Вы тут

Вызначаны пераможцы конкурса «Туркменістан вачамі беларускіх дзяцей»


Паслухаць вершы класіка туркменскай літаратуры Махтумкулі, ацаніць майстэрскае выкананне старадаўняга танца “Куштдэпдзі”, нацешыцца гукамі экзатычнага музычнага інструмента дутар… Такую магчымасць “дакрануцца” да багатых нацыянальных традыцый Туркменістана атрымалі госці ўрачыстага мерапрыемства, прысвечанага сяброўству нашых краін, што адбылося 12 кастрычніка ў Цэнтральнай  бібліятэцы імя Янкі Купалы ў Мінску.


Сустрэча была прымеркавана да хуткага святкавання галоўнага дзяржаўнага свята Туркменістана – Дня Незалежнасці, што адзначаецца 27 кастрычніка. 25 гадоў таму пачаўся сучасны этап гістарычнага развіцця краіны – этап пабудовы новага, свабоднага і незалежнага жыцця. Усе гэтыя гады Беларусь і Туркменістан цесна супрацоўнічаюць у эканамічных, палітычных і культурных пытаннях. Каб умацаваць сяброўскія сувязі паміж нашымі краінамі праз дзіцячую творчасць, а таксама садзейнічаць знаёмству беларускіх школьнікаў з традыцыямі і гісторыяй дружалюбнай нам дзяржавы, Пасольства Туркменістана ў Рэспубліцы Беларусь, РВУ “Выдавецкі дом “Звязда” і рэдакцыя журнала “Бярозка” ў жніўні абвясцілі конкурс “Туркменістан вачамі беларускіх дзяцей”.

Апошнія два месяцы на пошту выдавецкага дома прыходзілі творчыя работы ўдзельнікаў: хтосьці дасылаў малюнкі з каларытнымі пейзажамі ці нацыянальным арнаментам, а хтосьці спрабаваў свае сілы ў напісанні невялічкіх апавяданняў. Кульмінацыяй урачыстай сустрэчы ў Цэнтральнай бібліятэцы стала цырымонія ўзнагароджвання пераможцаў конкурса. Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Туркменістана ў Рэспубліцы Беларусь Назаркулы Шакулыевіч Шакулыеў, намеснік дырэктара РВУ “Выдавецкі дом “Звязда” – галоўны рэдактар часопіса “Нёман” Аляксей Іванавіч Чарота і намеснік галоўнага рэдактара часопіса для дзяцей “Бярозка” Генадзь Пятровіч Аўласенка падзякавалі ўсім юным удзельнікам за цікавасць да мінулага і сучаснага жыцця Туркменістана, шчыра павіншавалі пераможцаў і ўручылі ім дыпломы і памятныя падарункі.

Гэта далёка не апошні конкурс, які дорыць дзецям магчымасць прадэманстраваць свае творчыя здольнасці, індывідуальнасць і фантазію. Таму сачыце за публікацыямі ў часопісе “Бярозка” і ўдзельнічайце ў новых праектах!

Алена КАРПЕНКА

Фота Сяргея НІКАНОВІЧА


Пераможцы конкурса “Туркменістан вачамі беларускіх дзяцей”

Катэгорыя “Дзеці ад 6 да 10 гадоў”

  • 1 месца - Арлова Аліна Вітальеўна (СШ № 218 г. Мінска);
  • 2 месца - Башкірцаў Арцём Сяргеевіч (СШ № 1 г. Полацка);
  • 3 месца - Бурак Ілья Дзмітрыевіч (СШ № 49 г. Мінска);

Катэгорыя “Дзеці ад 11 да 15 гадоў”

  • 1 месца - Вялічка Юлія Андрэеўна (СШ № 1 г. Фаніпаля);
  • 2 месца  - Загарэльская Вераніка Ігараўна (СШ № 1 г. Фаніпаля);
  • 3 месца - Мальчэўская Анастасія Дзмітрыеўна (СШ № 1 г. Фаніпаля);

Спецыяльная намінацыя “За актыўны ўдзел і крэатыўны падыход”

  • Шкляр Марыя Андрэеўна (Бігосаўская СШ Верхнядзвінскага раёна).

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?