Вы тут

У Беларусі ўдалося спыніць рост нарказлачынстваў


Структурнае падраздзяленне МУС — Галоўнае ўпраўленне па наркакантролі і супрацьдзеянні гандлю людзьмі — 9 кастрычніка адзначыла 20-годдзе з моманту заснавання. Напярэдадні свята — падвядзенне вынікаў. У сферы абароту наркотыкаў пасля ўспышкі 2013—2014 гадоў сітуацыю ўдалося стабілізаваць, а колькасць выпадкаў гандлю людзьмі, наогул, паступова зводзіцца да мінімуму.


Упершыню аб праблеме распаўсюджвання наркотыкаў на тэрыторыі Беларусі загаварылі ў канцы 1980-х. У той перыяд да гэтай згубнай залежнасці былі схільныя пераважна людзі крымінальнага круга — былыя зняволеныя. Далей больш: усю краіну ўзрушыла ўспышка масавага «захаплення» забароненымі рэчывамі сярод моладзі ў горадзе Светлагорску. Тады і ўзнікла неабходнасць стварэння спачатку аддзела, а пасля і ўпраўлення па барацьбе з абаротам наркотыкаў. Як расказаў начальнік галоўнага ўпраўлення па наркакантролі і супрацьдзеянні гандлю людзьмі Васіль ЛОСІЧ, яшчэ адным пераломным момантам у гэтай сферы стаў 2008 год, калі студэнты з Заходняй Еўропы пачалі вырабляць новыя псіхаактыўныя рэчывы, якія аказвалі незвычайна моцнае ўздзеянне на арганізм. На працягу некалькіх гадоў балючая ліхаманка захапіла ўвесь свет. У той перыяд прырост тых, хто захварэў на наркаманію, у Беларусі складаў 1000 чалавек штогод. У пачатку студзеня 2015 года быў уведзены ў дзеянне дэкрэт №6 «Аб неадкладных мерах па супрацьдзеянні незаконнаму абароту наркотыкаў», дзякуючы якому ўдалося ў мінулым годзе спыніць рост распаўсюджвання псіхатропных рэчываў, а ў гэтым скараціць лік нарказлачынстваў на 10%. Акрамя таго, на траціну паменшылася колькасць зваротаў ва ўстановы аховы здароўя з перадазіроўкай, а таксама напалову — выпадкаў ужывання наркотыкаў непаўналетнімі. Васіль Лосіч адзначыў, што Беларусь адна з нешматлікіх краін ва ўсім свеце, дзе ўдалося не толькі спыніць рост нарказлачынстваў, але і накіраваць яго на спад.

Тое самае можна сказаць пра гандаль людзьмі і працоўнае рабства. Намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення па наркакантролі і супрацьдзеянні гандлю людзьмі Сяргей КАЛТУН падкрэсліў, што супрацьдзеянне гэтаму сацыяльнаму злу з'яўляецца прыярытэтам дзяржаўнай палітыкі і знаходзіцца на асобым кантролі кіраўніка рэспублікі. З 2005 года была праведзена маштабная работа па ўдасканаленні заканадаўчай базы, якая рэгулюе пытанні гэтай сферы ў нашай краіне і адпавядае міжнародным стандартам. За гэты час было раскрыта 22 міжнародныя злачынныя арганізацыі і 85 арганізаваных груп, асуджана больш за 2,5 тысячы трафікёраў. Прыняўшы да ўвагі транснацыянальны характар гэтай праблемы, у 2014 годзе Беларусь далучылася да Канвенцыі Савета Еўропы аб супрацьдзеянні гандлю людзьмі. Часцей за ўсё абяцаннямі «салодкага жыцця» завабліваюць у Расію, Турцыю і Польшчу, аднак некаторыя аказваюцца ў амаль бязвыхаднай сітуацыі і ўнутры краіны. Так, напрыклад, пад выглядам курсаў эратычнага масажу дзейнічала сетка бардэляў, для працы ў якіх падманным шляхам прыцягваліся студэнткі.

Акрамя таго, на кантролі ўпраўлення знаходзіцца барацьба з распаўсюджваннем дзіцячай парнаграфіі і педафіліі. Найбольш актыўна злачынцы дзейнічаюць праз сетку інтэрнэт, прыкідваючыся дзецьмі і дабіваючыся блізкіх зносін з непаўналетнімі. Толькі ў 2016 годзе было выяўлена 90 фактаў распаўсюджвання дзіцячай парнаграфіі і больш за 250 выпадкаў дзеянняў сексуальнага характару ў дачыненні да непаўналетніх. Адносна гэтага роду злачынстваў ужо дзейнічае досыць жорсткае заканадаўства, якое, хутчэй за ўсё, стане яшчэ больш суровым, і, як паказвае практыка, часцей за ўсё ў такіх выпадках прызначаюцца максімальныя з магчымых віды пакаранняў.

Дар'я КАСКО

kasko@zvіazda.by

Загаловак у газеце: Нарканезалежнасць

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».