца на працягу сотняў гадоў, не губляючы сваіх уласцівасцяў. Так, у старажытных егіпецкіх пірамідах знаходзілі кавалкі воску, якія захавалі свае якасці і па сённяшні дзень.

Змякчае і сагравае

Вядома, што пчаліны воск адносіцца да складаных рэчываў, склад якіх нават у нашы дні не цалкам высветлены, валодае высокімі бактэрыцыднымі ўласцівасцямі. Такія яго якасці, як мяккасць, пругкасць, нізкая тэмпература плаўлення, пластычнасць, нерастваральнасць у вадзе выкарыстоўваюцца ў многіх касметычных і фармацэўтычных прэпаратах. У трактаце “Фармакапея Іспана” (1817) воск рэкамендавалі для вырабу 17 мазяў і 25 прэпаратаў. Знакаміты рымскі прыродазнавец Пліній пісаў, што “ўсе сарты воску валодаюць уласцівасцямі змякчаць і саграваць, а таксама спрыяюць абнаўленню цела; свежы воск лічыцца самым карысным”. Гален прапанаваў ахаладжальную мазь, якая дайшла да нашых дзён пад назвай “кольдкрэм” – яе асновай таксама з’яўляецца воск.

Фота Анатоля Клешчука

Воск, ды не той?

З-за шырокага ўжывання воску ў медыцыне, прамысловасці, пчалярстве і адначасова яго вялікага кошту некаторыя прадаўцы гэтага цудоўнага прадукту фальсіфікуюць яго. Дзеля гэтага выкарыстоўваюцца парафін, цэразін, тэхнічны воск з нафты, стэарын. Якія ж асаблівасці мае натуральны пчаліны воск?

Вось гэты спіс:

● колер можа быць белым, светлажоўтым, карычневым і нават чорным, часам з ружовым адценнем;

● водар мядовы альбо нагадвае пах пропалісу;

● зліт воску не мае ўвагнутасці (упадзіны) па цэнтру;

● кавалак лёгка расколваецца пры ўдары малатком;

● паверхня на месцы разлому кавалка матавая і зярністая;

● пры награванні не змяняе колер;

● пры разжоўванні не прыліпае да зубоў;

● пры размінанні ў руках робіцца пластычным і не пакідае тлустых слядоў;

● тоне пры тэмпературы 20°С у спірце;

● тэмпература плаўлення рэчыва – ад 60 да 70°С.

Веданне пералічаных прыкмет натуральнага воску значна знізіць верагоднасць набыцця няякаснага фальсіфікату.

Васіль КАВАЛЕЦ, старшыня салігорскага міжраённага аб’яднання “Бортнік”

 

Рэцэпты здароўя

Гаймарыт. Падагрэць 20 г воску на вадзяной лазні, дадаць 2 ст. лыжкі парашку травы крываўніка, змяшаць, астудзіць да тэмпературы 38-40°С, нанесці пластамі на вобласць праекцыі гаймаравых пазух і на корань носа, накрыць махрыстай сурвэткай і паляжаць 15-20 хвілін. Акуратна зняць воск. Скуру, дзе знаходзілася лячэбная маска, расцерці тонкім слоем в’етнамскага бальзаму “Зорачка”. Працэдуру паўтараць 1-2 разы на дзень 3-5 дзён.

Юнацкія вугры. Узяць 10 г белага воску, 1 ст. лыжку парашку травы падтынніку, 2 cт. лыжкі персікавага алею і 1 ч. лыжку гліцэрыны. Усё падпаліць на невялікім агні, памешваючы драўлянай палачкай, астудзіць і выкарыстоўваць як ачышчальны крэм.

Парадантоз. У воск дадаць 10-працэнтны спіртавы (аптэчны) экстракт пропалісу з разліку 1 ч. лыжка экстракту на 50 г воску. Жаваць па 10-12 хвілін пасля яды 3 разы на дзень. Курс – два тыдні.

Мазалі і падэшвенныя бародаўкі. Узяць 30 г пчалінага воску і 50 г пропалісу, падагрэць на вадзяной лазні, дадаць 2 cт. лыжкі бруснічнага соку, 1 ст. лыжку соку цытрыны і 3 cт. лыжкі парашку травы мелісы. Змяшаць і змясціць у шкляны або фарфоравы посуд, захоўваць пры хатняй тэмпературы. Наносіць на мазалі, натоптышы і падэшвенныя бародаўкі на 20-30 хвілін, умацоўваючы лячэбную масу павязкамі з сеткаватым бінтам або лейкапластырам. Не забывайцеся перад кожнай працэдурай добра распарыць ногі ў содавай вадзе.

Бранхіт курыльшчыкаў. Узяць 30 г белага воску, дадаць 1 ст. лыжку гарэлкі, 3 ст. лыжкі адвару цыбулі рэпчатай (цыбуліну сярэдніх памераў памыць, заліць вадой у невялікай ёмістасці, дадаць сталовую лыжку цукру і варыць на павольным агні 30-40 хвілін, астудзіць). Усё падагрэць, старанна размяшаць, прымаць па дэсертнай лыжцы 3 разы на дзень і на ноч на працягу месяца.

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове.