Вы тут

У Мінску існуе 49 прадпрыемстваў з удзелам кітайскага капіталу


У красавіку гэтага года было падпісана пагадненне аб устанаўленні пабрацімскіх адносін паміж Мінскам і Пекінам, аднак гэта далёка не першы прыклад цеснага ўзаемадзеяння сталіцы Беларусі і кітайскіх рэгіёнаў: дыпламатычныя кантакты былі ўсталяваныя яшчэ ў далёкім 1992 годзе. Пра супрацоўніцтва на сучасным этапе расказаў старшыня камітэта эканомікі Мінгарвыканкама Мікалай РАГАШЧУК.


У мэтах умацавання ўзаемаадносін была падрыхтавана, а цяпер знаходзіцца ў стадыі рэалізацыі Праграма развіцця супрацоўніцтва г. Мінска з правінцыямі, раёнамі і гарадамі Кітайскай Народнай Рэспублікі да 2020 года. Вынікі яе дзеяння можна адзначыць ужо цяпер: за першыя 7 месяцаў гэтага года экспарт тавараў камунальных і бязведамасных прадпрыемстваў г. Мінска ў КНР склаў 3,7 млн долараў (тэмп росту — 398,3%). Найбольш запатрабаваныя тавары — вымяральныя і кантрольныя прыборы, апаратура, заснаваная на выкарыстанні рэнтгенаўскага, альфа-, бэта- ці гама-выпраменьванняў, прылады на вадкіх крышталях, а таксама электрычныя тэлефонныя і тэлеграфныя апараты.

Асноўнымі экспарцёрамі ў КНР у 2016 годзе сталі: кампанія «Рэгула» (экспертныя прадукты для праверкі сапраўднасці дакументаў, грашовых знакаў і каштоўных папер), кампанія «Адані» (высокатэхналагічная і навукаёмістая прадукцыя), кампанія «Лазерныя і інфармацыйныя тэхналогіі» (лазерныя і оптаэлектронныя сістэмы), прадпрыемства «Вэлком» (мабільная сувязь), кампанія «Рыфтэк» (оптаэлектронныя прыборы для вымярэння геаметрычных велічынь).

На цяперашні момант лепш за ўсё наладжаны экспарт у сферы паслуг: заробленая прадпрыемствамі Мінска сума па выніках студзеня-ліпеня 2016 г. склала 72 млн долараў (тэмп росту — 141,2%). У прыярытэце будаўнічыя, транспартныя і паштовыя віды паслуг.

Акрамя таго, у розныя сферы актыўна прыцягваюцца інвестыцыі. У Мінску зарэгістравана 49 прадпрыемстваў з удзелам кітайскага капіталу, з іх — 13 сумесных і 36 замежных. У гэтым годзе ў эканоміку нашай сталіцы ўжо было ўкладзена 8,4 млн долараў прамых інвестыцый з КНР. Цяпер сумеснымі намаганнямі рэалізуецца шэраг буйных праектаў. Напрыклад, стварэнне вытворчасці воданагравальнікаў і кулераў і распрацоўка новага віду транспарту — электробуса.

Дарэчы, дыпламатычныя адносіны паміж сабой усталёўваюць не толькі цэлыя гарады, але і іх асобныя раёны: Цэнтральны раён сталіцы і раён Дунчэн горада Пекіна, Маскоўскі раён і раён Цзядзін горада Шанхая.

Найбольш амбіцыйным праектам узаемадзеяння мінскага рэгіёну і краіны ў цэлым з КНР з'яўляецца Кітайска-беларускі індустрыяльны парк «Вялікі камень».

Дар'я КАСКО

kasko@zvіazda.by

Загаловак у газеце: Нашы сябры Пекін, Чанчунь, Лайу, Шэньчжэнь і Шэньян

Выбар рэдакцыі

Спорт

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

Інтэрв'ю з алімпійскім чэмпіёнам па фехтаванні.