Вы тут

Ліст тату


Памятаеш, калі мы ў верасні прыязджалі, каб дапамагчы вам з мамай перабраць бульбу, ты так, між іншым, сказаў: «Ну, дочкі ўжо выраслі. Ёсць каму пра іх паклапаціцца. Я ім ужо непатрэбны...» Мы тады неяк аджартаваліся. Але гэтыя твае словы дагэтуль не даюць мне спакою.


Кожны раз, калі прыязджаю дадому, ты па некалькі разоў кажаш мне «я ж цябе так люблю». Лаўлю сябе на думцы, што ў дзяцінстве такіх слоў ад цябе не чула (не прынята было ў нас адкрыта выказваць свае пачуцці), але любоў адчувала.

Памятаеш ёлку да столі ў нашым старым доме? Ты яе прывозіў перад самым Новым годам з лесу адмыслова дзеля нас з сястрой, бо ведаў, што мы чакаем. Потым мама даставала з трэльяжу скрынкі з шарамі і ліхтарыкамі, якія чамусьці не гарэлі... Але ты штосьці падкручваў, і яны, як па ўзмаху чароўнай палачкі, пачыналі пералівацца рознакаляровымі агеньчыкамі.

Я заўсёды ведала, што ў цябе залатыя рукі. Калі штосьці ламалася, ірвалася — адразу ж бегла дадому: не сумнявалася, тата адрамантуе, падшые (ты адзіны, хто ў нашай сям'і ўмее карыстацца швейнай машынкай). І чаму я дагэтуль не папрасіла навучыць мяне шыць?..

А памятаеш арэлі ды чырвоную сукенку (з сабакам ды коцікам на кішэньках), якія ты прывёз мне з Вялікіх Лукаў, дзе вучыўся завочна? Абноўка тая, на жаль, не захавалася: так я яе любіла, што, напэўна, занасіла да дзірак. А вось на арэлях, клапатліва падрамантаваных тваімі рукамі, і цяпер, калі прыязджаю, люблю пагушкацца.

Ці памятаеш, як мы з сястрой дарылі табе на дзень нараджэння і 23 лютага самаробныя паштоўкі ды цацкі? Ты стрымана іх прымаў, але не выкідваў нічога, а беражліва складаў у кардонную пацёртую папку. А потым (я бачыла) час ад часу пераглядаў свае падарункі, перачытваў...

Калі падрасла, ты вучыў мяне ездзіць на матацыкле, а потым — на машыне. А яшчэ я заўсёды любіла разам з табой збіраць грыбы. Памятаеш, ты знайшоў цэлую паляну падасінавікаў і паклікаў сваю Мадзюшу (так ты мяне часам называеш і цяпер), каб падзівілася на гэты цуд. А потым пагадзіўся пагуляць у «хто больш», і мы навыперадкі зразалі тыя чырвонагаловікі і выхваляліся перад мамай.

А памятаеш, як мы з табой запісвалі на касетны магнітафон «Вясна» песні з радыёпрыёмніка (у цябе цудоўны голас, але чамусьці спяваеш вельмі рэдка...)? Больш за ўсё ў дзяцінстве я любіла перачытваць твае песеннікі і разгадваць разам красворды — дзіву давалася, адкуль ты столькі ўсяго ведаеш.

Я табе ніколі не казала (не прынята ў нас было пра гэта казаць), але я заўсёды ганарылася табой — самым лепшым татам у свеце.

...Ніколі не забуду, як нехта патэлефанаваў маме і сказаў, што ў Верхнядзвінску абваліўся мост. А ты якраз туды паехаў у камандзіроўку. І доўга не вяртаўся. Я ціхенька сядзела адна за хатай і малілася, як умела. Памятаю, калі ўбачыла тваю постаць здалёк, кінулася насустрач і абняла моцна-моцна. І мы плакалі разам.

Ты нястомна вазіў нас з сястрой перад паступленнем на розныя падрыхтоўчыя курсы, потым — падаваць дакументы ва ўніверсітэт за 250 кіламетраў ад дому... Калі я здавала чарговы экзамен і тэлефанавала пахваліцца «дзявяткай» ці «дзясяткай», мама адразу ж дзялілася радасцю з табой. А ты быў побач і казаў сваё заўсёднае: «Я і не сумняваўся ні на секунду!»

Апошнім часам мы з табой зусім рэдка размаўляем па тэлефоне, часцей з мамай. Але я хачу, каб ты ведаў, што мне па-ранейшаму вельмі важна чуць натхняльнае (пасля якога хочацца горы звярнуць): «Я і не сумняваўся ні на секунду!».

Татачка, і ты ні на секунду не сумнявайся, што патрэбны сваім дочкам. ...І зусім мы не выраслі! Бо дзеці застаюцца дзецьмі, пакуль жывыя іх бацькі. Таму, калі ласка, жывіце з мамай доўга і шчасліва! І памятайце, вы заўсёды былі і будзеце для нас самымі лепшымі бацькамі ў свеце.

Надзея ДРЫНДРОЖЫК

nadzіeja@zvіazda.by

P.S. «Сямейная газета» віншуе ўсіх матулек (і татулек) з надыходзячым святам. Жадаем вам, а таксама вашым сыночкам і дочкам як мага даўжэй заставацца дзецьмі!

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Актрыса НАДТ імя М. Горкага — пра шлях да сцэны і натхненне.

Грамадства

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

Тата і мама — два самыя важныя чалавекі ў жыцці кожнага дзіцяці.