Вы тут

У сталіцы з'явяцца шпакоўні і сінічнікі


Гэта было б не так дзіўна, але павесяць іх не на звычайных дрэвах, а на намаляваных. Муралы (малюнкі на сценах), якія з'явіліся ў Мінску, «ажывуць». Такую ідэю распрацавала арганізацыя «Ахова птушак Бацькаўшчыны». Старт праекта — наступнай вясной.


Новыя методыкі азелянення ўрбаністычнай прасторы распрацоўвае Акадэмія навук.

У гарадскіх птушак існуюць дзве праблемы: месца для гнездавання і недахопы харчавання ўзімку. Даволі шмат шпакоўняў ужо існуюць у сталіцы. Але колькасць не ёсць якасць, расказвае Карына САЛАВЕЙ, спецыяліст па развіцці АПБ:

— Сёлета мы зрабілі дзесяць штучных шпакоўняў. Зараз мы прапануем людзям рабіць сінічнікі, бо маленькім птушкам недзе жыць. А шпакі бойкія і ўсё займаюць. У кронах намаляваных дрэў будуць размешчаны штучныя гняздоўні. З дапамогай спецыяліста-арнітолага мы прааналізавалі вуліцу. Прыродаахоўнік казаў, што на пэўнай адлегласці можна нармальна размясціць сінічнікі, і вялікая верагоднасць, што птушкі заселяцца. Яны не любяць блізкага суседства: асабістая прастора ёсць не толькі ў людзей. Цяпер у нас вядуцца перамовы з кавярнямі, якія знаходзяцца на вуліцы Кастрычніцкай. Мы прапанавалі зрабіць ім гарадскія кармушкі — гэта і карысць для птушак, і асалода для наведвальнікаў. Ёсць такая праблема, што птушкі харчуюцца не тым, чым трэба. А зараз мы прапануем прадаваць мяшочкі з чорнымі семкамі.

Ігар КОРЗУН, прадстаўнік таварыства «Зялёная сетка», адзначае, што з боку эколагаў ёсць цікавасць прасунуць не проста архітэктурныя методыкі і рашэнні, а канцэптуальныя ідэі па азеляненні горада.

— Акадэмія навук па заказе дзяржавы даўно распрацавала розныя методыкі азелянення гарадской прасторы, «забітай» у выніку новабудоўляў, індустрыялізацыі і шэрагу іншых рэчаў. Гэта новыя методыкі рэнавацыі з улікам еўрапейскага і амерыканскага вопыту з выкарыстаннем раслін, як нязвыклых для нашага клімату, так і пасрэдных, якія мы называем пустазеллем, але яны цікавыя для выкарыстання і ў практыцы азелянення. Выглядаюць яны прывабна. Праўда, нельга пайсці на пустку і іх назбіраць. Супрацоўнікі Акадэміі навук, у прыватнасці Інстытута эксперыментальнай батанікі імя В.Ф. Купрэвіча, ужо даўно займаюцца працамі па селекцыі абарыгенных травяністых раслін. Напрыклад, міскантус. Чым ён добры? Ён хутка ідзе ў рост, вельмі высокі, дае багатую зялёную масу і пышна выглядае нават у зімовы перыяд. Тады, калі яго травяністая частка адмірае, сваім залацістым колерам ён упрыгожвае і зімовы пейзаж. Плюс да ўсяго, ён не можа распаўсюджвацца бескантрольна. Добра загароджвае некаторыя гарадскія часткі, якія не вельмі цешаць наш погляд.

Прадстаўнік Інфармацыйнага цэнтра па пытаннях хімічнай бяспекі і адходаў Цэнтра экалагічных рашэнняў Наталля БЛЫШЧЫК занепакоена асобным зборам смецця на вуліцах:

— Кантэйнеры для паперы мы вырашылі не ставіць, таму што гэта такі матэрыял, які прыдатны для перапрацоўкі ў чыстым выглядзе. А тое, што тут будзе збірацца, хутчэй за ўсё, будзе брудным. Папяровы посуд — адна з самых вялікіх бед усіх эколагаў. Яны не перапрацоўваюцца, а імгненна становяцца адходамі. Прычым іх выкарыстанне яшчэ нясе і пэўную шкоду для здароўя. На папяровы посуд знутры нанесена пластыкавая плёнка, якая пад уздзеяннем высокіх тэмператур вылучае шкодныя рэчывы. Адна з ініцыятыў — паменшыць іх колькасць. Я хаджу са сваім кубкам, шкляным або з пластыку, прыдатнага для шматразовага выкарыстання. У кафэ мне наліваюць у мой кубак і часам нават робяць зніжку.

Надзея АНІСОВІЧ

anisovich@zviazda.by

Загаловак у газеце: Пабудаваў кватэру сабе — зрабі і для птушкі

Выбар рэдакцыі

Грамадства

На Гомельшчыне актыўна развіваюць валанцёрскі рух

На Гомельшчыне актыўна развіваюць валанцёрскі рух

Форма сацыяльнай актыўнасці падлеткаў.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».