Вы тут

У сталічных ВНУ будуць навучацца студэнты з ПАР


У сталічных ВНУ будуць навучацца студэнты з Паўднёва-Афрыканскай Рэспублікі. 26 маладых людзей у БДАТУ і 17 — у БДУІР. Гэта першы праект па студэнцкім абмене паміж Беларуссю і ПАР. Зараз у Мінск прыехалі хлопцы і дзяўчаты з правінцыі Фры Стэйт. Нашы размоўцы — будучыя студэнты Беларускага дзяржаўнага аграрнага тэхнічнага ўніверсітэта Юніс ДЖЭСЕНІ і Зама СІГВАБЭЛА.


Хлопец і дзяўчына ўжо тры месяцы жывуць у Мінску. На шчасце, жыхары ПАР лёгка могуць адаптавацца да іншай культуры, бо ў іх краіне 11 афіцыйных моў. Культура каларытная і разнастайная. Юніс гаворыць, што, калі толькі прыехалі, яна не ведала ніводнага слова па-руску. Зараз ужо можа сказаць: «Прывітанне. Мяне завуць Юніс. Я студэнтка. Мая родная краіна ПАР. Я вучуся ва ўніверсітэце на падрыхтоўчым факультэце». Вывучаць мову ёй падабаецца.

У Паўднёва-Афрыканскай Рэспубліцы клімат цяплейшы, таму будучыя студэнты сур'ёзна рыхтуюцца да беларускай зімы. Зама гаворыць, што на яго радзіме тэмпература звычайна ніжэй за мінус адзін не апускаецца. На пытанне, чаму маладыя людзі прыехалі менавіта ў Беларусь, хлопец адказаў так:

— Беручы пад увагу, што ПАР — краіна, якая развіваецца, мы імкнёмся вывучыць як мага больш. А Беларусь у параўнанні з ПАР больш развітая, і людзі жывуць даволі добра. Гэта вопыт, які мы можам пераняць. Я лічу, што адна з важных сфер для ПАР — аграрны сектар, ён істотна ўплывае на нашу эканоміку. Менавіта таму мы вырашылі атрымаць адукацыю ў гэтай сферы тут.

Як прызнаюцца студэнты, «Гугл» не асабліва ім дапамог падрыхтавацца да вандроўкі. Юніс гаворыць, што «праз інтэрнэт не набудзеш рэальны вопыт. Але праз тыдзень мы адаптаваліся. Нам падабаецца, што тут шмат зеляніны, чыстае паветра. Для нас незвычайна, што цягнікі ходзяць пад зямлёю. Гэта вельмі цікава, у ПАР метро няма».

Цяпер хлопец і дзяўчына наведваюць падрыхтоўчыя курсы пры БДАТУ. А праз год ужо прыступяць да вывучэння асноўных дысцыплін. Юніс будзе вучыцца на інжынера, а Зама — на магістра тэхнічных навук. Яны працягваюць сваё знаёмства са сталіцай і кажуць, што Мінск ім падабаецца. Найбольш уразіў Дзяржаўны музей гісторыі Вялікай Айчыннай вайны, які яны наведалі, Парк Перамогі і Камсамольскае возера.

Юніс і Зама гавораць, што са сваімі «калегамі», якія, як і яны, вырашылі прыехаць вучыцца ў Беларусь, пазнаёміліся толькі за тры дні да вылету. У ПАР у іх былі сумесныя трэнінгі. А цяпер яны ўжо знайшлі добрых знаёмых і ў Мінску. Моўных бар'ераў няма — англійскай і рускай мовам яны вучацца адзін у аднаго.

Надзея АНІСОВІЧ

anisovich@zviazda.by

Фота Сяргея НІКАНОВІЧА

Загаловак у газеце: Па веды — з поўдня Афрыкі

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?