Вы тут

Заморскае шчасце


Яно як экзатычны ласунак — знешне прывабнае, але ці варта каштаваць?


Вы, напэўна, ужо чулі гэту гісторыю, як беларускія і расійскія дыпламаты нашу суайчынніцу з дачкой з іарданскага «палону» вызвалялі. Амаль дэтэктыў, а што сцэнарый серыяла можна пісаць — дык гэта дакладна. Пойдзе ў гледача на ўра, бо гісторыя хутчэй тыповая, а значыць, многім блізкая. Калі б не ўмяшанне шарыяцкага суда Іарданіі, а пасля, як следства, — нашага МЗС, увогуле была б звычайнай, шчаслівай або не (хутчэй — апошняе).

Дык вось, паводле сцэнарыя (тут можна крыху пафантазіраваць, хоць падрабязнасці невядомыя, але імавернасць таго, што было менавіта так, вельмі нават вялікая. Хаця б таму, што аўтарка гэтых радкоў не аднойчы станавілася сведкай, а, здаралася, без дзвюх хвілін дзеючай асобай падобнай гісторыі. Прынамсі пачынаюцца яны ўсе амаль аднолькава). Жыла-была дзяўчына, і ўсё было пры ёй — і прыгажосць, і розум. Не было толькі шчасця — такога, як у кіно ці ў кніжках, калі і кампліменты, і падарункі, і прагулкі ў рамантычнай атмасферы, і захапленне ў вачах таго, хто побач. (Думаю, суайчынніцы мяне падтрымаюць, калі скажу, што большасць нашых мужчын у плане заляцанняў — бы копы сена: гэткія самыя нехлямяжныя, маўклівыя і нерухавыя.)

Але дзяўчыне пашанцавала, і сустрэла яна палкага заморскага прынца з аксамітнымі вачыма (дзе сустрэла — тут могуць быць варыянты. Часцей — на адпачынку ў іншай краіне. Здараецца, праўда, зусім рэдка, што «прынцы» прыязджаюць да нас — вучыцца, напрыклад, як у нашай гісторыі). Прынц гаварыў шмат прыгожых слоў (калі слоў не хапала — гаварылі аксамітныя вочы), быў клапатлівым і пяшчотным. Той час, што яны былі разам, ператварыўся ў сапраўдную ўсходнюю казку.

Але потым ім давялося развітацца, і засталіся ў памяці толькі шыкоўныя ўспаміны і даволі ілюзорная надзея на тое, што гісторыя калі-небудзь будзе мець працяг.

У нашым выпадку працяг яна займела вельмі драматычны. Спачатку дзяўчына нарадзіла дзіця ад той рамантычнай прыгоды, пасля аб'явіўся і яе галоўны персанаж. Ён запрасіў старую знаёмую прыехаць да яго ў госці з дачкой. Адпачыць у цікавай краіне, нічым не падобнай на Беларусь, ды яшчэ сустрэцца з героем свайго рамана — хто б не спакусіўся? У пачатку ўсё ішло вельмі добра, але, пэўна, ужо не пачуцці кіравалі сітуацыяй, бо каханкі пасварыліся. Прычым так, што «прынц», які ведаў, што дзіця ад яго, звярнуўся ў шарыяцкі суд — у свецкай Іарданіі ў момантах сямейнага права ён мае законную сілу — з тым, каб дачку прызналі яго дачкой, а маці дзяўчынкі — яго жонкай. (Пра згоду апошняй тут ужо ніхто не пытаўся.)

Доўжылася гэта гісторыя, якая з прыгоды ў адзін момант стала кашмарам, з пачатку жніўня. Мала таго, што грамадзянкі Беларусі не маглі выехаць на Радзіму — маці за гэты час пабывала пад арыштам, сямігадовая дзяўчынка — у прытулку, дзе не было ніводнага знаёмага твару і ўсе гаварылі па-арабску. А дома, у Мазыры, два месяцы не знаходзіла сабе месца яшчэ адна жанчына — мама і бабуля іарданскіх нявольніц.

Дзякуй богу, усё скончылася добра. Беларускія дыпламаты задзейнічалі ўсе каналы і сувязі, каб вызваліць суайчынніц з гэтай неспадзяванай бяды. Але ці стане яна ўрокам для соцень дзяўчат і маладых жанчын, якія, бы ў вір галавой, кідаюцца ў рамантычныя прыгоды з заморскімі прынцамі — уладальнікамі стройнай постаці, аксамітна-чорных вачэй і меладычна-млявага голасу? Разумееш, што наўрад, калі бачыш салодкія парачкі каля сталічных студэнцкіх інтэрнатаў.

Пра турэцкія ды егіпецкія курорты нават згадваць не буду — хто хоць раз там быў, зразумее, пра што я.

Мне, дарэчы, у гэтым плане калісьці вельмі пашанцавала, бо ружовыя акуляры толькі збіралася на нос начапіць, а тут з'явіўся чалавек, які іх забраў і ў незваротную далеч закінуў. Звалі яго — толькі не смейцеся! — Карым, і быў ён туніскім берберам. Прыгожы — вачэй не адвесці. Але на існуючую рэальнасць глядзеў абсалютна па-нашаму, па-славянску, — пяць гадоў варонежскага журфака не прайшлі дарэмна. Быў ён нашым рускамоўным гідам па Сахары. Даведаўшыся, што я калега, а яшчэ, пэўна, злавіўшы мой амаль закаханы погляд, ён цэлы вечар... маляваў мне рэальную карціну таго, што адбываецца навокал. Лейтматывам гучала: ты прыехала ў абсалютна чужую краіну, маеш справу з людзьмі, пра традыцыі і лад жыцця якіх ведаеш у лепшым выпадку вельмі павярхоўна з мастацкіх твораў. Таму слухай, запамінай, назірай сама...

Шмат цікавых рэчаў я пачула ў той дзівосны вечар (мы сядзелі каля вогнішча ў халоднай пустыні, зоры былі так нізка, што можна было да іх дакрануцца, а голас у мужчыны быў мяккі, як і позірк яго зялёных вачэй). Напрыклад, пра тое, адкуль ва ўсходніх хлопцаў столькі нерастрачанай пяшчоты. У тым жа Тунісе, напрыклад, каб ажаніцца, трэба мець тры рэчы: машыну, кватэру і тэлевізар. Калі гэта праграма-мінімум не выканана — ні адзін бацька за цябе сваю дачку не аддасць. Мусульманскія дзяўчаты строгіх правіл, таму аб адносінах з імі да шлюбу і гаварыць не варта. У краіне беспрацоўе, і зарабіць нават на тэлевізар, не кажучы ўжо пра кватэру, шмат каму не ўдаецца. Карацей, тысячы маладых здаровых мужчын вымушаны жыць (выбачайце, гавару як ёсць) без сексу. Каб не даступныя еўрапейкі, што прыязджаюць адпачываць, — зусім была б бяда. А гэтым некалькі слоў скажаш, у вочы пяшчотна глянеш — вынік амаль стопрацэнтны. Спрацоўвае не толькі дома, але і на выездзе: на захадзе мужыкі баяцца заляцацца, бо абвінавацяць у дамаганні, славяне ўвогуле сваіх прыгажунь не цэняць... Жаніцца? Ну, калі «пасагу» сабе так і не сабраў, можна і з «наташай». Праўда, падпарадкоўвацца яна будзе тваім законам і тваёй веры. І рабіць ты зможаш з ёй усё што захочаш...

Вось так і не атрымалася ў мяне ні тады, ні тым больш пасля гісторыі «як у кіно»... А калі падумаць, дык і нічога, што нашы дзецюкі ў плане адносін з процілеглым полам сапраўды на копы сена падобныя. Яно, ведаеце, цёпла, утульна і прадказальна. А што яшчэ нам, дзяўчаты, для шчасця трэба?

Алена ЛЯЎКОВІЧ

alena@zviazda.by

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».