Вы тут

Як узаемадзейнічаюць мас-медыя Беларусі і Санкт-Пецярбурга


У Міністэрстве інфармацыі Рэспублікі Беларусь адбыўся «круглы стол» з удзелам міністра інфармацыі Ліліі Ананіч і старшыні Камітэта па друку і ўзаемадзеянні са СМІ Санкт-Пецярбурга Сяргеем Серазлеевым.


У нашай краіны склаліся добрыя стасункі з мас-медыя гэтага рэгіёна Расійскай Федэрацыі. Пачынаючы размову ў Мінску, Сяргей Серазлееў падкрэсліў, што збіраецца абмеркаваць адносіны творчага, кнігавыдавецкага, літаратурнага характару. Таму, відавочна, і ўдзельнікамі «круглага стала» былі пісьменнікі, кіраўнікі выдавецтваў, паліграфічных прадпрыемстваў, «Белкнігі».

Дарэчы, дзякуючы рашэнню Камітэта па друку і ўзаемадзеянні са СМІ ў «Кніжнай лаўцы пісьменніка» на Неўскім праспекце адкрыты беларускі аддзел. Ён насычаецца навінкамі з Беларусі за кошт намаганняў «Белкнігі».

Сяргей Серазлееў падрабязна расказаў пра тое, як у горадзе на Няве аказваецца матэрыяльная падтрымка пісьменніцкім ініцыятывам. Спыніўся на арганізацыі мерапрыемстваў па продажы кнігі, яе рэкламе, увогуле па пашырэнні інфармацыі пра дзейнасць пісьменніцкіх саюзаў. Было што расказаць і беларускім калегам. Асабліва — у справе сумеснага выдавецкага, творчага працэсу. У Мінску выдадзены альманах «Сугучча: Беларусь — Санкт-Пецярбург», куды ўвайшлі творы расійскіх і беларускіх калег. У Выдавецкім доме «Звязда» пабачыла свет кніга санкт-пецярбургскага пісьменніка Барыса Косціна, прысвечаная Сімяону Полацкаму. Шмат твораў паэзіі і прозы калег з горада на Няве ў апошнія гады надрукаваў часопіс «Нёман».

У час сустрэчы было абмеркавана пытанне сумеснага выдання двухтомнай мастацка-дакументальнай біяграфіі акадэміка Я. Карскага, напісанай яго праўнукам — санкт-пецярбургскім даследчыкам А. Карскім. Асобныя раздзелы гэтай грунтоўнай працы ўжо друкаваліся ў часопісе «Нёман».

Магчыма, супольнай працай двух медыйных ведамстваў магло б стаць выданне творчай спадчыны ўраджэнца Беларусі празаіка, драматурга, ваеннага публіцыста Аркадзя Пінчука, які апошнія дзесяцігоддзі свайго жыцця правёў у Ленінградзе — Санкт-Пецярбургу. За публіцыстычную дзейнасць наш зямляк (а нарадзіўся ён на Гомельшчыне, у Васілевічах) адзначаны Дзяржаўнай прэміяй Расійскай Федэрацыі. А ў Саюз пісьменнікаў Аркадзя Фёдаравіча ў свой час прынялі менавіта ў Мінску. І першая яго кніга была выдадзена па-беларуску. Шмат агульнага Беларусь і Санкт-Пецярбург у частцы падтрымкі мастацкай літаратуры маглі б рэалізаваць і на інтэрнэт-партале «Сугучча: літаратура і публіцыстыка краін СНД». Пра гэта гаварылі на «круглым стале» і міністр інфармацыі Лілія Ананіч, і дырэктар — галоўны рэдактар Выдавецкага дома «Звязда» Алесь Карлюкевіч.

Сяргей Шычко

Фота Надзеі БУЖАН

Загаловак у газеце: З берагоў Нявы

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».