Вы тут

Дзмітрый Шляхцін: «Галоўны герой — музейны прадмет»


І сучасныя тэхналогіі, на думку новага дырэктара Беларускага дзяржаўнага музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны, яго ніколі не заменяць.

Кабінет многае можа сказаць пра яго гаспадара. У кансерватыўнай абстаноўцы офіса новага дырэктара Беларускага дзяржаўнага музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны ёсць тое, што выбіваецца з агульнай канцэпцыі інтэр'ера. На сцяне, побач са сціплым дыпломам, уручаным некалі Дзмітрыю Шляхціну высокім чыноўнікам, вісіць вялікая рамка. За шклом — чорна-белыя фотаздымкі, узнагародныя лісты. Гэта сямейная спадчына Шляхціных, пакінутая дзедам, ветэранам Вялікай Айчыннай вайны. Такім чынам захаванне памяці ў музеі пачынаецца з кабінета дырэктара. Адсюль — і першае пытанне.


— Вялікая Айчынная вайна, за рэдкім выключэннем, закранула кожную беларускую сям'ю. Бачу, што і ў вашым радаводзе былі тыя, пра каго варта расказаць калі не ў музейнай экспазіцыі, дык хоць бы на старонках газеты «Звязда»...

— Мой дзядуля па матчынай лініі, Мікалай Іванавіч Пятроў, у Чырвоную Армію быў прызваны ў 1944 годзе, таму застаў асноўныя баі па вызваленні Еўропы ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Вызваляў Варшаву, удзельнічаў у Вісла-Одэрскай і Берлінскай аперацыях. Падчас апошняй быў паранены, на чым яго баявы шлях скончыўся. Сёння мы беражліва захоўваем дзядулевы ўзнагароды: ордэны Айчыннай вайны І і ІІ ступеняў, ордэн Чырвонай Зоркі, медалі «За баявыя заслугі», «За вызваленне Варшавы», «За ўзяцце Берліна», «За Перамогу над Германіяй у Вялікай Айчыннай вайне 1941—1945 гг.».  Бабуля мая, Любоў Сямёнаўна Пятрова, не ваявала, але ўсю вайну пражыла на акупаванай тэрыторыі.

— Дзмітрый Генадзевіч, за вашымі плячамі — багаты вопыт працы ў Нацыянальным гістарычным музеі. У Мінкульце вы курыравалі ўстановы культуры, таму добра ведаеце музейную «кухню». На вашу думку, якое асноўнае прызначэнне Беларускага дзяржаўнага музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны?

— У захаванні памяці пра адну з самых жудасных войнаў у гісторыі чалавецтва, якая ў значнай ступені паўплывала на развіццё Беларусі, многіх іншых краін. Другая сусветная вайна паказала, якім чынам жорсткасць і агрэсія могуць быць накіраваны на знішчэнне вялікай колькасці людзей, што прадстаўляюць розныя народы, краіны, палітычныя і рэлігійныя плыні. Для таго каб гэта ні ў якім разе не паўтарылася, мы павінны захаваць памяць аб вайне, пашырыць яе сярод насельніцтва не толькі нашай краіны, але і замежных гасцей Беларусі, горада Мінска.

— Якія экспазіцыйныя блокі, магчыма, залы музея, уражваюць вас у першую чаргу як наведвальніка?

— Добры настрой падчас наведвання нашага музея стварае зала «Дарога вайны». Гэта той раздзел экспазіцыі, які не мае аналагаў у іншых музеях. Тут не проста экспануецца тэхніка. Дзякуючы арыгінальнаму выкарыстанню плошчы, прасочваецца дынаміка, пэўнае дзейства. Гэта дазваляе наведвальнікам адразу пагрузіцца ў атмасферу ваеннага часу.

Але мне даволі складана ацэньваць экспазіцыю толькі з пункту гледжання наведвальніка. Як у прафесіянала, у мяне ёсць пэўныя заўвагі, прапановы па далейшым удасканаленні экспазіцыі. Неабходна займацца мадэрнізацыяй, і з наступнага года мы пачнём гэтую працу. Прааналізуем усе канструктыўныя прапановы нашых наведвальнікаў, грамадскасці: чаго ім не хапае, якія раздзелы трэба ўзмацніць, што ўвогуле зрабіць для таго, каб чалавек адчуваў сябе ў музеі гісторыі Вялікай Айчыннай вайны дастаткова камфортна. Безумоўна, нешта мы бачым самі. Але калі нашы пазіцыі — у грамадскасці і музея — супадуць, то будзем займацца гэтым у першую чаргу. У любым выпадку, мы не ўспрымаем стацыянарную экспазіцыю як ужо канчатковы факт. Павінны быць шырока прадстаўлены фонды музея, што мы і зробім менавіта дзякуючы ўзмацненню некаторых тэм. Думаю, што, планава выстройваючы гэтую работу, кожны год будзем прыўносіць нешта новае. Але асноўны прынцып экспазіцыі, безумоўна, застанецца, бо экспазіцыя — гэта, перш за ўсё, музейныя прадметы.

— Не баіцеся, што замест канкрэтных прапаноў наведвальнікі масава панясуць у музей прадметы, звязаныя з ваеннай гісторыяй іх сем'яў?

— Мы павінны разумець, што наш музей — гэта асноўнае сховішча артэфактаў па гісторыі Вялікай Айчыннай вайны. Людзі рэгулярна прапануюць перадаць нешта ў дар музею. Безумоўна, нам гэта цікава, і мы прымаем гэтыя прадметы. Але гэта не значыць, што яны адразу з'явяцца ў экспазіцыі. Не цалкам задзейнічаны патэнцыял нашых фондавых калекцый па тых жа самых Героях Савецкага Саюза. Здаецца, музей вялікі, а насамрэч прадставіць усё, што ёсць у фондах па больш-менш знакавых асобах, даволі складана. Іначай ад столі да падлогі ўсё было б завешана фотаздымкамі, узнагародамі, асабістымі рэчамі — і гэта хутчэй нагадвала б не экспазіцыю, а паноптыкум. У любым выпадку, з усімі, хто прынясе да нас рэчы, мы будзем размаўляць. У кожнага прадмета — свая цікавая гісторыя. Часам здаецца, героікі там вялікай няма, подзвігу таксама, але ёсць некаторыя побытавыя рэчы, якія па-іншаму дазваляюць нам зазірнуць у тую эпоху.

Вайна — гэта з'ява, гістарычныя факты, за кожным з якіх стаіць чалавек.

У экспазіцыі расказваецца і пра тых, хто ствараў падпольную «Звязду».

— У той вайне было шмат і таго, пра што ў свой час было не прынята гаварыць: памылкі кіраўніцтва ў першапачатковы перыяд, калабарацыянізм... Але пра гэта трэба расказваць, каб больш такога ніколі не паўтарылася. У той жа час, як, аб'ектыўна паказваючы гісторыю Другой сусветнай вайны, пазбегнуць гераізацыі фашызму?

— Некаторыя людзі, якія лічаць сябе вучонымі, а насамрэч яны нават не публіцысты, на гэтых гістарычных момантах у свой час разгарнулі цэлыя даследаванні. І да таго дайшло, што рабілі выснову, быццам бы Савецкі Саюз сам рыхтаваўся да нападу на Германію. Галоўнае, з чаго мы павінны пачынаць даследаванне Вялікай Айчыннай вайны: нацызм — гэта зло. У любым яго праяўленні, якую краіну ён бы ні закранаў, нацызм прыводзіў толькі да агрэсіі і жорсткасці. Калі кожны з нас усвядоміць гэта, то па-іншаму будзе глядзець і на некаторыя аспекты, звязаныя з Другой сусветнай вайной. Так, мы паказваем у экспазіцыі фашысцкія лістоўкі, якія друкаваліся на беларускай мове. Здавалася б, прыйшлі акупанты, стварылі нейкія ўмовы для развіцця нацыянальнай беларускай ідэі. Людзі, якія разумелі сутнасць такой гульні, ведалі, што робіцца гэта толькі дзеля таго, каб раскалоць беларускае грамадства. Заўсёды ёсць нейкая група людзей, якая супрацьстаіць большасці. Але ў падполлі і партызанскіх атрадах беларусаў было значна больш, чым у паліцыі. Калабарацыянізм не меў вырашальнага значэння для ходу Вялікай Айчыннай вайны. Безумоўна, на пачатковым этапе вайны былі пэўныя пралікі з боку камандавання Чырвонай Арміі, але яны былі і ў ідэолагаў, і ў ваенных дзеячаў Трэцяга рэйха. Гітлераўцы не да канца разумелі, супраць якіх народаў ваююць і як яны павядуць сябе ў той ці іншай сітуацыі.

— Музей напоўнены безліччу сучасных тэхналогій, якія ўражваюць, дазваляюць больш тонка адчуць сітуацыю... Без гэтага сучасны музей абысціся, напэўна, ужо не можа. А якое месца на гэтым фоне адведзена музейнаму прадмету? Можа быць, гэта ўжо ўчарашні дзень?

— Музейны прадмет — аснова музея, яго галоўны герой. Безумоўна, 3D-інсталяцыі, дыярамы, праекцыі — неабходныя рэчы, бо яны дазваляюць стварыць пэўны вобраз для таго, каб паглыбленне ў экспазіцыйную атмасферу было паўнейшым. Сам музейны прадмет, калі яго проста паставіць у зале, пра сябе нічога не раскажа. А калі яго правільна абыграць (а гэта задача і навуковых супрацоўнікаў, і экспазіцыянераў), то ён падчас будзе ўздзейнічаць мацней, чым сучасныя тэхналогіі. Калі мы бачым у нашай экспазіцыі пляшку з упрасаваным у яе фрагментам чалавечай косткі, адразу ўсведамляем увесь жах той вайны і бесчалавечнасць, якая адбывалася на беларускай зямлі. І ў гэтым якраз сутнасць музейнай справы. Мы ж збіраем прадметы не толькі для таго, каб захаваць іх для ўсіх наступных пакаленняў, а і каб з іх дапамогай паказаць усё тое, што было рэальна. Мы ж можам і Джаконду пабачыць у інтэрнэце (тая ж самая сучасная тэхналогія), але людзі шукаюць магчымасць паглядзець ёй у вочы, а значыць, прыехаць у музей. Гэтая непасрэдная сувязь паміж наведвальнікам і музейным прадметам заўсёды будзе аказваць большае ўздзеянне на чалавека, чым пэўныя лічбавыя ці камп'ютарныя тэхналогіі.

— Амаль з самага свайго адкрыцця музей працуе і як своеасаблівы грамадскі цэнтр. Тут праводзяцца розныя сустрэчы, ладзяцца прэзентацыі, уручаюцца пагоны...

— Будзем развіваць і гульнявыя формы работы ў межах музейнай педагогікі для малодшага школьнага ўзросту. Не заўсёды нават выкладчыкі ў школах разумеюць, што нельга вучняў трэціх-чацвёртых класаў выпускаць на аглядную экскурсію ў паўтары гадзіны. Гэта няправільна, бо ў такім узросце дзіця трымае ўвагу на працягу 30, ад сілы 40 хвілін. Але, каб пазнаёміцца з усёй музейнай экспазіцыяй, гэтага мала. Зараз мы ўжо працуем над тым, каб зрабіць экскурсіі для малодшых школьнікаў больш цікавымі. Будзем шукаць аўтарскія падыходы і ў іншых кірунках. Усё зробім дзеля таго, каб у музеі вайны, а гэта ўсё ж такі асаблівае месца (тут вельмі шмат гора і слёз), кожны раз наведвальнік знаходзіў для сябе нешта новае.

Але ў пошуку навацый важна не парушыць адзін з галоўных прынцыпаў існавання музея: мяжа паміж музеем і балаганам вельмі тонкая, і пераступіць яе вельмі лёгка.

У музейнай Зале Перамогі праходзяць шматлікія ўрачыстасці.

— Яшчэ калі ўзводзіўся новы будынак музея, ішла гаворка пра тое, што будзе створаны дэпазітарый, які зможа ўтрымліваць фонды як музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны, так і іншых, якія размяшчаюцца ў Мінску. Музей функцыянуе ўжо трэці год, а будаўніцтва дэпазітарыя нават не пачалося. Як вырашаецца праблема захоўвання калекцый?

— Адразу было зразумела, што будаваць паралельна два такія буйныя аб'екты немагчыма: як фінансава, так і з пункту гледжання іншых аспектаў. Усе любяць марыць пра тое, што ў кожнага музея з'явіцца асобны будынак з вялікай колькасцю фондасховішчаў пад розныя групы прадметаў. У кожным музеі, калі грунтоўна падысці да размеркавання плошчы, арганізацыі сістэмы захоўвання ў саміх фондасховішчах, большую частку праблем, якія тычацца захоўвання культурных каштоўнасцяў, можна вырашыць. Так, праект па дэпазітарыю ёсць, ад яго пакуль яшчэ ніхто не адмаўляўся. Але цяпер я раблю выснову, што пытанне захоўвання калекцый не з'яўляецца для нас вострым. У будынку музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны існуе пэўная колькасць фондасховішчаў. Пад іх мы прыстасавалі і некаторую частку памяшканняў. Ёсць яшчэ дастатковая колькасць рэзерваў для пашырэння магчымасцяў фондасховішча, і іх нам хопіць на пэўны перыяд часу.

— Калі ў кватэры з'яўляецца новы гаспадар, жыллё набывае іншы выгляд, у ім віруе новы настрой і нават з'яўляюцца іншыя людзі. Які лёс чакае храм памяці, як справядліва ахрысцілі музей, за новым гаспадаром?

— Лёс музея складваецца незалежна ад таго, хто яго ўзначальвае. Дырэктар жа не ўласнік. Я не пан, а супрацоўнікі — не мае прыгонныя сяляне. Не прытрымліваюся пазіцыі, калі новы дырэктар адразу павінен звольніць частку людзей або іншым чынам вырашыць кадравае пытанне. Вядома, падчас сваёй дзейнасці мы будзем глядзець на кожнага і браць ад яго максімум таго, што ён можа даць музею, а гэта значыць — і грамадскасці, і дзяржаве ў цэлым. Калі чалавек будзе сядзець нага за нагу, безумоўна, мы будзем прымаць жорсткія кадравыя рашэнні. А калі супрацоўнік спраўляецца са сваёй працай і яму трэба стварыць дадатковыя ўмовы для творчасці, мы знойдзем такія магчымасці. Патэнцыял музея вельмі вялікі. 2,5 года — гэта быў перыяд станаўлення музея ў гэтым будынку. Неўзабаве ўсе пытанні па гаспадарчай частцы мы закрыем, і ў нас з'явіцца больш магчымасцяў, каб заняцца пытаннямі развіцця ўстановы. Калі мы кажам, што гэта дзяржаўны праект, то ён павінен рухацца наперад.

Для знаёмства

Дзмітрый Шляхцін — мінчанін. Нарадзіўся ў 1984 годзе ў сям'і служачых. Скончыў беларускамоўную сярэднюю школу № 111 (цяпер 14-я гімназія), музейнае аддзяленне гістарычнага факультэта БДУ. Яшчэ будучы студэнтам, працаваў экскурсаводам у Нацыянальным гістарычным музеі Беларусі, пасля быў захавальнікам ваенна-гістарычных калекцый музея. У Міністэрстве культуры прайшоў шлях ад галоўнага спецыяліста да намесніка начальніка ўпраўлення. Падчас прафесійнай дзейнасці ў Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь займаўся пытаннямі культурнай палітыкі і развіцця культурнай сферы. Новую пасаду Дзмітрый Шляхцін займае з 1 верасня гэтага года.

Вераніка КАНЮТА

kanyuta@zvіazda.by

Фота Аляксандра ШАБЛЮКА

Загаловак у газеце: Галоўны герой — музейны прадмет

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».