Вы тут

Як сталічныя пенсіянеры адпачываюць на дыскатэцы для пажылых


У Палацы культуры ветэранаў гучыць музыка 60-х. За пультам — сівы дыджэй, на паркеце — пары элегантнага ўзросту. Жанчыны, якім пашанцавала, танцуюць з мужчынамі. Іншыя дамы не губляюцца: запрашаюць адна адну і зухавата кружаць пад песні сваёй маладосці. На журнальным століку ў фае — кішэнныя памяткі пра тое, як не заблытацца ў новых грашах, каля пустой канапы — чыясьці забытая палка. Як прайшоў восеньскі баль для пенсіянераў, прысвечаны Дню пажылых людзей, — у нашым рэпартажы.


На дыскатэцы дзейнічае дрэс-код. Толькі вячэрнія ўборы, ніякіх джынсаў. Таму на сённяшняе мерапрыемства Таццяна Адамаўна Багдановіч выбрала сукенку ў падлогу, яркую памаду і бліскучае калье. На свае 75 гадоў яна выглядае молада. «Бо не сяджу на месцы», — тлумачыць нам. Таццяна Адамаўна займаецца танцамі, выступае з хорам і захапляецца скандынаўскай хадой. Прачынаецца а шостай гадзіне раніцы і праходзіць з палачкамі па тры-чатыры кіламетры.

На дыскатэку пенсіянерка прыйшла з сяброўкамі.

— Мужчын на танцах заўсёды мала, — уздыхае яна. — І тыя — занятыя. Але мы стараемся не сумаваць.

Стаяць адной эфектнай жанчыне доўга не прыйшлося. Ужо праз некалькі хвілін на танец запрасіў кавалер. Праўда, вядзе ў пары сама Таццяна Адамаўна: відаць, адбіваецца яе спартыўная падрыхтоўка.

Віктар Паўлавіч Крыловіч і Аляўціна Васілеўна Навоева прыйшлі на восеньскі бал разам. Не, не жанатыя. Абое ўдаўцы, пазнаёміліся тры гады таму. На танцах бываюць кожную нядзелю. «Нас заўсёды заўважаюць і хваляць», — без лішняй сарамлівасці выдае Аляўціна Васілеўна.

Яе харызматычны спадарожнік рухаецца вельмі ўпэўнена. Раней, прызнаецца, крыху займаўся бальнымі танцамі. Больш пагутарыць з Віктарам Паўлавічам не ўдалося: нейкая брунетка пацягнула яго на паркет.

— Не, вось прыйшла з мужам, няхай з ім і танцуе. Паквапілася на майго партнёра! — абураецца Аляўціна Васілеўна і адразу ж, як песня скончылася, нецярпліва зрываецца з месца: — Пайду забіраць, а то звядуць.

Марыя Уладзіміраўна Ленюкова толькі што адскакала «Цыганачку». Кажа, гэта яе каронны нумар. У касцюме віннага колеру з вялікай белай брошкай — не заўважыць гэту даму немагчыма.

— Вядома, сачу за модай, — усміхаецца яна. — Ці часта хаджу па крамах? Не. Ведаеш, муж мяне песціў — столькі адзення ў шафах засталося. А вось абутак новы люблю. Туфлі — мая слабасць. Вось гэтыя (паказвае серабрыстыя басаножкі. — Аўт.) мне сяброўка прывезла з Нью-Ёрка.

На балі Марыя Уладзіміраўна без спадарожніка. І новыя знаёмствы заводзіць не хоча.

— Я пражыла прыгожае жыццё. У мяне трое дзяцей, шэсць унукаў і тры праўнукі. І восем гадоў няма мужа... Не цягне мяне да мужчын. Тым больш годных не бачу.

А вось з Леанідам Іванавічам Чарненкам, спрытным пенсіянерам, якому далёка за 70, жанчыны на падобных вечарах знаёмяцца часта. Дый з танцорам аргенцінскага танга не можа быць інакш.

Дыскатэкі мужчына любіць. Ездзіць на танцпляцоўку ў Парк Чалюскінцаў. Але скардзіцца, што «нікуды яна не годная».

— Там усё тратуарнай пліткай выкладзена. Як на такім пакрыцці можна нармальна танцаваць вальс? Не слізгае, у жанчын абцасікі пастаянна захрасаюць... Просім, каб старую пляцоўку вярнулі. Ужо некалькі гадоў нам яе абяцаюць.

У ідэале, выказваецца пенсіянер, на танцполе павінна быць не толькі добрае пакрыццё, але яшчэ і культарганізатар. Каб паказваў, як правільна рухацца. «Цяперашняй моладзі гэта не зразумець, а мы любілі збірацца і танцаваць вальс ці факстрот. Такімі былі дыскатэкі ў нашу маладосць».

Наталля ЛУБНЕЎСКАЯ

lubneuskaya@zvіazda.by

Фота Надзеі БУЖАН

Загаловак у газеце: Пад песні сваёй маладосці

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Бачаць вочы, што купляюць? Як спажыўцу абараніць свае правы, набываючы тавары на сайтах

Бачаць вочы, што купляюць? Як спажыўцу абараніць свае правы, набываючы тавары на сайтах

Продаж тавараў праз інтэрнэт у Беларусі актыўна развіваецца. 

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

АВЕН. На гэтым тыдні фартуна ўсміхаецца вам у многіх справах.