Вы тут

1 кастрычніка ў Беларусі прайшла традыцыйная акцыя «Зробім!»


Гэтай восенню ў акцыі прынялі ўдзел жыхары з 35 вялікіх і малых населеных пунктаў Беларусі (Мінск, Брэст, Мазыр, Баранавічы, Слонім, Ветка, аграгарадок Прылукі, Сеніца і іншыя). Добраўпарадкаванне таксама прайшло каля возера Нарач, на Сарачанскіх азёрах у Астравецкім раёне, у заказніках «Блакітныя азёры» і «Швакшты» ў Віцебскай вобласці.


Экаатрад

Акцыю каардынаваў аргкамітэт, у які ўваходзяць «Цэнтр экалагічных рашэнняў», таварыства «Зялёная сетка», фонд «Інтэракцыя», грамадская арганізацыя «Мінскае веласіпеднае таварыства». Апошняя ў гэтым годзе акцыя прайшла пры падтрымцы Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя, а таксама Міністэрства жыллёва-камунальнай гаспадаркі.

У рамках акцыі ў аграгарадок Сеніца прыехалі навесці парадак каля 50 добраахвотнікаў (некаторыя нават з дзецьмі) ад цэнтра экалагічных рашэнняў, Мінпрыроды, ЖКГ, а таксама арганізацый, падпарадкаваных Мінпрыроды.

Вясной гэта месца ўжо прыбіралі, для многіх такая работа была паўторам папярэдняй. Пасля лета ў ваколіцах сабралася шмат смецця, якое пакінулі адпачывальнікі.

Мінулая акцыя «Зробім!» прайшла 9 красавіка гэтага года, у ёй прынялі ўдзел больш за 20 тысяч чалавек з 43 населеных пунктаў. Па папярэдніх падліках валанцёры на акцыі 1 кастрычніка прыбралі з лясоў і зялёных зон у гарадах каля 130 000 літраў смецця. Такім чынам, за год добраахвотнікі «Зробім!» сабралі 690 000 літраў смецця.

Арганізатары настойваюць на тым, што падобныя акцыі трэба праводзіць часцей, чым два разы на год. Для гэтага на карце акцыі «Зробім!» заўсёды можна знайсці месцы, якія патрабуюць навядзення парадку, а ўжо арганізаванае прыбіранне можна адшукаць у адкрытым спісе, які абнаўляецца анлайн.

Слова міністра

У акцыі ўзяў удзел міністр прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Андрэй Каўхута. Андрэй Марленавіч не толькі сам збіраў смецце, але і паспеў пакантактаваць з мясцовымі ўладамі — абмеркаваў пытанні навядзення парадку на зямлі.

— Мінпрыроды мае кампетэнцыю кантролю за выкананнем мерапрыемстваў, звязаных з навядзеннем парадку на зямлі. Нашы спецыялісты рэгулярна ўдзельнічаюць у такіх акцыях, а я разам з імі. Сваімі дзеяннямі мы паказваем прыклад грамадзянам.

Міністр нагадаў, што за выкідванне смецця паблізу дамоў і на тэрыторыі лесу, возера існуе адміністрацыйная адказнасць. Тым не менш, узнікаюць складанасці з ідэнтыфікацыяй «смеццевых зламыснікаў»: аштрафаваць кожнага, хто кінуў пластыкавую бутэльку, немагчыма.

У акцыі прымалі ўдзел прадстаўнікі ЖКГ, у чые непасрэдныя абавязкі ўваходзіць і навядзенне парадку, і кантроль за яго выкананнем. Міністр звярнуў іх увагу не толькі на адходы, але і на вялікую колькасць зламаных, аварыйна небяспечных галін на тэрыторыі (наступствы ліпеньскага ўрагану дагэтуль бачныя). Каб іх ліквідаваць, неабходна цяжкая тэхніка і прафесійныя рабочыя.

Здавалася б, сёння кожнае дзіця ведае, што смеціць нельга. Рэклама па тэлебачанні гаворыць нам пра тое, як трэба выкідваць шкло, паперу і пластык. Экалагічныя выданні і інтэрнэт-парталы пастаянна паўтараюць аб праблеме адходаў. Вялікую работу праводзяць актывісты экаруху. У чым жа прычына такога глабальнага «свінства» беларусаў на прыродзе? На маю думку, абыходжанне з адходамі — паказчык культуры насельніцтва. А яе ў нашай краіне, нягледзячы на ўсе намаганні, вельмі мала. І акрамя цудоўных беларускіх восеньскіх пейзажаў мы вымушаны любавацца бруднымі піўнымі бутэлькамі і мятымі пакетамі.

«Зробім!» — частка сусветнага руху «Let`s Do Іt!», які аб'ядноўвае 113 краін і 16 млн валанцёраў. Яго ўдзельнікі прыбіраюць месцы, дзе ўтварыліся стыхійныя звалкі: зоны адпачынку ў гарадах, лясы, пляжы, берагі вадаёмаў.

Вольга Пралюк

pralyuk@zviazda.by

Выбар рэдакцыі

Грамадства

На Гомельшчыне актыўна развіваюць валанцёрскі рух

На Гомельшчыне актыўна развіваюць валанцёрскі рух

Форма сацыяльнай актыўнасці падлеткаў.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».