Вы тут

Як накіраваць на правільны шлях тых, хто злоўжывае алкаголем?


У вёсцы Налібакі Стаўбцоўскага раёна практычна няма п'яніц. Так сцвярджаюць яе жыхары. Выпівох тут выхоўваюць усёй талакой. Але перш за ўсё ў гэтым заслуга старшыні сельвыканкама Аляксандра Пілінкевіча і ксяндза-каноніка касцёла Унебаўзяцця Прасвятой Панны Марыі — Мар'яна Шэршаня. Да іх і завітала, каб даведацца з першых вуснаў: як удаецца накіроўваць на правільны шлях тых, хто раней злоўжываў алкаголем.


Доў­гі час ста­ры па­гост быў за­кі­ну­тым...

— Як правіла, парушальнікаў грамадскага парадку, аматараў выпіць выклікаем на савет па прафілактыцы грамадскага пункту аховы парадку, — ахвотна дзеліцца вопытам старшыня Налібацкага сельскага Савета дэпутатаў Аляксандр Пілінкевіч. — У некаторых выпадках нам пра іх паведамляюць з раённага аддзела ўнутраных спраў, пракуратуры, суда. У нас вельмі цесныя сувязі з арганізацыямі раёна, што знаходзяцца на тэрыторыі сельсавета. Гэта сельгаспрадпрыемства, тры лясніцтвы. Іх кіраўнікі скардзяцца нам, што некага звольнілі за прагулы, п'янку. Мы адразу ж высылаем вінаватым павестку і выклікаем на размову.

У савет па прафілактыцы ўваходзяць настаяцель касцёла, дырэктар школы, медыкі, участковы інспектар міліцыі. На пасяджэннях бывае і дырэктар жывёлагадоўчага комплексу Віталь Кушнер, які накіроўвае п'яніц на кадзіраванне.

Са свайго боку святар Мар'ян Карлавіч імкнецца наставіць на правільны шлях словам духоўным, божым. Ён цікавіцца, чаму чалавек не ходзіць у царкву або касцёл. А тым, хто страціў працу з-за сваёй заганнай прывычкі і не можа нідзе ўладкавацца, дае работу.

Толькі за апошнія тры месяцы ксёндз узяў да сябе чатырох чалавек. Яны абкошвалі траву, прыбіралі ў касцёле. Так бы мовіць, іх выхоўвалі не толькі працоўнай тэрапіяй, але і лячылі душу духоўнымі размовамі.

— Праходзіць час, і людзі пачынаюць асэнсоўваць свае ўчынкі, інакш глядзець на жыццё, — сцвярджае Аляксандр Пілінкевіч.

Сам Аляксандр Іванавіч амаль 13 гадоў адпрацаваў у гэтых мясцінах участковым інспектарам. Ён ведае тут кожнага чалавека і яго праблемы. Мар'ян Карлавіч прыехаў у Налібакі ў 90-х гадах мінулага стагоддзя. Храм стаяў без даху, без купала, можна сказаць, у руінах з 1936 года. Напачатку ўзвялі невялікую капліцу, дзе праходзілі набажэнствы. А затым, у 1994-м, касцёл дабудавалі. Настаяцель прыклаў вельмі шмат сіл, намаганняў, каб адрадзіць святыню. Людзі гэта разумеюць і вельмі ўдзячны святару. Мар'ян Карлавіч таксама добра ведае, чым жывуць яго прыхаджане, што іх турбуе. Яму, як і старшыні сельвыканкама, жыхары давяраюць.

— Атмасфера на гэтай тэрыторыі станоўча ўплывае і на работу сельгаспрадпрыемства. Жывёлагадоўчы комплекс «Налібокі» — адзін з лепшых у раёне па надоях, адкорме жывёлы, — уступае ў размову старшыня Стаўбцоўскага раённага Савета дэпутатаў Аркадзь Казякоўскі, які і прывёз мяне ў вёску. — Для таго каб вытворчасць не знізілася, павінны быць добрыя спецыялісты, рабочыя. А гэта вынік сумеснай работы: касцёла, царквы, сельвыканкама, сельгасарганізацыі. Да таго, як гаспадарку ўзначаліў Віталь Кушнер, тут кралі свіней з фермы. Дырэктар сам вымушаны быў лавіць злодзеяў. А цяпер наладжана дысцыпліна. Людзі давяраюць адзін аднаму. Нават дзверы ў сваіх дамах не зачыняюць на замок. Як раней, уткнуў у дзверы палачку ды і пайшоў па сваіх справах.

У Налібаках жывуць людзі светлыя душой і думкамі. Адпаведна і вёску, свае падворкі ўтрымліваюць у чысціні. У Мар'яна Карлавіча ў населеных пунктах ёсць давераныя асобы, якія арганізоўваюць жыхароў на добрыя справы. Ён і сам заклікае вернікаў выйсці на добраўпарадкаванне. І людзі адгукаюцца.

Асаблівая ўвага надаецца могілкам, якія знаходзяцца каля касцёла. Тут пахаваны і католікі, і праваслаўныя. Ёсць пахаванні 1850 — 1860 гадоў. Доўгі час стары пагост быў закінутым, пакуль за справу не ўзяўся Мар'ян Карлавіч. Ён расчышчае магілы, падымае пліты, якія з цягам часу літаральна ўраслі ў зямлю, рэстаўруе помнікі. Крыжы на іх, дарэчы, зроблены з мясцовага матэрыялу.

— Яшчэ з сярэдзіны XV стагоддзя ў рэгіёне спецыялізаваліся на здабычы і перапрацоўцы карысных выкапняў: балотнай жалезнай руды, гліны, кварцавага пяску, — адзначае Аркадзь Казякоўскі. — У Налібаках была створана першая мануфактура еўрапейскага тыпу. Шкляны посуд пастаўляўся да царскага двара, за мяжу. Ад будынка засталася толькі частка фундамента.

Адрадзіць вытворчасць марыць, дарэчы, старшыня сельвыканкама. А пакуль ён распрацаваў герб вёскі: на фоне жоўтага кварцавага пяску — бакал як напамін аб былой славе, на зялёным полі — галава лася як сімвал Налібоцкай пушчы, і першыя ўспаміны аб Налібаках — 1447 год. Гэты атрыбут выкарыстоўваецца падчас свят, урачыстых момантаў у жыцці вёскі.

— У Налібаках жыве 535 чалавек, абсалютная большасць з іх католікі, праваслаўных менш. У тым, што яны жывуць
у ладзе і згодзе, вялікая заслуга Мар'яна Карлавіча, — кажа Аляксандр Пілінкевіч. — Царква з'явілася ў вёсцы 10 гадоў таму. Да гэтага многія з праваслаўных вернікаў наведвалі касцёл. І кожнага ён выслухоўваў, падтрымліваў.

— А ці лічыце вы, ураджэнец Польшчы, сябе жыхаром Налібакаў? — пацікавілася ў Мар'яна Шэршаня.

За яго адказаў старшыня сельскага Савета дэпутатаў:

— Аднойчы на Мар'яна Карлавіча напалі заезджыя злодзеі — думалі, што ў касе касцёла шмат ахвяраванняў. У мяне было такое адчуванне, што наш святар не захоча тут застацца. Але ж ён не спужаўся.

...З кожным годам вернікаў у Налібаках прыбаўляецца. Налета шмат хто перабіраецца з гарадоў на дачы. Сельскі Савет з дапамогай іншых арганізацый зносіць старыя дамы, а ўчасткі прадае ахвотным. Толькі сёлета людзі набылі пад дачы 28 надзелаў. Сапраўды, чыстую ваду і прадукты можна купіць у краме, а вось чыстае паветра нідзе не здабудзеш.

Калі ішла аптымізацыя колькасці сельсаветаў, стаяла пытанне аб далучэнні Налібацкага савета да суседняга Дзераўнянскага. Але ў гэтым выпадку атрымлівалася надта вялікая тэрыторыя, амаль ці не на палову раёна. Пасля адпаведнага аналізу адмовіліся ад задумы. Для людзей больш зручнасцяў. Ды і працаваць з імі значна лягчэй: і сельвыканкаму, і школе, і святарам.

— Усе пытанні вырашаюцца на месцы. Жыхары звяртаюцца са сваімі патрэбамі ў любы час, — рэзюмаваў Аляксандр ПІлінкевіч.

Таццяна ЛАЗОЎСКАЯ

lazovskaya@zviazda.by

Стаўбцоўскі раён

Загаловак у газеце: Тэрапія для... душы

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».