Вы тут

Клубок нітак


Вольга Манушарава

нарадзілася 14 сакавіка 1995 года ў Гродне. Атрымала дзве адукацыі: вышэйшую эканамічную (магістр эканамічных навук) і сярэднюю спецыяльную (арт-дызайнер, мастак). Працуе дызайнерам. Грае на гавайскай гітарцы, піша прозу, малюе, акторствуе, трошкі пяе. Перыядычна ўдзельнічае ў валанцёрскіх праектах, адным з якіх стаў “Чараўнікі”. У межах гэтага праекта ўтварала напоўненыя чарамі гісторыі – спецыяльна для жыхароў дзіцячага хоспіса, ды і для дарослых – таксама.



Клубок нітак

- Як па-вашаму, ці здараюцца ў жыцці супадзенні? Па мне, дык наўрад ці. Магчыма, у іншым сусвеце, але не ў гэтым. У гэтым нічога не бывае выпадковым. Чараўніцтва бывае розным. Таямніца ў тым, што людзі не бачаць яго. Адны таму, што не хочуць, іншыя – таму што дужа занятыя для падобных глупстваў. Але не там, куды я вяртаюся думкамі. Там чараўніцтва было паўсюдна. Сплеценае, літаральна сплеценае, у агромністы рознакаляровы клубок. Яго ніткі абвіваліся сярод гарадскіх дарог, мастоў і арак. Весь горад быў аплецены імі. Людзі таксама. Людзі ў гэтым горадзе нараджаліся з клубкамі замест сэрцаў. У той час, калі маленькі чалавечак з’яўляўся на свет, у яго грудзях пачынаў разгортвацца клубок. Моцная нітка звязвала яго са сваякамі, з роднай хатай, з будучымі знаёмымі. Клубок разгортваўся сам па сабе. Нітка апутвала вуліцы, двары, дамы, людзей… Гэта доўжылася, пакуль клубок не знікаў. А калі маленькі чалавечак рабіў свой першы крок, пачынаўся зваротны ход гэтай чароўнай ніткі, яе вяртанне. Гэтак першы крок рабіўся першым вітком клубка ў грудзях. Гэта быў свет без нявызначанасці. Усе жыхары ведалі з самага нараджэння, што і як трэба рабіць, куды ісці і чым займацца. Кожны яскрава бачыў сваю нітку, але не астатнія. Гэта задавальняла ўсіх, бо ніхто не памятаў тых далёкіх часоў, калі ў людзей не было клубкоў замест сэрцаў.

Чараўніцтва бывае розным. Яно ў стане прынесці нават шкоду, калі трапляе ў кепскія рукі. Падобнае адбылося і з гэтым горадам. Калісьці тут усё было па-іншаму.

  • Па-іншаму? – маленькая дзяўчынка пасунулася бліжэй да апавядальніка.

Яе вочы былі колеру яе асабістай ніткі.

  • Па-іншаму, - падцвердзіў апавядальнік.
  • А як было? – дзяўчынка пасунулася яшчэ бліжэй.
  • А было вось як, - апавядальнік стомлена выдыхнуў. – Было вось як…

         “Калісьці вельмі даўно жыў адзін чараўнік. Сэрца яго было ахоплена зайздрасцю да ўсяго жывога. Гэта рабіла яго вар’ятам. Ён часта глядзеў уніз на горад і не разумеў, чаму ўсе гэтыя людзі такія шчаслівыя. Такія радасныя і бесклапотныя, нягледзячы на цяжкасці, якія данімалі кожнага. Яны ўвесь час усміхаюцца! Што ў іх ёсць такога, чаго няма ў мяне?

         Ён не мог супакоіцца праз сваю зайздрасць. Не мог ні спаць, ні есці. Але спускацца ўніз не хацеў дзеля гонару, які панаваў у яго душы. За гады ў дабраахвотным зняволенні ён пераўтварыўся ў старога небараку і парос зялёнай зайздрасцю. А людзі, якія жылі ўнізе, па-ранейшаму радаваліся жыццю.

Нарэшце чараўнік вырашыў спусціцца да людзей і спытаць, у чым іх сакрэт.

Яркія сонечныя промні сляпілі вочы, святло абпальвала белую скуру. Небарака захінуўся ў цёмны плашч і пакрочыў у бок горада. Раз-пораз надакучлівыя птушкі спабавалі сесці на ягоныя плечы, нешта спяваючы. Ён адмахваўся ад іх рукамі, колькі мог, але гэта было беспаспяхова. Тады ён зламаў галінку вярбы, што расла на яго шляху і прагнаў гуллівых птушак. Галінку паклаў сабе ў кішэню, на выпадак, калі падобнае самавольства паўтарыцца”

         - Гэта тая самая галінка? Чароўная палачка? – нецярпліва спытала дзяўчынка.

         - Так, - апавядальнік прыклаў палец да вуснаў і шыкнуў. Дзяўчынка схавала тварык далошкамі, паказваючы, што ёй сорамна.

         - Можна, я спытаю яшчэ нешта, - міргнула вялікімі вачыма дзяўчынка, - І больш я перапыняць Вас не буду.

         Чалавек у капелюшы пацярэбіў светлыя валасы дзяўчынкі, адмоўна пакачаўшы галавой.

         - Спачатку слухай, а потым запытвай. Інакш наблізіш гісторыю да фінала.

         - Да добрага? – зноў не стрымалася дзяўчынка.

         - А ці можа быць іншы? – захіхікаў ціхі голас з-пад капелюша.

Апавядальнік яшчэ раз уздыхнуў і працягнуў гісторыю.

“Чараўніку не давялося ісці доўга. Горад раскінуўся перад яго вачыма. Падавалася, што можна дакрануцца да яго рукой. Аднак горад быў унізе, а чараўнік стаяў на высокай гары. Ні лесвіц, ні сцежак не было відаць. Калісьці ён сам іх зруйнаваў. Але гэта было так даўно, што чараўнік пра гэта і не прыгадаў. Не доўга думаючы, ён дастаў з кішэні галінку вярбы. Уважліва агледзеў яе. Яму падалося, што галінка вельмі зручная: у руку легла добра. Ён заплюшчыў вочы і прыгадаў, як гэта – займацца чараўніцтвам. За бясконцай невытлумачальнай зайздрасцю ён зусім забыўся на цуды, якія былі ў яго моцы калісь. На імгненне ён прыгадаў сваё юнацтва. І, магчыма, пачуццё бесклапотнай радасці. Але толькі на імгненне.

         Галінка засвяцілася чыстым святлом. Але праз секунду святло зрабілася цьмяным. Яно сумна адлюстравала душу ўладальніка. А ён не звярнуў асаблівай увагі на тое, што адбылося. Чараўнік узмахнуў палачкай і пусціў іскру кудысь далёка. Гара, зарахтаўшы, выклала ўздоўж абрыва лесвіцу. Серпантынам прыступак яна вяла ўніз, да самога горада.

         Чараўнік хутка спусціўся ўніз. Зусім хутка ён стаў чуць галасы людзей, бадзёрыя і вясёлыя. Чым бліжэй ён падыходзіў да горада, тым мацней сціскалася яго сэрца. І вось, нарэшце… ён прыйшоў. Першы раз за шматлікія і забытыя гады ён трапіў у гушчу сапраўднага жыцця. Але ў галаве яго свірбела адно пытанне: што ёсць у гэтых людзей, чаго няма ў мяне? Невытлумачальная зайздрасць, якая не жадала простых адказаў, разгаралася ў ім. Чараўнік доўга хадзіў па дварах шчаслівага гарадка з непрымячальнай назвай У, азіраючыся на ўсмешкі людзей. Ён чуў дзіцячы смех, чуў песні і бесклапотныя размовы. Міма яго праносіліся вазкі з араматнымі булачкамі і прыправамі. Людзі былі паўсюль. Яны кудысь спяшаліся, апанаваныя сваімі праблемамі і клопатамі. Але твары…

         “Чаму яны ўсміхаюцца?”

         Чараўнік ад нязвыклых гукаў, святла і эмоцый сціснуўся, нібыта выкінуты кот. Ён закрыў далонямі свае вушы, каб нічога не чуць. Ён заплюшчыў свае вочы, каб нічога не бачыць.

         Толькі ён забыўся, што не адзін.

         Нехта крануў чараўніка за яго белыя доўгія валасы.

         - Дзядуля, што з Вамі, дзядуля? – звонкі голас даляцеў да чараўніка.

Ён расплюшчыў вочы і хутка адхінуўся ў бок. Перад ім стаяла маленькая дзяўчынка. Яна ўсё яшчэ кранала сівыя валасы старога. Той хуткім рухам выхапіў пасму валасоў з ейных рук.

         - Дзядуля, Вам кепска? Чаму Вы сядзіце на дарозе? – дзяўчынка не збіралася гасіць сваю цікавасць.

         Чараўнік зірнуў на яе. Яна, як і ўсе людзі ў гэтым горадзе, зяла ад шчасця. Ейныя карыя вочы адлюстроўвалі сонечныя промні. Чорныя валасы, акуратна сплаценыя ў тоўстую касу, спускаліся амаль да пят. А шэрая, крыху неахайная сукенка закрывала ногі.

         - Што за цудоўная… - сказаў раптам чараўнік.

         - Вы мяне цудоўнай назвалі, дзядуля? Чаму? – дзяўчынка крыху танчыла пад сваю, толькі ёй чутную музыку.

         - Скажы мне, дзяўчынка, чаму ўсе ў гэтым горадзе такія шчаслівыя?

         - Шчаслівыя, - падцвердзіла яна і працягнула. – А ці можа быць па-іншаму?

         Чараўнік быў здзіўлены адказам. Ён дакладна ведаў, што можа быць па-іншаму. Ён сам быў па іншы бок ад шчасця, як яму падавалася. І яму вельмі хацелася даведацца сакрэт гэтых людзей. Што ёсць у іх, чаго няма ў яго?

         - Што робіць цябе шчаслівай? Чаму ты ўсміхаешся? – яшчэ раз спытаў чараўнік.

Дзяўчынка яшчэ раз усміхнулася. Яна ўскінула галаву, развяла рукі шырока-шырока і пакруцілася, ахінаючы ўсю гарадскую плошчу.

         - У мяне ёсць усё гэта!

         - Што? Што менавіта?! – трыванне чараўніка сканчвалася, а неразуменне толькі раздражняла. – Чаму ты не кажаш? У цябе ёсць нейкая рэч? Ці шмат рэчаў? Што робіць цябе шчаслівай? Я ніяк не магу зразумець! – чараўнік ужо крычаў на дзяўчынку.

Малышка павольна наблізілася да старога і акуратна дакранулася да яго пляча.

         У мяне ёсць яркае сонца, цёплы вецер, спевы птушак і чыстыя рэкі. У мяне ёсць людзі, ёсць дом, ёсць школа, у якой шмат маіх сяброў. Усё гэта! – ціха нашэптвала дзяўчынка чараўніку.

         - І ўсё? – стары быў няўмольны. – І гэта хіба ўсё? У цябе больш нічога няма?

         - Нічога, - дзяўчынка паказала свае далонькі чараўніку, каб той сам зразумеў, што яна кажа праўду.

         - Ды не можа быць гэтага! – чараўнік рэзка ўзняўся і закрычаў так, што ўсе, хто ішоў побач, павярнуліся да яго.

         Ён адпіхнуў дзяўчынку ў бок і падбёг да двух маладых людзей.

         - Чаму вы такія шчаслівыя? Што ёсць у вас, чаго няма ў мяне?

         Людзі з жахам пераглянуліся і ўчапіліся адзін у аднога, так нічога не сказаўшы.

         Тады чараўнік падбёг да сталага пекара:

         - Што робіць тваё жыццё шчаслівым? Чаму ты ўсміхаешся на схіле гадоў?

         Пекар зірнуў на араматныя булачкі, а потым на жанчыну, што высунулася з вакна.

         Чараўнік кідаўся з бока ў бок, чапляючыся да людзей з адным і тым жа пытаннем. І з кожным разам яго чакала расчараванне, а не адказ.

         Нарэшце полымя ў яго цёмнай душы пераўтварылася ў сапраўдны пажар. Неразуменне і абпальваючая зайздрасць з’ядалі яго. Ён не мог зразумець простыя рэчы, шукаў, дзе схавана ашуканства і не знаходзіў яго. Ад гэтага усмешкі на тварах людзей раздражнялі. Ён прыгадаў, чаму сышоў ад людзей. Ён і раней не разумеў, што на самой справе робіць іх такімі жыццярадаснымі без наяўных прычын.

         - Гэта нейкае чараўніцтва? – спытаў чараўнік у разявак, што акалялі яго.

         Яны дружна заматалі галовамі.

         Чараўнік павярнуўся ў той бок, дзе раней стаяла дзяўчынка. Яна заклапочана глядзела на чараўніка. На ейным тварыку не было ўсмешкі. Яна моўчкі глядзела на старога небараку.

         - Чаму ты не ўсміхаешся? – вар’яцтва апанавала яго.

         Стагоддзі адзіноты і зайздрасці, якая выкармілася за гэтыя гады, пераўтварылі яго ў нешчаслівага чалавека.

         - Напэўна, ты не ўсміхаешся таму, што побач няма тваіх сяброў? Ці так? – першыя ноты разумення дацягнуліся да старога.

Дзяўчынка памаўчала і захлюпала носам.

Чараўнік раптам дастаў са сваёй кішэні чароўную палачку. Яна ўжо ззяла дзіўнымі зялёнымі іскрамі. Ён паднёс кончык палачкі да сэрца малой. Маленькая зялёная іскрынка патрапіла унутр. Дзяўчынка заплюшчыла вочы ад жаху.

         - Лу! – пранізлівы жаночы голас бег праз натоўп.

         Жанчына ўзяла на рукі дзяўчынку.

         - Што ты зрабіў з ёй? – жах лёгка прачытваўся ў вачах маці.

         - Яна цяпер ніколі не будзе далёка ад сяброў, - спакойна прамовіў чараўнік.

         У тое ж імгненне з грудзей дзяўчынкі прабілася моцнае святло. Ейнае сэрца пераўтварылася ў маленькі клубок. Нітка ўзляцела ўверх, а потым хутка патрапіла ў сэрца маці, ператварыўшы і ейнае сэрца ў клубок з ніткамі. Сэрца за сэрцам ператвараліся ў падобныя жывыя клубкі, якія абвівалі сваімі ніткамі весь горад, усіх людзей. Хутка ўсе жыхары гэтага маленькага мястэчка былі апутаны з галавы да ног рознакаляровымі ніткамі.

         Вар’яцтва чараўніка ахапіла гэты маленькі свет. А сам ён знік з апошнім створаным клубком. Ніткі таксама хутка сталі нябачнымі. Толькі ўладальнік мог бачыць сваю асабістую нітку, астатнія былі схаваныя за непатрэбай.

         Чараўнік знік, а яго жаданне ўбачыць, што менавіта робіць людзей у гэтым горадзе такімі шчаслівымі, спраўдзілася. Повязь людзей паміж сабой пераўтварылася ў ніткі, якія аплялі іхнія сэрцы, а разам з гэтым, прывязалі іх да месца, дзе яны нарадзіліся, да пэўнай будучыні, дзе няма шанса для выпадковасці, дзе ўсё прадвызначана”.

         - Гэта гісторыя пра наш горад? – працягнула маленькая слухачка.

         - Так, - сумна адказаў апавядальнік.

         - І ў нашых грудзях раней біліся сэрцы? – ейнае пытанне было такім шчырым, што апавядальніку стала невыносна цяжка.

         - Так, - стомлена адказаў ён.

         Дзяўчынка крыху памаўчала, пазіраючы на іншых дзетак, якія слухалі апавяданне вельмі ўважліва.

         - А чароўная палачка? Яна таксама знікла?

         - Не, чараўнік выпусціў яе з рук, калі сыходзіў. Яна так і засталася ляжаць забытай.

         - І ніхто яе не падняў?

         - Не, - усміхнуўся апавядальнік. – З яе вырасла дрэва. Літаральна пасярэдзіне плошчы.

         - Вярба! – ускрычалі разам дзеткі.

         - Так, тая самая вярба, што цяпер ганарліва стаіць пасярэдзіне вашага горада.

         Дачакаўшыся, пакуль усе дзеткі пойдуць спаць, малая зноў падбегла да апавядальніка, але на гэты раз не з пытаннямі.

         - Дзіўная казка, - прашаптала дзяўчынка, задзьмуваючы начную свечку.

         - Чаму дзіўная? – запытаў апавядальнік.

         - Таму што ў ёй няма шчаслівага фіналу, - сумна прамовіла маленькая слухачка.

         - Табе абавязкова патрэбна, каб фінал быў шчаслівым? – з’едліва спытаў голас з-пад капелюша.

         - А як жа!

         Апавядальнік працягнуў руку да зялёнай ніткі маленькай дзяўчынкі, далікатна ўзяў яе двума пальцамі.

         - Вы бачыце яе? – здзівілася дзяўчынка.

         - Бачу.

         - Вы чараўнік? – ейныя вочы іскрыліся ад цікавасці.

         - Чараўнік, - усміхнуўся той.

         - І вы прыйшлі, каб стварыць чары? – узрадавалася дзяўчынка, і працягнула, не чакаючы адказу. – Добрыя? Чыстыя чары?

         - Якая ты разумненькая! – апавядальнік узлахмаціў чарговы раз белыя валасы дзяўчынкі.  – Але гэта будзе наша з табой таямніца. Пойдзем, я пакажу табе чары наадварот.

         Дзяўчынка была гатовая бегчы куды заўгодна, толькі б убачыць абяцаны цуд.

         Апавядальнік узяў яе за руку і павёў да той самай вярбы. Дрэва велічна раскінула свае галіны, схаваўшыся за гушчаром лістоты.

         - Гэта незвычайнае дрэва, праўда? – яна дакранулася да камля з дзіцячай пяшчотай.

         - Гэта дрэва перашкаджае вашаму свету нараджаць выпадковасці. Вы кіруецеся на сваю нітку і ўсё ведаеце пра сваю будучыню. Нават знаходзячыся ў такім юным узросце. Ад гэтага вашыя ўсмешкі не такія яркія, як у тыя часы.

         - Хіба можна не ведаць, што будзе заўтра? – гэтая навіна ўразіла дзяўчынку да глыбіні душы.

         - Я больш скажу, нельга ведаць, што будзе заўтра. І ў кожным сусвеце так яно і адбываецца. Ніхто не ведае сваёй будучыні. А той, хто імкнецца даведацца пра будучыню напярэдадні, атрымлівае вялікую шкоду.

         На гэты раз дзяўчынка не перапыняла апавядальніка, а толькі слухала.

- Ці хацелася б табе невядомасці? Няпэўнасці? Каб ты магла рабіць выбар? Не ісці за ніткай? – апавядальнік відавочна натхняў дзяўчынку на смелыя справы.

- Хацелася б, - амаль адразу адказала яна. – Але гэта, мусіць, страшна?

-Зусім не. Гэта цікава, - паабяцаў голас з-пад капелюша.

Апавядальнік далікатна адламаў галінку вярбы, абарваў з яе лісце і працягнуў адданай слухачцы.

- Чароўная палачка! – Лу круціла яе перад вачыма, спрабуючы адшукаць штось незвычайнае.

- Усё чараўніцтва ў чалавеку. Неістотна, з чаго палачка. Істотна асоба ўладальніка, а таксама жаданні ўладальніка.

Дзяўчынка заплюшчыла вочы і ўявіла сабе нешта добрае, вядомае толькі ёй. Палачка заззяла яскравым, чыстым святлом. Маленькая іскрынка вылецела з яе і апусцілася на руку апавядальніку. Той далікатна завярнуў іскру ў каляровую паперку і перадаў Лу:

- Гэта чыстае чараўніцтва. Калі з’еш гэтую цукерку, тваё сэрца зноў заб’ецца ў грудзях, а клубок знікне. Нітка абарвецца - повязь парушыцца. Усе ніткі будуць паступова разрывацца, пераўтвараючы клубкі зноў у сэрцы. У вашым свеце зноў з’явяцца сюрпрызы і прыемныя цуды.

Дзяўчынка глядзела на апавядальніка засцярожана, але цукерку ўзяла. Яна беражліва паклала пачастунак у кішэню і крыху прыхлопнула.

- Пасля таго, як з’еш яе, вярба знікне. Не палохайся, так павінна адбыцца.

- Чаму?

- Справа ў тым, што ваш маленькі горад – гэта вялікі клубок вашых нітак. І гэты клубок падтрымліваецца чараўніцтвам дрэва. Пасля таго, як ніткі абарвуцца, дрэву не трэба будзе нічога аберагаць. Яно нарэшце зноў пераўтворыцца ў звычайную галінку.

- У такую, як у Вас у руцэ?

- У тую самую, якую калісьці выпусціў з рук небарака чараўнік, - пакруціў галавой апавядальнік. – Як толькі гэта адбудзецца, вазьмі галінку і схавай яе ад людскіх вачэй. Любое чараўніцтва можа шмат спраў нарабіць.

- Атрымліваецца, будзе адразу дзве чароўныя палачкі? Адна ў мяне, другая – у Вас? – задумалася дзяўчынка.

- Мая знікне. Такая толькі адна будзе ў гэтым свеце, - падагульніў апавядальнік.

- Такая? Хіба палачак шмат? – узрадавалася маленькая дзяўчынка.

- Шмат. І ўсе яны розныя. Вярба, напрыклад, стварае прывязанасці. Гэта могуць быць сваяцкія стасункі ці звычайныя пачуцці. Яна ў літаральным сэнсе звязвае людзей. Той чараўнік прыклаў нямала намаганняў, калі звязаў весь горад. Іншы раз такое чараўніцтва – неабходнасць. Вось чаму з’явілася гэтая палачка. Але для кожнага чараўніцтва неабходны свае абстваіны і свой час. І розум уладальніка палачкі мусіць быць чыстым. Іначай чараўніцтва пераўтворыцца ў шкоду.

Дзяўчынка крыху памаўчала, а потым запытала:

- Але навошта ўвогуле такое чараўніцтва?

- Каб зрэдку нагадваць чалавеку, што ў яго ёсць іншыя людзі, асабліва калі ён на гэта чамусьці забываецца. Аднак толькі нагадваць, а не звязваць моцныя вузлы. Чараўніцтва – тонкая навука. У ёй трэба ведаць межы.

Зранку апавядальнік пакінуў гэты мілы гарадок. У яго было вельмі шмат гісторый, і заставацца надоўга ён не мог.

Цукерка хутка знікла з кішэнькі дзяўчынкі. З першымі промнямі яна смела паклала яе ў рот і без кроплі сумневу раскусіла напалам. У тое ж імгненне мільёны рознакаляровых нітак зрабіліся бачнымі. Яны сапраўды ахутвалі горад з ног да галавы. Хлоп! І зялёная нітачка абарвалася. А за ёй сталі чувацца іншыя хлапкі. Ніткі хутка сабраліся ў клубок.

Сэрца маленькай дзяўчынкі білася ў грудзях. Так нязвыкла і ўзнёсла. Яно чакала чагосьці невядомага і хвалюючага. Яно напоўнілася жыццём.

Тысячы сэрцаў забіліся гэтым ранкам у дзіўным гарадку з назвай У.

І людзям было зусім не страшна пачынаць новае жыццё. На тварах іх з’явіліся сапраўдныя ўсмешкі: яны маглі толькі здагадвацца, што будзе заўтра.

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.