Вы тут

Як знайсці агульную мову з хатнімі гадаванцамі?


Падрапаная мэбля, агрэсіўнасць да гасцей і іншыя дрэнныя паводзіны становяцца падставай для таго, каб любімы кот быў выгнаны з хаты. Але ёсць і іншае выйсце. Зоапсіхолаг Вольга КАРАЛЁВА працуе з хатнімі гадаванцамі, каб іх гаспадары змаглі знайсці з імі агульную мову.


— Зоапсіхолаг — даволі нязвыклая прафесія. Чаму вы яе абралі?

— Цікавасць да зоапсіхалогіі з'явілася ў мяне тады, калі я завяла ката. Хацелася арганізаваць яму добрыя ўмовы, падабраць правільнае харчаванне, зразумець, як наладзіць з гэтай жывёлай кантакт. Але тады вывучэнне рознай інфармацыі аб катах было проста захапленнем. Некаторы час я дапамагала мясцовай суполцы абароны жывёл, шмат зносін мела з уладальнікамі катоў, часам давала простыя рэкамендацыі па доглядзе. Тады і прыйшло разуменне, што гэта даволі цікавы занятак. Вядома, каб набыць веды па псіхалогіі і карэкцыі паводзін, прыйшлося сур'ёзна заняцца самаадукацыяй. Я перачытала мноства кніг, а таксама сайтаў і блогаў вядомых заходніх зоапсіхолагаў.

— А можна дзесьці атрымаць такую адукацыю?

— На постсавецкай прасторы дагэтуль няма ўстаноў, якія б навучалі па спецыяльнасці "Зоапсіхолаг". Ёсць толькі асобныя кароткатэрміновыя курсы, у асноўным — ад прыватных арганізацый. Збольшага яны нацэлены на вывучэнне псіхалогіі сабак і даюць практычныя метады работы менавіта з гэтымі жывёламі. А для работы з катамі такое не падыходзіць. Таму веды па псіхалогіі даводзіцца "здабываць" у прыватным парадку, літаральна па крупінках. Спецыялістаў па паводзінах катоў вельмі мала не толькі ў Беларусі, але і на ўсёй постсавецкай прасторы.

— Якія веды патрэбныя для работы з жывёламі ў гэтым кірунку?

— Звычайна ў зоапсіхалогіі сябе спрабуюць ветэрынары, звычайныя псіхолагі, этолагі. Часта далучаюцца людзі самых розных прафесій і нават проста аматары кошак. Маё меркаванне — для таго каб стаць добрым спецыялістам у гэтай галіне, трэба мець вельмі добрую псіхалагічную базу. Мне пашанцавала. Я атрымлівала вышэйшую адукацыю на факультэце педагогікі і псіхалогіі дзяцінства. У нас быў вялікі цыкл псіхалагічных дысцыплін і выдатныя выкладчыкі. Акрамя таго, важную ролю адыгрывае якасная самаадукацыя, у прыватнасці, вывучэнне і засваенне метадаў карэкцыі паводзін. Сучасны практыкуючы зоапсіхолаг — гэта хутчэй кансультант па асаблівасцях утрымання хатніх гадаванцаў і догляду за імі. Ён жа спецыяліст па мадыфікацыі паводзін з апорай на веданне псіхалогіі. Яго галоўная задача — навучыць людзей разумець свайго гадаванца, жыць з ім у згодзе і гармоніі.

— А вы толькі з катамі працуеце?

— Многія зоапсіхолагі працуюць і з сабакамі, і з катамі. Я свядома працую толькі з катамі, каб канцэнтравацца на асаблівасцях гэтых жывёл і вывучаць іх найбольш поўна. Ёсць распаўсюджаныя праблемы, з якімі гаспадары, мірацца. Напрыклад, драпанне мэблі. А да спецыяліста па паводзінах кошак звяртаюцца часцей, калі жывёла неахайная ці агрэсіўная.

— І якія парады вы даяце ў гэтых выпадках?

— Галоўнае — не караць гадаванца фізічна. Часцей гэта толькі пагаршае праблему. Калі жывёла праяўляе агрэсію, лепш звярнуцца да спецыяліста. Прычын такіх паводзін мноства, у залежнасці ад канкрэтнай можна будаваць карэкцыйную праграму. Агульныя парады і ўніверсальныя метады, ужытыя неразумна, могуць нанесці шкоду.

— А ёсць праблемы ў жывёл, якіх бяруць з прытулку ці з вуліцы?

— Дваровы кот і кот з прытулку па асаблівасцях паводзін вельмі адрозніваюцца. У маёй групе "УКантакце" я прысвяціла цыкл артыкулаў гэтай праблеме. Практыка паказвае, што жывёла з вуліцы хутка адаптуецца да жылля чалавека. Можа быць праблема павышанага апетыту, калі кот будзе шукаць па хаце ежу, але не ва ўсіх. У жывёл з прытулку сітуацыя некалькі іншая. Часта незапатрабаванымі застаюцца жывёлы з агрэсіяй у адносінах да чалавека. З імі я часта працую, дарэчы, у рамках дабрачыннай дапамогі. Але на вуліцах і ў прытулках шмат коцікаў зусім беспраблемных. Варта заўважыць, што ёсць і пазітыўныя асаблівасці. Напрыклад, коцікі з прытулку ці з вуліцы часта вельмі ласкавыя і таварыскія.

— А зоапсіхолаг можа дапамагчы ў сітуацыі, калі дома ёсць кот, які любіць паляваць, а гаспадары вельмі хочуць завесці папугая?

— У гэтым выпадку лепш не рызыкаваць.

— Чаму каты ў розных гаспадароў вядуць сябе па-рознаму?

— Паводзіны можна растлумачыць умовамі жыцця, напрыклад, на ператрымцы з вялікай колькасцю жывёл і ў якасці адзінага гадаванца. У першым выпадку ён можа быць спакойным і маларухомым, а ў другім — таварыскім і энергічным. Калі кот паводзіць сябе неяк агрэсіўна да гаспадароў, трэба зразумець прычыну. Зыходзячы з гэтага і вырашаць праблему.

— А ёсць парады, што рабіць з распешчанай кошкай?

— Ігнараваць непажаданыя паводзіны і хваліць за пажаданыя. Пры гэтым трэба з разуменнем і цярпеннем ставіцца да таго, што жывёле патрэбен час, каб перабудавацца.

— А як ката дрэсіраваць?

— Выкананню якіх-небудзь каманд даволі лёгка навучыць, выкарыстоўваючы, напрыклад, клікер-дрэсіроўку (калі дзеянні ўмоўна станоўча падмацоўваюцца гукавым сігналам). Пры рабоце з кошкамі важна "лавіць" настрой. Яны не будуць займацца, калі не настроеныя. І заняткі павінны быць кароткія, гэта тлумачыцца асаблівасцямі гэтых жывёл. Але справа ў тым, што большасці гаспадароў гэта не трэба. Дастаткова, каб жывёла выконвала правілы пражывання ў хаце чалавека. Не драпаць мэблю, хадзіць у латок, не бегаць па начах — гэтаму хутка і лёгка навучаюцца амаль усе кошкі.

Р.S. Шаноўныя чытачы, калі ў вас ёсць пытанні, звязаныя з вашымі хатнімі гадаванцамі, дасылайце іх на адрас «Звязды» або на электронную пошту аnіsоvісh@zvіаzdа.bу. Будзем шукаць адказы разам.

Надзея АНІСОВІЧ

аnіsоvісh@zvіаzdа.bу

Фота Анатоля КЛЕШЧУКА

Загаловак у газеце: Зразумець сябра

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».