Вы тут

Як аб'яднаць экалогію і духоўнасць?


Сярод жыхароў мікрараёна Каменная Горка распаўсюджаны жарт, што такая назва была абрана нездарма: тут жа сапраўдныя каменныя джунглі! Жарты жартамі, але дрэвы і нават кусты тут сапраўдная рэдкасць. Своеасаблівым «анклавам» жывой прыроды ў густанаселеным раёне стала пакуль адзіная ў горадзе экалагічная сцежка. Каб прыцягнуць увагу гараджан да праекта, было праведзена свята, прысвечанае гармоніі ўзаемаадносін чалавека і прыроды, — «Восеньскі фэст».


Ініцыятары — «Цэнтр экалагічных рашэнняў» і прыход святога Мікалая Японскага пры падтрымцы грамадскай арганізацыі «Ахова птушак Бацькаўшчыны». Некамерцыйная ўстанова супрацоўнічае з мясцовымі вернікамі ўжо даўно, наогул менавіта настаяцель храма айцец Павел Сярдзюк прапанаваў зрабіць сумесны праект. Як аказалася, тэрыторыя каля храма ўяўляе сабой прыродную каштоўнасць, бо на невялікім участку зямлі сканцэнтраваны адразу некалькі экасістэм: лес, луг, поле і вадаём. На аснове гэтага на працягу года распрацоўваўся маршрут сцежкі, якая была адкрыта ў красавіку. Цяпер тут для ўсіх ахвотных праводзяцца бясплатныя экскурсіі.

Падчас свята ўся тэрыторыя каля храма занятая людзьмі, павышанай цікавасці спрыяе добрае надвор'е. Аднак, як прызнаюцца самі арганізатары, задачы зрабіць маштабнае мерапрыемства ў іх не было, хутчэй — суседскія дружалюбныя вячоркі, якія, на жаль, не ўласцівыя ладу жыцця жыхара сучаснага мегаполіса. На паляне перад уваходам у царкву размясціліся палаткі, у якіх праходзяць розныя майстар-класы. Для дзяцей, якіх проста немагчыма злічыць, і пажылых людзей стаяць лаўкі, астатнія могуць уладкавацца на бярвёнах і стульчыках, зробленых з пнёў. Атмасфера чымсьці няўлоўна нагадвае юнацкія пасядзелкі каля вогнішча. Усё гэта суправаджаецца канцэртам, праграма якога дзівіць разнастайнасцю: ад сучасных хітоў да званоў і беларускай дуды.

Большасць дзяцей з упрыгожанымі аквагрымам шчочкамі. Нават тут прасочваецца прыродная тэматыка: на малюнках галінкі рабіны і казачныя птушкі. Для тых жа, хто хоча тварыць самастойна, у праграме свята ёсць майстар-класы па складанні восеньскіх букетаў і роспісе палатняных (экалагічных!) сумак. Хто прыйшоў, каб на практыцы паўдзельнічаць у захаванні прыроды ў гарадскім асяроддзі, таксама не застаюцца без справы: майстры навучаюць правілам вырабу кармушак. Дарэчы, усё не так проста, як здаецца: калі не выконваць прапорцыі, напрыклад, пры стварэнні шпакоўні, птушка ўнутр трапіць зможа, а вось выбрацца назад — не. Тут жа непадалёк арганізавана і пляцоўка назірання за пярнатымі.

Да­па­ма­гаць пры­ро­дзе вы­гад­на: ня­спраў­ныя ба­та­рэй­кі мя­ня­юць на яб­лы­кі.

Кульмінацыя свята — экскурсія па экалагічнай сцежцы. Калі б не план, яе было б цяжка запрыкмеціць: сцежка па-сапраўднаму дзікая. Уздоўж яе размешчаныя стэнды, так што пры жаданні можна абысціся і без экскурсавода. Аднак прадстаўнікі «Цэнтра экалагічных рашэнняў», а таксама спецыяльна падрыхтаваныя найбольш актыўныя прыхаджане храма гатовыя выступіць у якасці праваднікоў. Усе стэнды інтэрактыўныя, калі ёсць доступ у інтэрнэт, можна паглядзець фота і відэа, а таксама пачуць галасы птушак. Унікальнасць сцежкі ў тым, што тут можна сустрэць віды, занесеныя ў Чырвоную кнігу: птушку драча, матылька махаона і расліну чыну чорную.

Па словах дырэктара «Цэнтра экалагічных рашэнняў» Яўгена Лабанава, суседства з храмам — гэта велізарная перавага: «Нават такі, здавалася б, нескладаны ў рэалізацыі праект павінен знаходзіцца пад пастаянным наглядам. На жаль, ужо не раз нам даводзілася сутыкацца з актамі вандалізму: і стэнды спальвалі, і дрэвы высякалі, і горы смецця за сабой пакідалі. Прыхаджане робяць вялікую работу па доглядзе за гэтай тэрыторый, акрамя таго, самі выступаюць з цікавымі ініцыятывамі. У найбліжэйшых планах у нас правядзенне аўдыяэкскурсій, а таксама адаптацыя сцежкі для людзей з абмежаванымі магчымасцямі па перасоўванні, крыху пазней — і з асаблівасцямі зроку. Дарэчы, на адкрыцці экасцежкі ў Каменнай Горцы было прынята рашэнне аб стварэнні тэрыторый такога ж тыпу ў кожным раёне горада.

Дар'я КАСКО

kаskо@zvіаzdа.bу

Загаловак у газеце: Выйсці на сцежку спазнання свету

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.