Вы тут

Фармацэўты расказалі пра перспектывы сваёй галіны


Рэнтабельнасць айчыннай фармацэўтычнай прамысловасці складае сёлета 18 працэнтаў. 25 працэнтаў фармпрадукцыі адпраўляецца на знешнія рынкі ў 29 краін, ільвіная доля экспарту прыпадае на Расію. Але экспарт ажыццяўляюць толькі чвэрць з 49 ліцэнзаваных прадпрыемстваў — галоўным чынам гэта дзяржаўныя прадпрыемствы, такія як Барысаўскі завод медпрэпаратаў, дзе экспарт складае больш за 40 працэнтаў, і «Белмедпрэпараты» — 35 працэнтаў адпаведна. За 8 месяцаў гэтага года аб'ём экспарту склаў 74 млн долараў.


У краіне зарэгістравана больш за 5 тысяч найменняў лекавых сродкаў, 32 працэнты з іх — айчынныя. Доля айчынных лекаў на ўнутраным рынку ў коштавым выражэнні — 52 працэнты. Імпарт толькі летась зменшыўся на 236 млн долараў. Забеспячэнне ўнутранага рынку было прыярытэтным у мінулую пяцігодку, а таму доля айчынных прэпаратаў вырасла ажно на 22 працэнты. У бліжэйшыя гады ў прыярытэце будзе ўжо знешні рынак, куды ў 2020-м павінна адпраўляцца 40 працэнтаў фармпрадукцыі (у коштавым выражэнні). Доля ўнутранага рынку прырасце да таго часу максімум на 5 працэнтаў. Сёння, у Дзень работнікаў фармацэўтычнай і мікрабіялагічнай прамысловасці, спецыялісты падрабязней расказваюць аб стане галіны.

— З 2011-га па 2015 год у краіне рэалізавана 25 інвестыцыйных праектаў па мадэрнізацыі і стварэнні вытворчасцяў агульным аб'ёмам інвестыцый у 195 млн долараў, — кажа начальнік упраўлення арганізацыі вытворчасці і перспектыўнага развіцця Дэпартамента фармацэўтычнай прамысловасці Міністэрства аховы здароўя Рэспублікі Беларусь Таццяна ТУМЕЛЯ. — Летась было завершана 13 інвестпраектаў. На рынак выведзена за пяць гадоў 537 новых лекавых сродкаў — антыбактэрыяльных, супрацьгрыбковых, для лячэння сардэчна-сасудзістых захворванняў. Сумесна з транснацыянальнымі кампаніямі асвоена вытворчасць супрацьпухліннага сродку, імунадэпрэсанту. Сярод новых лекавых сродкаў, выведзеных на рынак у гэтым годзе, — створаная сумесна з расійскім бокам супрацьгрыпозная вакцына... Сёлета будуць завершаны інвестыцыйныя праекты па будаўніцтве корпуса прадпрыемства «Лекфарм», новага завода па вырабе супрацьпухліннага прэпарата «Націвіты» і новай вытворчасці лекаў у аэразолях «Фарціва мед». Налета плануецца завяршыць яшчэ сем праектаў з агульным аб'ёмам інвестыцый каля 30 млн долараў. За чатыры папярэднія гады аб'ём вытворчасці лекавых прэпаратаў вырас у 1,5 раза ў доларавым эквіваленце...

Па ацэнцы міжнародных экспертаў, стварэнне высокарэнтабельнай уласнай фармацэўтычнай прамысловасці ў краіне з насельніцтвам да 10 млн жыхароў з'яўляецца эканамічна неабгрунтаваным. «Таму ў прыярытэце — развіццё супрацоўніцтва па фарміраванні прынцыпаў і правілаў абароту лекавых сродкаў у межах Еўразійскага эканамічнага саюза, — удакладняе начальнік упраўлення фармацэўтычнай інспекцыі і арганізацыі лекавага забеспячэння Міністэрства аховы здароўя Рэспублікі Беларусь Людміла РЭУЦКАЯ. — Адпаведнае пагадненне было падпісана краінамі-ўдзельніцамі яшчэ ў 2014-м, і на яго падставе рабочая група экспертаў распрацавала на аснове лепшых міжнародных практык звыш 20 дакументаў. Гэта правілы экспертызы і рэгістрацыі, патрабаванні да маркіроўкі, сістэма належных практык і г.д. З наступнага года пачне дзейнічаць агульны рынак абароту лекавых сродкаў з адзінай рэгістрацыяй.

Працэс пераходу — да 2025 года — запатрабуе вялікіх намаганняў і фінансавых затрат, у тым ліку на падрыхтоўку і адукацыю персаналу, набыццё спецыяльнага абсталявання, якога пакуль няма ў нашай краіне. Урэшце, новаўвядзенне сэканоміць і час, і грошы фармпрадпрыемствам.

Святлана БАРЫСЕНКА

protas@zviazda.by

Загаловак у газеце: Лекі на экспарт

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».