Вы тут

Злоўжыванне гаджэтамі можа прывесці да міяпіі


Бацькі нярэдка падсоўваюць дзіцяці тэлефон, іPad або ўсаджваюць перад тэлевізарам, каб вызваліць свой час, прычым нярэдка толькі для таго, каб самім пасядзець у сетках. Такое бескантрольнае, неабмежаванае выкарыстанне камп'ютарных тэхналогій і тэлевізара прыводзіць да павелічэння групы рызыкі сярод дашкольнікаў і малодшых школьнікаў па ўзнікненні міяпіі — блізарукасці. А ў тых, хто ўжо мае такі дыягназ, яна хутчэй прагрэсуе, адзначае ўрач-афтальмолаг 3-й гарадской дзіцячай клінічнай паліклінікі г. Мінска Аксана АЛАДКА.


Гаджэты з'явіліся ў жыцці сучасных людзей у 1997 годзе. З таго часу колькасць людзей з цяжкай блізарукасцю вырасла на 35 працэнтаў! Але і гэта не мяжа, мяркуюць спецыялісты: працэнт будзе расці, таму што сярэднестатыстычны чалавек выкарыстоўвае смартфон не менш за дзве гадзіны ў дзень. Аднак гэта яшчэ б нічога, але мы ў дадатак карыстаемся цягам дня ноўтбукам, персанальным камп'ютарам, тэлевізарам. Што да дзяцей і падлеткаў, то заўважана: падчас прагляду фота- і відэаролікаў яны трымаюць смартфон за 30 см ад твару, а некаторыя скарачаюць гэту адлегласць і да 18 см. Тыя ж кнігі і газеты чалавек звычайна трымае за 40 сантыметраў ад твару.

Камп'ютары, планшэты, тэлефоны — самі па сабе ворагі зроку, а для дзяцей — у значна большай ступені. Калі дзеці ідуць у школу, у іх ужо ў першым-другім класе імкліва пачынае зніжацца зрок. А ўсё ад таго, што вочы сутыкаюцца з моцнай нагрузкай. Аднак калі прыняць меры, зрок можа аднавіцца.

Гульні на планшэце, смартфоне, камп'ютары, ноўтбуку вельмі непажаданыя. Таму што любая гульня патрабуе максімальнага напружання, каб нічога не ўпусціць. Азарт прымушае забыць, што такое «аптымальная дыстанцыя», і прыцягвае галаву да крыніцы карцінкі. Вочы аказваюцца вельмі блізка да манітора, да таго ж яны моцна напружваюцца, вельмі рэдка міргаюць і перасыхаюць. Сігналы аб агульнай стомленасці, перагрузцы вачэй не распазнаюцца.

Экран тэлевізара павінен знаходзіцца на адлегласці не менш як 3 метры, экран планшэта або камп'ютара падчас прагляду таго ж фільма ці мультфільма — на адлегласці не менш як 1,5-2 метры, пры выкарыстанні развіваючых і гульнявых праграм — не менш як 33 см. Асвятлення пры гэтым у пакоі павінна быць дастаткова, святло ад лямпы — «цёплым».

Чым меншы экран, тым большая нагрузка на зрок. Найбольшыя праблемы ўзнікаюць у дзяцей пры выкарыстанні PSP і сэнсарных тэлефонаў.

Работа на блізкай адлегласці (чытанне, пісьмо, маляванне, збор канструктара, мазаікі) павінна ажыццяўляцца за сталом, пры добрым асвятленні. Крыніца святла павінна быць злева, пры гэтым асвятлення ў пакоі таксама павінна быць дастаткова. Не дапускайце, каб дзіця чытала лежачы ў ложку.

Каб не дапусціць міяпіі, нам патрэбны...

...зрокавы рэжым;

...гімнастыка для вачэй;

...фізкультура, калі няма спецыяльных проціпаказанняў;

...збалансаванае харчаванне, вітамінатэрапія;

...спартыўныя гульні з мячом (тэніс, баскетбол, валейбол і інш.), плаванне, прагулкі на свежым паветры.


Ад міяпіі пакутуе кожны трэці жыхар планеты, а таму з першых дзён жыцця трэба памятаць аб прафілактыцы.

Якой будзе прафілактыка блізарукасці ў дзяцей?

1. Першыя дзіцячыя кнігі павінны быць з буйнымі, добра бачнымі карцінкамі, што дазваляе пазбегнуць зрокавага напружання.

2. Пакой — светлы, добра асветлены. Нельга дапускаць, каб дзіця гуляла з дробнымі прадметамі, разглядала карцінкі або малявала пры слабым асвятленні.

3. Пісаць і маляваць — толькі за сталом. Адлегласць ад вачэй пры гэтым — каля 30 см.

4. Дзецям да 3 гадоў не рэкамендуецца глядзець тэлевізар. Далей час трэба дазіраваць.

5. Першыя кнігі для самастойнага чытання павінны мець буйны шрыфт. Адлегласць да кнігі — 33 см. Лежачы — не чытаць.

6. У харчаванні павінна быць дастатковая колькасць вітамінаў А, С, караціну і кальцыю.

Якой будзе прафілактыка блізарукасці ў дарослых?

1. Нельга чытаць лежачы, асабліва на баку, паколькі пры гэтым вочы знаходзяцца на рознай адлегласці ад тэксту.

2. Не рэкамендуецца чытаць у транспарце, бо пры пастаянным руху вачамі штосекундна даводзіцца факусіраваць вочы на новую, змененую адлегласць, што моцна стамляе мышачны апарат вока.

3. Забяспечце правільнае асвятленне рабочай паверхні. Святло павінна падаць злева. Лямпа павінна быць прыкрытай так, каб прамыя промні святла не траплялі ў вока.

4. Тэлевізар не варта глядзець у поўнай цемры, калі адключана знешняе асвятленне. Выява на экране пры гэтым здаецца больш кантраснай, і праз нейкі час вялікая розніца паміж яркім свячэннем экрана і цёмным фонам пакоя выклікае зрокавую стомленасць.

5. Падчас работы за камп'ютарам размяшчайце манітор крыху вышэй за ўзровень вачэй і на адлегласці 35—40 см. Асвятленне экрана — роўнае асветленасці памяшкання. Рабіце перапынак на 5-10 хвілін праз кожную гадзіну работы. Максімальна дапушчальная працягласць няспыннай работы за маніторам не павінна перавышаць 2 гадзіны. У перапынку трэба адарвацца ад экрана, размяцца, выканаць гімнастыку для вачэй.

«Вока чалавека ўладкавана такім чынам, што калі мы глядзім удалечыню, яно расслабляецца, а для разгляду прадметаў на блізкай адлегласці патрабуецца актыўны ўдзел вочных мышцаў, — тлумачыць урач-афтальмолаг 24-й гарадской паліклінікі спецмедаглядаў Таццяна ІВАНОВА. — Пастаяннае напружанне выклікае адчуванне цяжару, боль у вачах, пагаршэнне зроку. Таму рэгулярны адпачынак вельмі важны. У процілеглым выпадку будзе развівацца спазм, і калі своечасова яго не зняць, то паступова з'явіцца блізарукасць...

Існуе шэраг практыкаванняў для трэніроўкі і прафілактыкі міяпіі, выконваць якія можна седзячы на працоўным месцы. Гімнастыка будзе эфектыўнай, калі выконваць яе мінімум двойчы на дзень па 3—5 хвілін.

Вельмі важным будзе актыўны лад жыцця. Сябруйце з бегам, плаваннем і веласіпедам. Майце пры гэтым на ўвазе, што пад'ём цяжару, адзінаборствы, скачкі ў ваду, наадварот, павялічваюць рызыку развіцця і прагрэсавання міяпіі».

Святлана Барысенка

Загаловак у газеце: Злосны вораг зроку

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».