Вы тут

Ігар Бокі: «Маё крэда — ісці з усмешкай па жыцці»


Параалімпіяда ў Рыа-дэ-Жанэйра прынесла бабруйчаніну Ігару Бокаму неверагодны поспех. Ён сем разоў уздымаўся на пераможны п'едэстал і шэсць з іх — на найвышэйшую прыступку. У адзін момант ён стаў амаль нацыянальным героем Беларусі. У магілёўскім карпункце «Звязды», куды ён завітаў неўзабаве пасля вяртання на радзіму, «залаты» плывец чэсна прызнаўся, што цяпер атрымлівае столькі званкоў, што ледзь паспявае адказваць.


— У Рыа я наогул адключаў тэлефон, каб цалкам засяродзіцца на спаборніцтвах, — усміхаецца ён. — Бадзёрасці надавалі тэлеграмы. Пасля першага «золата» мяне адразу ж павіншаваў наш Прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка. Былі таксама тэлеграмы ад старшыні Бабруйскага гарвыканкама Андрэя Каваленкі, міністра спорту Аляксандра Шамко. Калі прыляцелі ў Мінск, нас сустракалі, як трыумфатараў. Усе віншавалі, было прыемна чуць, што ўсе так за нас хварэлі.

— А як у Рыа рэагавалі на ваш поспех?

— Сапраўды, я стаў любімчыкам параалімпійскага руху ў плаванні. Нават Міжнародны Параалімпійскі камітэт цяпер раіць звяртаць на мяне ўвагу і наведваць спаборніцтвы з маім удзелам. Маўляў, будзе цікава. Гэта вельмі ганарова для мяне. У Рыа ў мяне былі нават фанаты сярод бразільцаў.

— У вашай скарбонцы шмат залатых медалёў. Ці ёсць у вас годныя сапернікі сярод аднагодкаў?

— Канешне. Адсочваю іх выступленні і стараюся дасягаць не горшых вынікаў. Ёсць украінец — Яраслаў Дзенісенка, мы амаль ушчыльную ідзём з ім на адной дыстанцыі. Таму трэба быць напагатове.

— Ён таксама змагаўся ў Рыа?

— Так. Ён, здаецца, заваяваў 4 медалі.

— Вам пашчасціла ў 22 гады стаць удзельнікам дзвюх Параалімпіяд — у Англіі і зараз у Бразіліі. Якія змены адбыліся за гэтыя 4 гады?

— Для мяне гэтыя Параалімпіяды розныя, таму што на першую я ехаў звычайным удзельнікам, а на гэтую ўжо тытулаваным спартсменам. Гэта накладала адбітак адказнасці. Я не мог не спраўдзіць спадзяванні, якія на мяне ўскладаліся. Абедзве Параалімпіяды падобны толькі тым, што гэта самыя вялікія спаборніцтвы ў чатыры гады, у якіх удзельнічаюць усе вядучыя спартсмены. Арганізацыя была ўсюды добрая, харчавання вялікі выбар. У Рыа былі крыху не такія ўмовы, як у Лондане, але для стартаў, для падрыхтоўкі ніякіх перашкод не было. Былі створаны ўмовы, якія адпавядалі ўсім патрабаванням.

— А час недзе пабываць, нешта паглядзець быў?

— Пасля стартаў нас павезлі на экскурсію. Былі побач з акіянам, але не выходзілі з аўтобуса, бо нас папярэдзілі, што на пляжы небяспечныя бактэрыі і там лепш не гуляць. Бачылі знакамітую статую Ісуса Хрыста на вяршыні гары Каркаваду. Адтуль адкрываецца панарама горада і бухты з маляўнічай гарой Цукровая Галава. Усё вельмі прыгожа, вельмі спадабаліся пейзажы. Было вельмі цёпла, хоць гэта пара года ў іх лічыцца зімой.

— Якія падарункі паспеў ужо атрымаць на радзіме самы тытулаваны спартсмен Параалімпіяды-2016?

— Пакуль што толькі Бабруйск выдзеліў мне прэмію.

— А наогул часта прыходзіцца бываць дома — у гэтым горадзе?

— Прыязджаю і да бацькоў, і на зборы. Вельмі люблю Бабруйск. Менавіта тут пачынаўся мой шлях у спорт.

— Вашы бацькі таксама былі спартсменамі?

— Бацька, дарэчы, займаўся плаваннем і яшчэ некалькімі відамі спорту. Былі нейкія дасягненні, але нядоўга. Тады наогул быў іншы час, свае складанасці. Цяпер спорт для маіх бацькоў у мінулым, але яны вядуць дастаткова актыўны лад жыцця. Катаюцца на веласіпедах.

— А вы як трапілі ў спорт? За кампанію з бацькам?

— На плаванне мяне прывяла маці. Яна прыслухалася да парад урачоў, якія сказалі, што паколькі ў хлопчыка праблемы са зрокам, плаванне — лепшы сродак накіраваць яго энергію ў патрэбным рэчышчы. Да таго ж гэта пойдзе толькі на карысць і не пагоршыць зрок.

— Вас прывялі ў плаванне, і вы адразу паказалі сябе з лепшага боку? Напэўна сталі першым сярод вучняў?

— Любімчыкам не быў, знаходзіўся дзесьці ў сярэдзіне. А потым стаў больш актыўна развівацца. З той групы, з якой я пачынаў займацца, сёння застаўся толькі я адзін. З Бабруйска ў Мінск пераехаў, калі хадзіў у восьмы клас. Працягваю дагэтуль трэніравацца там.

— Цалкам аддаяце сябе спорту? Нічым іншым не займаецеся?

— Пакуль так. Люблю глядзець сучасныя камедыі.

— Што найскладаней даецца ў спорце?

— Брас пакуль для мяне самы складаны від плавання. Але я зрабіў для сябе прарыў. У Лондане на гэтай дыстанцыі заняў 8-е месца, а зараз 3-е. Гэта для мяне вялікае дасягненне. Дзякуй за гэта майму мінскаму трэнеру Генадзю Вішнякову. Шмат што для мяне зрабіла і мой першы трэнер Наталля Пазнякова.

— Якія цяпер мэты ставіце перад сабой у спорце?

— Наперадзе яшчэ хапае вяршынь, якія хочацца пакарыць. Буду імкнуцца дасягаць лепшых вынікаў, перамагаць самога сябе.

— А хто вас у гэтым падтрымлівае?

— У першую чаргу мае бацькі, брат Яўген і мая дзяўчына Вольга.

— Вы хочаце сказаць, што сэрца самага тытулаванага спартсмена Параалімпіяды-2016 ужо занята?

— Так (усміхаецца).

— Яна бабруйчанка?

— Так. Але вучыцца ў Мінску ў БДУ на філалагічным факультэце.

— Для свайго малодшага брата вы, напэўна, кумір і ўзор для пераймання?

— Ён — галоўны мой балельшчык і таксама займаецца плаваннем.

— Зараз куды вашы думкі накіраваны? Што збіраецеся ў бліжэйшы час здзейсніць?

— Планую з'ездзіць з дзяўчынай, бацькамі і братам у адпачынак у якую-небудзь цёплую краіну. Адпачыць эмацыянальна і псіхалагічна.

— Вам падабаецца падарожнічаць? У якіх краінах паспелі пабываць?

— Калі шчыра, цяжка сказаць. Шмат дзе бываў. Але кожны раз прыемна вяртацца дадому ў Беларусь. А так, цікава ўсюды пабываць. Зараз хочацца туды, дзе цёпла. Але, каб пералёт быў нядоўгі. 16 гадзін лёту з Рыа — гэта было цяжкавата.

— Пасля адпачынку зноў трэніроўкі?

— Буду актыўна рыхтавацца да будучых стартаў. У наступным годзе, у верасні, — чэмпіянат свету па плаванні ў Мексіцы.

— У далёкім будучым кім сябе бачыце?

— Пакуль у мяне няма такіх доўгатэрміновых планаў, не задумваюся пра сваё далёкае будучае. Буду займацца спортам, наколькі доўга гэта будзе магчыма. А далей — як жыццё складзецца.

— Ваша крэда?

— Ісці па жыцці з усмешкай і ўмець радавацца дробязям.

Нэлі ЗІГУЛЯ

zigulya@zviazda.by

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.