Вы тут

На Віцебшчыне наладжана плённае супрацоўніцтва з кітайскімі партнёрамі


І многае не мае аналагаў у краіне.


І будуюць, і фінансуюць

У прыватнасці, менавіта на радзіме Шагала кітайская фірма стала генпадрадчыкам на будаўніцтве першага жылога дома сацыяльнага прызначэння, які ўзводзіцца сумесна з беларусамі. Кітайскі бок бязвыплатна ажыццяўляе фінансаванне. Беларусы выступаюць у ролі субпадрадчыкаў. Плюс выкарыстоўваюцца будаўнічыя матэрыялы айчыннай вытворчасці. І праект — ад віцебскіх распрацоўшчыкаў.

Як растлумачыў Уладзімір БЕЛАВУС, намеснік старшыні Віцебскага аблвыканкама, адпаведны праект з аказаннем кітайскай тэхніка-эканамічнай дапамогі будзе рэалізаваны не толькі ў Прыдзвінскім краі. Усяго па краіне міждзяржаўным пагадненнем на будаўніцтва жылля запланавана выдаткаваць каля 110 мільёнаў долараў. А на Віцебшчыне першымі прыступяць да рэалізацыі, безумоўна, вельмі выгаднага праекта. Менавіта новабудоўля ў так званым спальным мікрараёне Віцебска («Білева—3») стане «першай ластаўкай».

У ганаровай цырымоніі закладкі першай будаўнічай канструкцыі 120-кватэрнага дома ўзяў удзел Цуй Цымін, Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол КНР. Ён і віцэ-губернатар распісаліся на фундаментным блоку. Журналістам паведамілі, што наваселле жыльцы могуць справіць ужо зімой наступнага года.

Аналагічным чынам у Оршы пабудуюць 108-кватэрны дом. Здача «пад ключ» запланавана на вясну. Сумесна з кітайцамі жыллё будзе пабудавана ў Полацку, Наваполацку і Лепелі.

«Зялёнай» энергіі хопіць на раён!

У 2013 годзе на Заходняй Дзвіне Кітайская інжынерная кампанія па электраэнергіі пачала будаўніцтва самай вялікай гідраэлектрастанцыі ў Беларусі. У 2017 годзе плануецца запуск усіх чатырох турбін. Штогод на ГЭС будуць выпрацоўваць каля 138 мільёнаў кілават электраэнергіі. Гэтага, як кажуць спецыялісты, з лішкам хопіць, каб забяспечыць патрэбы спажыўцоў Віцебскага раёна, дзе і «скараюць» раку.

Дарэчы, адна з галоўных водных артэрый краіны на гэтым участку застанецца суднаходнай. У Віцебскім райвыканкаме адзначаюць, што гэта дазволіць прыцягнуць аматараў воднага турызму. Магчымасць прайсці знакамітым водным шляхам «з варагаў у грэкі» вабіць усё больш беларусаў і іншаземцаў. Такім чынам, можна будзе выкарыстаць гідраэлектрастанцыю і для арганізацыі адпачынку. На берагах ракі і штучных вадаёмаў будуць адкрытыя гатэлі і кемпінгі. У выніку на ГЭС і вакол з'явяцца дзясяткі новых працоўных месцаў.

Фінансаванне будаўніцтва ажыццяўляецца Дзяржаўным банкам развіцця Кітая на вельмі выгадных крэдытных умовах. Беларускія будаўнікі дапамагаюць кітайскім калегам.

Цікава, што яшчэ 60 гадоў таму быў распрацаваны праект узвядзення ГЭС і стварэння штучнага «Віцебскага мора». Але для гэтага прыйшлося б затапіць аж цэлы гарадскі пасёлак Сураж (былы райцэнтр) і часткова расійскі Веліж. Магчыма, гэты фактар і тармазіў прыняцце канчатковага рашэння. Пры цяперашнім будаўніцтве аказаліся затопленыя мінімум забудоў — дачы.

Мы — ім, яны — нам

Адказныя асобы аблвыканкама канстатуюць: знешнегандлёвы абарот прадпрыемстваў вобласці з Кітайскай Народнай Рэспублікай павялічваецца. Напрыклад, у параўнанні з 2005 годам гэты паказчык вырас больш, чым у 3 разы! Што прыемна падкрэсліць, пры росце экспарту тавараў у 1,7 раза.

У Кітай у розныя гады пастаўляліся змазачныя матэрыялы, растваральнікі, жгут і валокны акрылавыя, хімічныя злучэнні, шклотканіны, льновалакно. Там высока цэняць якасць аптычных прыбораў і вымяральнай апаратуры з Віцебшчыны, схем інтэгральных, рэгулятараў напружання. Недзяржаўныя прадпрыемствы наладзілі збыт скуры, драўляных вырабаў.

Імпарт з Кітая таксама разнапланавы. У асартыменце: дэталі абутку, гербіцыды, лямпы і трубкі электронныя, аўчыны, лекі.

Цеснае супрацоўніцтва вядзецца і паміж навукоўцамі, ВНУ. Напрыклад, кітайцаў вельмі цікавяць нашы карысныя расліны, якія ў іх не растуць. Разам з Віцебскім дзяржаўным ордэна Дружбы народаў універсітэтам яны ствараюць унікальныя прэпараты.

Падтрымліваюцца цесныя кантакты паміж Віцебскім дзяржуніверсітэтам імя П.М. Машэрава і ўстановамі адукацыі правінцыі Цэнтральная Манголія. Неаднаразова прыязджалі спецыялісты з правінцый КНР у Віцебскую акадэмію ветэрынарнай медыцыны. Полацкім дзяржуніверсітэтам падпісаны дагавор аб супрацоўніцтве з універсітэтам у горадзе Чанчунь.

У сярэдняй школе № 44 Віцебска больш за 5 гадоў праводзіцца навучанне кітайскай мове яе носьбітамі. У перспектыве гэта паспрыяе наладжванню яшчэ больш плённых адносін. Галоўнае, што ўжо не першы год ёсць шчырае ўзаемаразуменне. Практыка паказвае, што супрацоўніцтва ўзаемавыгаднае, як паміж рэгіёнамі, так і краінамі ў цэлым.

Аляксандр ПУКШАНСКІ

pukshanskі@zvіazda.by

Загаловак у газеце: Разам будуем, вучым і лечым...

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.