Вы тут

На 12-ай сесіі Савета Рэспублікі разгледзяць каля 20 законапраектаў


Выступленне Старшыні Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Мясніковіча М.У. на адкрыцці дванаццатай сесіі Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь пятага склікання.


Паважаныя члены Савета Рэспублікі!

Запрошаныя!

Дванаццатая сесія завяршае работу Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь пятага склікання.

11 верасня 2016 года адбыліся выбары дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў і 13 верасня — членаў Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь шостага склікання. У бліжэйшы час Парламент Беларусі ў новым складзе пачне работу.

Галоўны вынік мінулай выбарчай кампаніі — правядзенне яе ў адпаведнасці з Канстытуцыяй і Выбарчым кодэксам Рэспублікі Беларусь, сумленна і дэмакратычна, у спакойнай атмасферы, адкрытай канкурэнцыі і на высокім арганізацыйным узроўні. Гэта пацвярджаюць і заключэнні міжнародных назіральнікаў. У Нацыянальны сход абраныя годныя людзі.

7 кастрычніка 2016 года плануецца сустрэча Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Аляксандра Рыгоравіча Лукашэнкі з членамі Савета Рэспублікі і дэпутатамі Палаты прадстаўнікоў пятага і зноў абранага шостага скліканняў Парламента. Несумненна, гэта будзе знакавае мерапрыемства для ўдакладнення прыярытэтаў работы Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь на наступныя чатыры гады.

Аб некаторых выніках работы Савета Рэспублікі пятага склікання

Мы адобрылі 414 законаў, у тым ліку ратыфікавалі 207 міжнародных дагавораў, прынялі да ведама 23 дэкрэты Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь.

Большая частка разгледжаных нарматыўных прававых актаў накіравана на забеспячэнне росту эканамічнага патэнцыялу краіны. Сярод іх — законы «Аб інвестыцыях», «Аб канцэсіях», «Аб бухгалтарскім уліку і справаздачнасці», «Аб аўдытарскай дзейнасці», «Аб супрацьдзеянні манапалістычнай дзейнасці і развіцці канкурэнцыі», «Аб рынку каштоўных папер», «Аб дзяржаўна-прыватным партнёрстве» і інш.

40 прынятых законаў ствараюць адпаведную прававую базу для сацыяльнай сферы.

Прыняты законы аб Ваеннай дактрыне Рэспублікі Беларусь, аб ваенным становішчы, аб Дзяржаўнай мяжы Рэспублікі Беларусь.

Работа Савета Рэспублікі ў мінулым перыядзе была шматграннай і не зводзілася толькі да заканатворчасці. Пытанні павышэння эфектыўнасці дзейнасці органаў мясцовага самакіравання былі прадметам пастаяннай увагі Савета Рэспублікі.

На працягу склікання Саветам па ўзаемадзеянні органаў мясцовага самакіравання праведзена 11 пасяджэнняў, 9 семінараў, 22 практычныя заняткі са старшынямі Саветаў дэпутатаў пярвічнага тэрытарыяльнага ўзроўню, дзе разгледжана шырокае кола пытанняў і прыняты актуальныя рашэнні па павышэнні эканамічнага патэнцыялу рэгіёнаў, паляпшэнні прадпрымальніцкага асяроддзя, прыцягненні інвестыцый і дадатковых даходаў у бюджэт, забеспячэнні занятасці грамадзян і стварэнні новых працоўных месцаў, уключэнні ў гаспадарчы абарот маёмасці, якая не выкарыстоўваецца або выкарыстоўваецца неэфектыўна, добраўпарадкаванні населеных пунктаў і навядзенні парадку на зямлі і інш.

У якасці найбольш важных вынікаў работы Савета па ўзаемадзеянні органаў мясцовага самакіравання можна назваць унясенне прапаноў па ўдасканаленні заканадаўчых актаў. Так, у прыватнасці, унесены змяненні і дапаўненні:

ва ўказы Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 14 студзеня 2014 г. № 26 «Аб мерах па ўдасканаленні будаўнічай дзейнасці» і ад 27 снежня 2007 г. № 667 «Аб адабранні і прадастаўленні зямельных участкаў» — па пытаннях эфектыўнага выкарыстання сродкаў, атрыманых на аўкцыёнах арэнды або продажу зямельных участкаў;

Указ Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 17 сакавіка 2014 г. № 128 — па пытаннях адміністрацыйна-тэрытарыяльнага ўпарадкавання;

Закон «Аб унясенні дапаўненняў і змяненняў у некаторыя законы Рэспублікі Беларусь па пытаннях мясцовага кіравання і самакіравання».

Акрамя таго, прапановы СУОМС па ўдасканаленні практыкі прыёму ў сельскагаспадарчыя навучальныя ўстановы ўлічаны ва Указе Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 28 ліпеня 2013 года № 334.

Выпрацаваныя прапановы і рэкамендацыі выкарыстоўваюцца органамі мясцовага кіравання і самакіравання ў практычнай дзейнасці.

Мы запусцілі ў работу новы праект — маніторынгавыя групы пры Саветах дэпутатаў абласнога і базавага тэрытарыяльных узроўняў. Пакуль рана казаць пра вынікі — работы яшчэ вельмі шмат. Некалькі павысілася эфектыўнасць рэгіянальных сходаў дэпутатаў мясцовых Саветаў дэпутатаў. У маі—жніўні 2016 года яны прайшлі паўсюдна з удзелам членаў Савета Рэспублікі. Адбыўся адкрыты дыялог заканадаўчай і выканаўчай галін улады, органаў тэрытарыяльнага грамадскага самакіравання і насельніцтва. Удзельнікі сходаў вынікі ацэньваюць станоўча. Людзі выказвалі прапановы, ацэнкі, часам не вельмі прыемныя. Добра, што адразу на сходах, як правіла, прымаліся неабходныя рашэнні. Вядома, не ўсюды. Прынцып прамога дзеяння мясцовай улады і народа, безумоўна, патрабуе далейшага развіцця, сістэмнай работы. Але зачын створаны, гэта абнадзейвае і нацэльвае на эфектыўны вынік. Праблем больш чым дастаткова: стварэнне новых працоўных месцаў, пераадоленне бюракратызму, абыякавасці. Саветы дэпутатаў, я лічу, павінны актыўна садзейнічаць спрашчэнню дазвольных працэдур у сферы занятасці. Мы гэтую тэму абмяркоўвалі са старшынямі Брэсцкага і Магілёўскага абласных Саветаў дэпутатаў Ашмянцавым Сяргеем Дзмітрыевічам і Ісачэнкам Анатолем Міхайлавічам, у Сакратарыяце Савета Рэспублікі, з навукоўцамі, МПЗ. Праблемы простага чалавека, яго работа, умовы працы і побыту — галоўны клопат Саветаў дэпутатаў і членаў Савета Рэспублікі. Давайце больш актыўна вырашаць гэтыя задачы.

Кіраўніцтва, члены Савета Рэспублікі, старшыні пастаянных камісій, работнікі Сакратарыята выконвалі шэраг важных канкрэтных даручэнняў па эканамічных, сацыяльных праектах і міжнародных мерапрыемствах, удзельнічалі ў грамадска-палітычным жыцці краіны. Усё гэта дазваляе Савету Рэспублікі як палаце тэрытарыяльнага прадстаўніцтва паўней валодаць становішчам спраў на месцах і ўлічваць гэта ў сваёй дзейнасці.

Паважаныя калегі!

Савет Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь на сістэмнай аснове ўключыўся ў работу па рэалізацыі Асноўных палажэнняў Праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця Рэспублікі Беларусь на 2016—2020 гады, адобраных пятым Усебеларускім народным сходам.

24 жніўня 2016 г. адбылося пашыранае пасяджэнне Прэзідыума Савета Рэспублікі, прысвечанае задачам Савета Рэспублікі па рэалізацыі прыярытэтных напрамкаў сацыяльна-эканамічнага развіцця нашай краіны (інвестыцыі, занятасць, экспарт, інфарматызацыя, моладзь) на сучасным этапе. Прыняты адпаведныя рашэнні.

У Савеце Рэспублікі распрацаваны прыкладны пералік з 129 праектаў заканадаўчых актаў, прыняцце якіх дазволіць рэалізаваць задачы, пастаўленыя Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь і пятым Усебеларускім народным сходам, сістэматызаваць заканадаўчую базу і стварыць неабходныя прававыя ўмовы для эфектыўнага развіцця Рэспублікі Беларусь.

Завяршаецца ў нас работа над падрыхтоўкай прапаноў па стварэнні дадатковых умоў для развіцця малога і сярэдняга бізнесу. Нас турбуе тое, што колькасць занятых у эканоміцы скарачаецца. За апошнія паўгода сярэдняспісачная колькасць работнікаў па відах эканамічнай дзейнасці паменшылася на 80 тыс. чалавек (на 2,8 працэнта).

Паважаныя члены Савета Рэспублікі!

У ходзе гэтай сесіі нам трэба будзе разгледзець рэспубліканскі бюджэт на 2017 год, папраўкі ў Падатковы кодэкс Рэспублікі Беларусь, а таксама бюджэты двух пазабюджэтных дзяржаўных фондаў. Дакументы старанна вывучаліся ў Пастаяннай камісіі па эканоміцы, бюджэце і фінансах, разглядаліся на пасяджэннях Прэзідыума Савета Рэспублікі і нарадах. Хачу падзякаваць усім членам Савета Рэспублікі за ўдзел у гэтай рабоце, асабліва адзначу старшыню Пастаяннай камісіі па эканоміцы, бюджэце і фінансах Панцюхова Уладзіміра Іванавіча, намеснікаў старшыні Пастаяннай камісіі Мароза Аляксандра Іванавіча і Паследнюю Тамару Іванаўну, намесніка Старшыні Савета Рэспублікі Русецкага Анатоля Максімавіча.

Усяго на дванаццатай сесіі плануецца разгледзець больш за 20 законапраектаў.

Паважаныя члены Савета Рэспублікі!

У мэтах выканання даручэння Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Аляксандра Рыгоравіча Лукашэнкі і Прэзідэнта Расійскай Федэрацыі Уладзіміра Уладзіміравіча Пуціна, дадзенага імі на трэцім Форуме рэгіёнаў Беларусі і Расіі, пачалася канкрэтная работа з Саветам Федэрацыі Федэральнага Сходу Расійскай Федэрацыі па ўкараненні на ўзроўні Саветаў дэпутатаў новых формаў супрацоўніцтва рэгіёнаў нашых краін.

У жніўні ў Магілёве Саветамі дэпутатаў Магілёўскай і Бранскай абласцей праведзены такія мерапрыемствы. Брэсцкі абласны Савет дэпутатаў сумесна з калегамі з Ленінградскай вобласці таксама адпрацаваў шэраг праектаў.

Што пры гэтым галоўнае? Саветы дэпутатаў пачалі займацца не толькі сацыякультурнымі сумеснымі мерапрыемствамі. Увага сканцэнтравана на заключэнні гаспадарчых дагавораў, кантрактаў, стварэнні сумесных прадпрыемстваў. Абмяркоўваюцца прадметныя праекты ў адукацыі, мясцовым самакіраванні.

Абласным і Мінскаму гарадскому Саветам дэпутатаў просьба актывізаваць дадзеную работу, пры гэтым неабходна разумець, што ў яе цэнтры — пытанні эканамічнага супрацоўніцтва, уключэння ў гэты працэс моладзі.

У міжсесійны перыяд мы актыўна працавалі па нарошчванні супрацоўніцтва з парламентамі Францыі, Польшчы, Індыі. Неабходна больш інтэнсіўна ўзаемадзейнічаць з Усекітайскім сходам народных прадстаўнікоў, Бундэстагам Германіі. Рэзервы для гэтага ёсць.

Рэспубліка Беларусь у наступным годзе пачынае старшынстваваць у Цэнтральнаеўрапейскай ініцыятыве, у нас пройдзе шэраг мерапрыемстваў высокага ўзроўню, у тым ліку і парламенцкіх. Таксама ў ліпені 2017 г. у Мінску адбудзецца маштабнае мерапрыемства — 26-я штогадовая сесія ПА АБСЕ. Падрыхтоўка да гэтых важных падзей у Парламенце ўжо пачалася. Мы павінны не толькі годна правесці іх, але і выступіць з ініцыятывамі, накіраванымі на ўмацаванне міжпарламенцкага дыялогу ў рамках гэтых міжнародных арганізацый.

Дзякуй за ўвагу.

Загаловак у газеце: Стварэнне сучаснай заканадаўчай базы для забеспячэння паспяховага сацыяльна-эканамічнага развіцця краіны

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.