Вы тут

У дзіцячай студыі «Salіx» вучаць ствараць цуды з кветак, ягад, лазы


Шаноўныя мамы і таты, вы яшчэ думаеце, у які гурток аддаць сваіх дзетак? Вагаецеся паміж спартыўнай секцыяй, танцавальнай студыяй і музычнай школай? Магчыма, вы проста не ведаеце, што ў вашым горадзе ёсць і іншыя, не менш цікавыя і карысныя, гурткі! «Сямейная газета» працягвае знаёміць з альтэрнатыўнымі спосабамі развіцця. Гэтым разам мы завіталі ў віцебскую дзіцячую студыю «Salіx», дзе апантаная любімай справай мастачка-фларыстка Алена ПЯТРОВА вучыць хлопчыкаў і дзяўчынак (а таксама, пры жаданні, і іх бацькоў) ствараць цуды з кветак, траў, ягад, сена, лазы, вярбы...


Для фла­рыс­тыч­на­га спек­так­ля кас­цю­мы дзе­ці ра­бі­лі са­мі.

Студыя, што працуе пры гарадскім цэнтры дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі, напоўнена прыемным водарам сухога сена і зёлак. Паўсюль, куды не кінь вокам (нават на сценах і столі), работы Алены Пятровай і яе вучняў. Чаго тут толькі няма! І зайчыкі, і мішкі, і гусі, і конікі, і батлейка, і віфлеемская зорка, і нават вялікая дзіцячая люлька... Усё зроблена з прыродных матэрыялаў — сена, высушаных капуснага лісця, кветак архідэі, півоні, бэзу, крываўніку, макавых галовак, рагозу, сітніку, злакаў, галінак дрэў...

— «Salіx» — гэта (у перакладзе з латыні) вярба, — тлумачыць спадарыня Алена і частуе мяне гарбатай з мёдам. — Раней, калі не было таблетак, клапатлівыя матулі давалі дзеткам піць адвар з кары гэтага дрэва. Ён выдатна збіваў тэмпературу. А саліцылавая кіслата, якую ўпершыню вылучылі з кары вярбы, нават выратоўвала жыццё людзям падчас вайны. Таму не дзіўна, што ў нас тут гаючая атмасфера (усміхаецца), бо работа з прыроднымі матэрыяламі — цудоўная арт-тэрапія.

Ко­ні­кі з се­на — цу­доў­ная аль­тэр­на­ты­ва шкод­ным плас­ты­ка­вым цац­кам.

— У якім узросце варта пачынаць вучыць дзіця нешта рабіць сваімі рукамі?

— Чым раней, тым лепш. Што тычыцца прыродных матэрыялаў, то гэта не толькі экалагічна (увесь прыродны матэрыял чысты і неалергічны), але і вельмі карысна для здароўя. Акрамя таго, развіваецца маторыка, прасторавае мысленне, фантазія. Я захапляюся непасрэднасцю сваіх вучняў, у іх столькі ідэй. Мы, дарослыя, як ні круці, знаходзімся ў нейкіх вызначаных рамках: пастаянна азіраемся, ці правільна мы гэта робім. А дзеці не баяцца эксперыментаваць. Больш за тое, такое хобі істотна сэканоміць сямейны бюджэт. Бо, пагадзіцеся, самы эксклюзіўны падарунак — зроблены сваімі рукамі. Мае вучні прыходзяць на заняткі і кажуць: «Алена Васілеўна, сёння мне патрэбны падарунак на дзень нараджэння сяброўкі». «Як выглядае дзяўчынка? Што яна любіць? Які інтэр'ер у кватэры?» Мы гэта ўлічваем, каб угадаць жаданне імянінніцы.

Я, вядома, магу сказаць, што самае галоўнае — гэта дабіцца першых месцаў на выставах ды конкурсах, але гэта не так. Мая асноўная задача — перадаць дзецям любоў да прыроднага матэрыялу, раскрыць і развіць талент. Тады ўсё прыходзіць само сабой — і прызавыя месцы, і ўзнагароды. Мае вучні атрымліваюць граматы, дыпломы — стосамі яны ў нас ляжаць.

Сама ж Алена Пятрова прыродныя матэрыялы любіць змалку. Яшчэ калі вучылася ў школе, займалася ў гуртку па батаніцы. Жаданне ж займацца фларыстыкай сур'ёзна прыйшло пасля нараджэння дачкі.

— Падчас дэкрэтнага водпуску раптам зразумела, што мне трэба кудысьці дзяваць энергію. І пачала вучыцца плесці кошыкі з лазы. Асвоіла розныя старадаўнія традыцыйныя беларускія тэхнікі: у прыватнасці, мая любімая — спіральнае пляценне з саломы і кораня сасны. У такіх кашах раней людзі захоўвалі зерне, бо яны былі настолькі трывалыя, што нават мышы іх не маглі праесці. Потым захапілася агратэхнікай вырошчвання сухацвету. У вёсцы мама мне выдзеліла вялікі ўчастак зямлі, які я цалкам засейваю рознымі травамі і кветкамі. З белых півоняў, дарэчы, атрымліваецца цудоўнае варэнне, а з барвовых, ружовых, калі іх высушыць, — розныя вяночкі, аксесуары.

Звы­чай­ная драў­ля­ная дош­ка мо­жа стаць ары­гі­наль­най ас­но­вай для пры­род­на­га ма­тэ­ры­я­лу. Чым са­бе не ідэя для афарм­лен­ня пры­ват­на­га до­ма ці ле­ці­шча? (на фо­та эле­мент пра­ек­та Але­ны Пят­ро­вай «Doskі»).

Пасля дэкрэту Алена вырашыла не вяртацца ў хімічную лабараторыю, дзе працавала дагэтуль. А ператварыла хобі ў справу жыцця.

— Вось ужо 18 гадоў я перадаю любоў да прыроднага матэрыялу дзецям. Заўсёды расказваю на сваіх занятках пра традыцыі, каб хлопчыкі і дзяўчынкі разумелі, што яны робяць і адкуль гэта пайшло. У прыватнасці, калі мы стваралі касцюмы з выкарыстаннем прыродных матэрыялаў, то паралельна вывучалі беларускую сімволіку. Тое ж самае і з сенапластыкай — гэта сёння самая любімая тэхніка ў дзетак. Яна, як від народнай творчасці, існуе і цяпер: пудзіла з сена ў многіх мястэчках дагэтуль спальваюць на Масленіцу, калі развітваюцца з зімой. Акрамя таго, нашы продкі набівалі ім маленькія падушачкі, лялькі з тканіны. Мы пайшлі далей: сёння пры дапамозе сена можам увасобіць любую сваю ідэю.

Да зімы Алена Пятрова са сваімі вучнямі рыхтуюцца ўсё лета, бо прыроднага матэрыялу трэба вельмі шмат. Практыка праходзіць на беразе Дзвіны, Лучосы, каля Гапеевага ручая... Вучацца там плесці «арабскую клетку» са злакаў і траў. Збіраюць розныя кветкі, сена. Апошняга больш як 15 бульбяных мяхоў нарыхтавалі.

— Калі я нясу тое сена, людзі пытаюцца: «Для чаго? У вас, можа, трусы, карова?» Не, смяюся, сувеніры робім з дзеткамі. Людзі здзіўляюцца: як можна са звычайнага сена нешта зрабіць? А вось так.

І Алена Пятрова ўсяго за некалькі хвілін ператварыла пучок сена ў птушачку-абярэг.

— Вось, вазьміце — на шчасце.

Гэ­тую цу­доў­ную бат­лей­ку зра­бі­ла ву­ча­ні­ца дзі­ця­чай сту­дыі «Salіx» На­та­ша Кру­ка­ва.

Сабраць прыродныя матэрыялы — гэта толькі палова справы. Вельмі важна яшчэ і правільна іх захаваць.

— Напрыклад, лаза павінна быць вільготнай. Таму мы захоўваем яе ў адрыне, што не мае даху. Сена, травы, кветкі, наадварот, павінны быць у сухім месцы, каб яны не пакрыліся цвіллю. Сушка, нарыхтоўка — гэта цікавы працэс. Праўда, трэба быць вельмі ўважлівым і назіральным, каб абавязкова паспець своечасова сабраць прыродныя матэрыялы, пакуль тыя не перацвілі ды не страцілі колер. Дзеці ведаюць, як гэта рабіць. Таму самастойна пасля заняткаў збіраюць гербарый, падключаюць да гэтай справы ўсіх сваякоў. Часта на заняткі прыходзяць не толькі дзеці, але і іх бацькі. Вось стаіць вялізны кош, мама (яна выкладчыца беларускай мовы і літаратуры) з дачкой плятуць да Вялікадня...

Ні адно свята ў Віцебску не абыходзіцца без рукатворных вырабаў студыі «Salіx». І імправізаванае вянчанне Шагала і Бэлы не выключэнне.

— А летась мы з дзеткамі афармлялі вяселле маёй вучаніцы Машы, яна заканчвае біялагічны факультэт, будучы эколаг. Падарылі ёй букецік і бранзалецік у персікава-мятных танах, у жаніха і сведкаў таксама былі ўпрыгожванні з прыроднага матэрыялу. Вельмі многія мае вучні становяцца эколагамі, мастакамі, афармляюць вяселлі, дні нараджэнняў, адкрываюць свае кветкавыя крамы. І я гэтаму шчыра радуюся.

Надзея ДРЫНДРОЖЫК

nadzіeja@zvіazda.by

Фота з архіва Алены ПЯТРОВАЙ

Загаловак у газеце: Птушачка-абярэг... з сена

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».