Вы тут

Як вызначаюць лепшых супрацоўнікаў Дэпартамента аховы


Моцных, суровых мужчын цяжка западозрыць у забабонах, так што «чортаў тузін» замест страху выклікае ў іх хутчэй усмешку. Трынаццаты раз прадстаўнікі Дэпартамента аховы з усёй Беларусі сышліся ў барацьбе за званне лепшага. Каб перамагчы, трэба не толькі дасканала валодаць прафесійнымі навыкамі, але і ўмець сабрацца ў стрэсавай сітуацыі і галоўнае — зладжана працаваць у камандзе.


Міліцыянеры ўступаюць у схватку адзін з адным

Дарэчы, уяўленні пра тое, што такое стрэсавая сітуацыя, у міліцыянераў некалькі адрозніваюцца ад агульнапрынятых. Калі ўзаемадзеянне з правапарушальнікамі — справа штодзённая, то публічныя выступленні — зусім не. І ўсё роўна, што сярод гледачоў толькі члены журы і калегі-сапернікі: часам напружанне дасягае піку.

Акрамя агульных конкурсаў у камандзе, кожны адказвае за свой, адпаведны штодзённым абавязкам, «фронт работы». Усяго 8 каманд — ад 6 абласцей, сталіцы і ўпраўлення па ахове дыпламатычных прадстаўніцтваў і консульскіх устаноў замежных дзяржаў. Кожны ўдзельнік прайшоў папярэдні адбор, акрамя таго, як прызнаюцца самі канкурсанты, у многіх камандах склад амаль не змяняецца з году ў год. Гэта толькі дадае спаборніцтвам вастрыні: хтосьці прыехаў паўтарыць поспех, а хтосьці наадварот — узяць рэванш за мінулы год.

Сёлета конкурс прымае сталіца, разам з трэніроўкамі спаборніцтвы доўжацца 4 дні. У праграме розныя тыпы выпрабаванняў: ёсць і тэорыя, і практыка, і нават спартыўныя дысцыпліны. Першы этап — тэарэтычны экзамен па спецыяльнай, медыцынскай і страявой падрыхтоўцы. Каб яго паспяхова прайсці, трэба добра разбірацца ў нарматыўна-прававой базе, дасканала вывучыць Страявы Статут, быць «на ты» са зброяй і, вядома ж, ведаць алгарытм дзеянняў у канкрэтных сітуацыях. Акрамя таго, неабходна валодаць глыбокімі ведамі ў сваёй сферы. Так, кінолагам задаюць пытанні аб доглядзе і ўтрыманні службовых сабак, методыцы іх трэніроўкі, а міліцыянерам-кіроўцам — аб тонкасцях правілаў дарожнага руху. Дарэчы, пра іх: практычныя часткі спаборніцтваў міліцыянераў-кіроўцаў і міліцыянераў-кінолагаў выглядаюць вельмі захапляльна, у некаторыя моманты здаецца, што знаходзішся на здымачнай пляцоўцы галівудскага блокбастара.

Каляіна, змейка, перастаўка і дакладнае спыненне

На аўтадроме «Цэнтра павышэння кваліфікацыі кіруючых работнікаў і спецыялістаў» Дэпартамента аховы МУС, на базе якога праходзяць спаборніцтвы, нягледзячы на тое, што на гадзінніку няма яшчэ і 8 раніцы, шматлюдна. Зноў і зноў удзельнікі спрабуюць прайсці заблытаны маршрут. Пакуль гэта толькі трэніроўка, таму ўсе выконваюць заданні ўпэўнена і дакладна. Але як толькі пачынаюцца спаборніцтвы, хваляванне дае сябе адчуць.

Парадак такі — два члены каманды на сваёй рабочай машыне па чарзе выконваюць заданні. Першае, што трэба зрабіць, — замяніць «прабітае» кола. Пасля гэтага, ні секунды спачыну, пастарацца правымі коламі ўпісацца ў вузкі праезд: гэты элемент называецца «каляіна». Далей — самае складанае: камбінацыя са «змеек», «васьмёрак», «перастановак» і «габарытных калідораў». Завяршае этап «дакладны прыпынак»: трэба дакрануцца да фішкі, якая стаіць наперадзе, не ссунуўшы з месца дзве іншыя. Улічваецца не толькі чысціня выканання, але і хуткасць. Каб вывучыць «маршрут», ва ўдзельнікаў спаборніцтваў ёсць тыдзень, але ён даволі складаны, таму «на нервах» некаторыя блытаюць парадак і колькасць элементаў.

Па словах падпалкоўніка міліцыі, старшага выкладчыка навучальнага цэнтра Юрыя КРАСНОВА, лепш за ўсё спраўляюцца з заданнямі тыя, хто не спяшаецца, а добра абдумвае кожнае дзеянне. У выніку, яны праходзяць этап не толькі больш акуратна, але і хутчэй. У цэлым большасць заданняў накіравана на «пачуццё габарытаў», якое абвастраецца па меры набыцця вопыту.

Усе пільна сочаць за тым, як іншыя выконваюць заданні. Атмасфера досыць напружаная.

— Эх, праваліўся я ў гэтым годзе! — расчаравана ўздыхае леташні пераможца сярод міліцыянераў-кіроўцаў Андрэй КРУПНЯКОЎ з каманды Гродзенскай вобласці. На гэтым этапе ён выступаў першым. — Усё не задалося з самага пачатку: на тэарэтычным экзамене ў мяне склеіліся лісцікі з пытаннямі, таму я не заўважыў другой часткі і замест 20 заданняў выканаў толькі 10. Вы не ўяўляеце, наколькі важны гэты конкурс, пра яго ж потым увесь год да наступных спаборніцтваў успамінаюць. А які гонар быць камандай-пераможцай! У нас вельмі моцныя кінолагі, спадзяюся, яны не падвядуць».

Ну што ж, адпраўляемся паглядзець, як выяўляюць сябе чатырохногія служачыя.

«У першую чаргу ён работнік, а толькі потым — сябар»

Месца правядзення гэтага этапу спаборніцтваў без цяжкасці можна вызначыць яшчэ здалёк. Аб сваёй прысутнасці сабакі-канкурсанты заяўляюць гучным брэхам. На службе ў дзяржавы пераважна нямецкія аўчаркі, як рэдкае выключэнне — бельгійскі від гэтай жа пароды, які па-іншаму называецца прыгожым словам «малінуа». Як толькі пачынаем распытваць аб спаборніцтвах сярод сабак, нам указваюць на памылку: конкурс праводзіцца менавіта сярод кінолагаў, бо поспех залежыць ад іх практычна на 100 працэнтаў.

— Кожны выступае, як, у прынцыпе, і працуе, са сваім сабакам. Гэта значыць адзін кінолаг пастаянна займаецца толькі з адным гадаванцам, пакуль таму не прыходзіць пара «выходзіць на пенсію». Ва ўзросце некалькіх месяцаў са шчанюком праводзяцца розныя тэсты, якія дазваляюць вызначыць яго характар і здольнасці. Дасведчаны кінолаг ніколі не абярэ сабаку толькі па адным вонкавым выглядзе, для прадуктыўнай працы неабходны падобны тэмперамент, — дзеліцца прафесійнымі сакрэтамі прадстаўнік Брэста Дзмітрый ЯРАШУК. — Як толькі сабака абраны, пачынаецца яго навучанне, падчас якога трэба быць надзвычай асцярожным. Нават калі адзін раз несвоечасова тузануць за ланцужок, у сабаку назаўжды гэта застанецца ў памяці і прымусіць яго паўтарыць тое ж дзеянне больш не ўдасца. Умоўны рэфлекс!

На конкурсе правяраюць навыкі сабак, а дакладней — уменне кінолагаў іх навучыць, у выкананні каманд, праходжанні паласы перашкод і пошуку злачынцы. Апошні этап адпавядае рэальным рабочым задачам. Сабаку даюць «занюхаць доказ» (у гэтым выпадку хусцінка), а потым па гэтым жа паху ён знаходзіць альбо чалавека, альбо прадмет. Акрамя таго, ён павінен паказаць гэта абумоўленым раней спосабам. За чысціню выканання таксама налічваюцца балы.

Калі на месцы спаборніцтваў з'яўляецца кінолаг са сваім падапечным, здаецца, што паміж імі выключна адносіны начальнік-падначалены: у голасе міліцыянераў чутны сталёвыя ноткі. Але як толькі этап у мінулым, чатырохногага калегу можна і пачаставаць чым-небудзь смачным, і пагладзіць. Справіцца з заданнямі атрымліваецца далёка не ў кожнага: сабакі раз-пораз упэўнена выбіраюць не тую пару туфляў (яны выступаюць у якасці прадмета пошуку).

— Мы рыхтуем сабак да службы ў складаных умовах, у прыватнасці, у горадзе, дзе змешваецца велізарная колькасць пахаў. Аднак універсальных служачых, як камісар Рэкс, усё ж не бывае. У кожнага сабакі свой профіль. Хтосьці накіраваны на пошук наркотыкаў, а хтосьці — людзей, — расказаў старшы інспектар па асобых даручэннях (па кіналагічнай рабоце) упраўлення міліцэйскай, ваенізаванай і вартавой аховы Павел ДОМНІЧ.

Пакуль кіроўцы спрабуюць акуратна прыпаркавацца, а кінолагі накіраваць сабаку па дакладным следзе, іншыя члены каманды абследуюць «умоўны» аб'ект. Усе збіраюцца толькі на комплексным экзамене, падчас якога кожны займаецца сваімі рабочымі абавязкамі. У канцы — спартыўны этап: камбінаваная міліцэйская эстафета, у якой удзельнічаюць усе члены каманды. Дарэчы, стараюцца праявіць сябе найлепшым чынам яны нездарма: каманда-пераможца адпраўляецца дадому на новым службовым аўтамабілі.

Дар'я КАСКО

kasko@zvіazda.by

Фота Анатоля Клешчука

Загаловак у газеце: Гонкі на машынах, фізічныя выпрабаванні і ўменне ладзіць з чатырохногімі калегамі

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?