Вы тут

Магілёўскім студэнтам паказалі: у «чарнобыльскіх» раёнах можна жыць


Мара любога студэнта атрымаць дыплом і застацца працаваць дзесьці ў горадзе, мець годны заробак і ўсе перавагі маладога спецыяліста. Але такое шчасце свеціць далёка не ўсім. І хочаш ты таго або не, але прыйдзецца пакаваць чамаданы і ехаць працаваць у якую-небудзь аддаленую вёсачку. І не выключана, што пашкоджаную Чарнобылем. Адкуль тут узяцца настрою?


Спа-кап­су­ла  мно­гім прый­шла­ся да­спа­до­бы.

Антыкрызісны менеджмент

У тым, што там не так усё дрэнна, як думаюць некаторыя, будучых маладых спецыялістаў узялося пераканаць аддзяленне Расійска-беларускага інфармацыйнага цэнтра па праблемах наступстваў катастрофы на ЧАЭС Інстытута радыялогіі МНС Беларусі. З часу аварыі на Чарнобыльскай АЭС сёлета споўнілася 30 гадоў, але не ва ўсіх атрымалася цалкам пераадолець радыефобію. Інфармацыйны цэнтр распрацаваў экскурсіі для студэнтаў у «чарнобыльскія» раёны, якія дапамагаюць ліквідаваць прабелы ў іх ведах па радыяцыйнай бяспецы. Праект фінансуецца з бюджэту Саюзнай дзяржавы.

Пакуль ён рэалізуецца на тэрыторыі Беларусі, але яго непасрэдныя стваральнікі ўжо падумваюць, як арганізаваць пазнавальныя паездкі ў кранутыя Чарнобылем раёны для расійскай моладзі. Ды і нашым студэнтам было б каыі.рысна паглядзець, як агульная для дзвюх краін праблема вырашаецца на суседняй тэрытор.

У разведку ў Быхаўскі і Слаўгарадскі раёны паехалі выключна добраахвотнікі з ліку студэнтаў МДУ імя Куляшова і медыцынскага каледжа. Вялікая 12-гадзінная праграма прадугледжвала наведванне патэнцыйных месцаў іх работы і раённых славутасцяў. Але перад тым, як адправіцца ў дарогу, моладзь павінна была запоўніць спецыяльныя анкеты. Каб пасля паездкі можна было параўнаць іх уражанні да і пасля. Акрамя пытанняў на веданне брэндаў і гістарычна-культурных каштоўнасцяў гэтых раёнаў, трэба было падзяліцца меркаваннямі наконт жыцця на забруджаных тэрыторыях і мэтазгоднасці іх адраджэння, а таксама адказаць, ці з'яўляецца «чарнобыльскі штамп» прычынай асабістага нежадання ехаць працаваць у такія населеныя пункты. Плюс у графе «чым можа зацікавіць маладых спецыялістаў работа ў пацярпелых раёнах?» кожны павінен быў падкрэсліць адзін з 5 прапісаных там адказаў. Пасля вяртання ў Магілёў дзяўчаты і юнакі запоўнілі яшчэ адну анкету прыкладна з такімі ж пытаннямі.

Быхаў — не горшы варыянт

Знаёмства з горадам былых авіятараў пачынаецца з цэнтральнай бальніцы. На нашу шумную кампанію пацыенты рэагуюць здзіўлена. «Культмасавы паход па здароўе», — па-філасофску кідае ўслед пенсіянер.

Цікавасць да экскурсіі па бальнічных аддзяленнях праяўляюць усе без выключэння: адны, магчыма, прыйдуць сюды працаваць, другія — папраўляць здароўе. Моладзь з інтарэсам разглядае сучасны рэнтгенапарат, якім можа пахваліцца яшчэ не кожная бальніца абласнога цэнтра, знаёміцца са стаматалагічным абсталяваннем, прыстасаваннямі для фізіяпрацэдур. Адна спа-капсула, якая, вобразна кажучы, дазваляе памаладзець адразу на 10 гадоў, выклікала ў дзяўчат захапленне. Асабліва калі даведаліся, што паслугі каштуюць значна менш, чым у Магілёве. «Ну, як першыя ўражанні ад Быхава?» — цікаўлюся ў сваёй суседкі Вольгі з медкаледжа. Дзяўчына прыхільна ківае: жыць можна. Яна, наогул, не супраць размеркавання ў «чарнобыльскія» раёны. Нічога страшнага ў гэтым няма, кажа яна. І прыводзіць прыклад са сваёй знаёмай са Слаўгарада, якой як маладому спецыялісту хутка далі там кватэру. У Магілёве пра гэта прыходзіцца толькі марыць.

Па дарозе ў школу №1 (у Быхаве ёсць яшчэ 2 школы і ліцэй), якая таксама ўнесена ў праграму наведвання, старшыня маладзёжнага савета Быхаўскага аб'яднання прафсаюзаў Ірына Яромава знаёміць з горадам. Дом быту, рэстаран, аптэка — студэнты ледзь паспяваюць круціць галовамі, каб паглядзець на сацыяльныя аб'екты, што праплываюць за вокнамі аўтобуса. Ірына перажывае, бо цяпер восень і няма магчымасці паказаць мясцовую славутасць — фантан, каля якога асабліва любіць адпачываць моладзь. Нагадвае пра тое, што ў горадзе будуецца шмат жылля. За кароткі час вырас цэлы маладзёжны мікрараён. Побач са шматпавярховікамі растуць і сеткавыя крамы.

Таццяна Навуменка працуе ў школе ўсяго год. Яна псіхолаг, і відаць, што прафесія ёй падабаецца. Кажа, што калектыў у школе добразычлівы, заўсёды гатовы прыйсці на дапамогу.

Дырэктар школы Вольга Смірнова намякае, што ім не хапае настаўнікаў замежнай мовы, фізікаў, матэматыкаў і біёлагаў. І запэўнівае, што гатова разгледзець кандыдатуры нават тых, хто будзе ездзіць на работу з Магілёва.

Ад наведвання Быхаўскага кансерва-агароднінасушыльнага завода таксама засталіся станоўчыя ўражанні. Здзівіла, як ахвотна моладзь рванула знаёміцца з работай цэхаў і прынялася здымаць усё запар на смартфоны. Гэта прадпрыемства ўжо даўно стала брэндавым для раёна. Яго прадукцыя пастаўляецца ў розныя краіны свету. Быхаўскі бярозавы сок запатрабаваны нават у Амерыцы.

— У сувязі з тым, што вытворчасць пашыраецца і аб'ём прадукцыі з кожным месяцам павялічваецца, дадаткова набіраюцца работнікі на прадпрыемства, каб забяспечыць двухзменны рэжым работы, — абнадзеіў выканаўчы дырэктар Ігар Яцэвіч.

Студэнты ажыўляюцца, калі чуюць, што ў горадзе працуе знакамітае прадпрыемства «Белатміт», якое спецыялізуецца на вытворчасці мясной прадукцыі. А за некалькі кіламетраў ад райцэнтра дзейнічае фарэлевая гаспадарка. Але дня не хопіць, каб гэта ўсё аб'ехаць. Нават культурны блок даводзіцца звужаць да мінімуму. З вялікай цікавасцю моладзь слухала аповед галоўнага спецыяліста аддзела ідэалогіі, культуры і па справах моладзі Быхаўскага райвыканкама Рамана Галынскага пра замак Сапегаў, абарончую сінагогу і іншыя гісторыка-культурныя каштоўнасці, якімі славіцца быхаўская зямля.

Слаў­га­рад­ская баль­ні­ца — су­час­ная ўста­но­ва не толь­кі ўнут­ры, але і звон­ку.

Край блакітнай крыніцы

Абнадзееныя ўбачаным у Быхаве, рушым у Слаўгарад. Іра Салодкіна, будучы фармацэўт, як ураджэнка раёна робіць па дарозе невялічкую візітоўку. «А, гэта там, дзе Блакітная крыніца?» — ажыўляюцца студэнты. Пра цудадзейны эфект гаючай вады многія ўжо чулі, але магчымасць пабываць на месцы прадставілася многім упершыню.

Але спачатку па плане наведванне бальніцы і школы. У бальніцы за кошт італьянскай дапамогі нядаўна было зроблена «пад ключ» дзіцячае аддзяленне. Моладзь прыемна ўражана.

— Пад заяўку ўсіх працаўладкуем, — падбадзёрвае галоўны ўрач Алена Аксёнава. — Для маладых спецыялістаў у нас шмат прывабных прэферэнцый. Калі падпісаць кантракт на 5 гадоў, можна атрымаць даплату ў памеры 200 базавых велічынь. І з жыллём прасцей. Выдаецца крэдыт на будаўніцтва ўсяго пад 1%.

Пра перавагі для маладых спецыялістаў нагадвае і Ігар Кавалёў, дырэктар сярэдняй школы №1 — самай буйной у раёне. Тут вучыцца каля 700 дзяцей. Кіраўнік з гонарам расказвае пра калектыў, заўважаючы, што назіраецца недахоп маладых кадраў. Між тым умовы для работы прывабныя: прадугледжаны і прэміраванне, і матэрыяльная дапамога, і аздараўленчыя паездкі на бераг Чорнага мора. «Сумаваць, — запэўнівае, — не будзе часу. Школа актыўна займаецца праектнай дзейнасцю. Так што творчым асобам заўсёды рады».

Часу, каб павольна пагуляць па цэнтры старадаўняга Прапойска (а ён старэйшы нават за Маскву), які пасля Вялікай Айчыннай вайны змяніў сваю назву на Слаўгарад, катастрафічна не хапала. Таму праменад пакінулі на лепшыя часы. Затое падарожжа да Блакітнай крыніцы здзейснілі. Знайшліся нават смельчакі, якія, нягледзячы на зусім не летняе надвор'е, знялі абутак і хадзілі па халоднай гаючай вадзе. Ужо, калі амаль сцямнела, аўтобус заехаў у аграгарадок Лясная, без наведвання якога нельга было б скласці поўную карціну аб Слаўгарадскім раёне. Менавіта тут у XVІІІ стагоддзі войска Пятра І упершыню ўшчэнт разбіла шведаў. Рускі цар назваў гэтую баталію маці Палтаўскай бітвы.

Чар­га за га­ю­чай ва­дой да Бла­кіт­най кры­ні­цы.

Хутчэй «за», чым «супраць»

Па дарозе дадому разгаварыліся з дзяўчатамі з медкаледжа. Віка Бяршова, якая сёлета заканчвае 3-ці, апошні, курс, прызналася, што ад паездак у Быхаў і Слаўгарад чакала горшага ўражання. Але ўсё вельмі спадабалася, асабліва Быхаў з яго цудоўнымі помнікамі гісторыі. Іра Салодкіна ў Быхаве пабывала ўпершыню, хоць, смяецца, фасолю кансерва-агароднінасушыльнага завода заўсёды любіла. Прадпрыемства прыемна здзівіла сучаснымі ўмовамі працы. Яе сяброўкі Юля Марудзенка і Віка Лявончыкава таксама засталіся задаволеныя паездкай. Юлю асабліва ўразіў Быхаў, дзе яна таксама пабывала ўпершыню. Але і ў Слаўгарадзе нядрэнна, усміхнулася яна.

— На мой погляд, такія мерапрыемствы карысныя, — кажа кіраўнік інфармацыйна-экалагічнага аб'яднання кафедры прыродазнаўства МДУ імя Куляшова Аксана Поварава. — У нас быў цыкл прадметаў па радыяцыйнай бяспецы — радыебіялогія, радыеэкалогія. Тэарэтычна нашы студэнты ўсё ведаюць, а тут была добрая магчымасць упэўніцца, што нічога страшнага ў жыцці на забруджаных тэрыторыях няма. У лістападзе ўдзельнікі гэтай паездкі раскажуць сваім аднакурснікам пра тыя перавагі, якія існуюць для маладых спецыялістаў у гэтых райцэнтрах. Заадно пакажам прэзентацыю з фотаздымкамі з экскурсіі. Трэба неяк супакоіць студэнтаў перад размеркаваннем. Яны заўсёды хвалююцца, што трапяць кудысьці, дзе няма цывілізацыі.

У якасці падарункаў, кожны з удзельнікаў паездкі атрымаў камплект карыснай літаратуры з альбомамі, дзе сабраны звесткі пра славутасці забруджаных раёнаў і інфармацыя пра вядучыя прадпрыемствы.

— Экскурсіі ў забруджаныя раёны — гэта наш новы метад работы з моладдзю, — кажа загадчыца інфармацыйна-аналітычнага аддзела Расійска-беларускага інфармацыйнага цэнтра па праблемах наступстваў катастрофы на ЧАЭС Інстытута радыялогіі Ірына Саўчанка. — Традыцыйныя фарматы састарэлі, сёння мы прапануем экскурсіі, брэйн-рынгі, тэматычныя рыбалкі з дазіметрычным абсталяваннем. У нас ёсць арыгінальная паліграфічная прадукцыя. Адна са смелых заявак — коміксы на тэму размеркавання, дзе героі паслядоўна аналізуюць плюсы і мінусы жыцця ў «чарнобыльскім» раёне.

— Гэта экскурсія накіравана на фарміраванне лаяльных адносін будучых маладых спецыялістаў да пацярпелых тэрыторый, — дадае яе калега, спецыяліст сектара камунікацый Алена Давыдава.— Наша задача паказаць ім, як тут жывуць людзі, якая існуе інфраструктура, якія прапаноўваюцца ўмовы для работы. Расказаць, якія ёсць перавагі ў матэрыяльным і бытавым планах, ці ёсць умовы для асобаснага росту. Калі мы праводзілі першую падобную экскурсію для студэнтаў з Гомеля ў Хойніцкі і Калінкавіцкі раёны, меркаванні кардынальна мяняліся. Паездка па забруджаных раёнах Магілёўскай вобласці не стала выключэннем. На пытанне, наколькі важна адраджаць пацярпелыя ад аварыі землі, на пачатку экскурсіі адказалі станоўча 84,1% удзельнікаў, а пасля — 95,6%. А колькасць згодных працаваць па размеркаванні ў гэтых раёнах вырасла з 29,5% у пачатку да 71,1%. Больш чым 71% маладых людзей прызналіся, што ўяўленне аб жыцці на забруджаных тэрыторыях пасля экскурсіі ў іх змянілася. Яшчэ каля 7% не змаглі даць адказ.

Нэлі ЗІГУЛЯ

zigulya@zviazda.by

Загаловак у газеце: І ніякіх міфаў

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Балерына Юлiя Дзятко: Дзецi кар'еры не перашкода, калi i работа любiмая, i дзецi жаданыя

Балерына Юлiя Дзятко: Дзецi кар'еры не перашкода, калi i работа любiмая, i дзецi жаданыя

Яны пазнаёмiлiся ў 10-гадовым узросце ў харэаграфiчным вучылiшчы i з таго часу не расстаюцца.

Грамадства

Не атрымалася паехаць на мора? Займiцеся складаннем радаводу!

Не атрымалася паехаць на мора? Займiцеся складаннем радаводу!

Колькасць людзей, якiя спрабуюць адшукаць свае каранi, з кожным годам павялiчваецца. 

Грамадства

Першая дапамога дзецям пры траўмах. Што трэба ведаць?

Першая дапамога дзецям пры траўмах. Што трэба ведаць?

​Дастаткова часта дзецi трапляюць у крытычныя сiтуацыi праз сваю цiкаўнасць i павышаную актыўнасць.