Вы тут

Карэспандэнт "Звязды" правёў адзін дзень з дырэктарам гімназіі


«Зараз адпраўлю да дырэктара!» У каго ў школьныя гады не замірала сэрца ад адной гэтай фразы, нават калі яна была адрасавана іншым? Дырэктар бачыўся ўвасабленнем Вярхоўнага суда ў адной асобна ўзятай міні-рэспубліцы. Ды што раней, нават цяпер, калі школьная пара даўно ў мінулым, падыходзячы да кабінета дырэктара, адчуваеш пэўнае трапятанне. Аднак мы набраліся смеласці і «папрацавалі» разам з дырэктарам сталічнай гімназіі, каб даведацца, наколькі ўяўленне аб гэтай пасадзе адпавядае рэальнасці, што адрознівае сучасных дзяцей ад папярэдніх пакаленняў і ці ганарова цяпер быць педагогам.


Іры­на Ва­лер'­еў­на ся­род сва­іх вы­ха­ван­цаў.

Крэда перфекцыяніста

Працоўны дзень Ірыны Валер'еўны ДАНЯНКОВАЙ пачынаецца а палове восьмай раніцы. Дырэктар гімназіі №37, якая знаходзіцца ў мікрараёне Сухарава, стараецца прыходзіць у сваю «вотчыну» адной з першых. І адразу ж нельга губляць ні хвіліны: па дарозе — беглы агляд тэрыторыі, потым — абавязковы абыход будынка гімназіі. Ірына Валер'еўна прызнаецца з усмешкай, што любіць усё кантраляваць асабіста: і як кветкі прапалолі, і як справаздачы склалі, і як урокі правялі.

— Я, бывае, праходжу па калідорах гімназіі, спецыяльна калі ідуць заняткі, і прыслухоўваюся, дзе якая абстаноўка. Хачу бачыць рэальную, а не «паказальную» карціну.

Па-сапраўднаму працоўны дзень у дырэктара пачынаецца з прывітання вучняў. Разам з дзяжурным класам Ірына Валер'еўна ў холе сустракае дзяцей, на тварах якіх замест хмурнага соннага выразу адразу ж з'яўляюцца ветлівыя ўсмешкі: гімназісты ведаюць, як трымаць марку. Тут жа да дырэктара могуць звярнуцца і бацькі. Нефармальнасць абстаноўкі істотна аблягчае працэс камунікацыі, так што ўсе пытанні, якія ўзнікаюць, можна хутка вырашыць.

— На мой погляд, добрага кіраўніка адрознівае жаданне разабрацца ў праблеме. Не проста ад яе як мага хутчэй пазбавіцца, а менавіта дайсці да вытокаў, не важна, будзе гэта канфлікт паміж вучнямі, сутыкненне падлеткаў з настаўнікам ці асабістыя прэтэнзіі адміністрацыі. Напрыклад, учора прыйшлі да мяне бацькі з просьбай перавесці дзіця ў іншы клас. Гэта абсалютна не цяжка, але ж і праблему, якая выклікала такое жаданне, не вырашае. Пачалі высвятляць, сабралі ў маім кабінеце цэлае пасяджэнне: двух хлопцаў, якія пасварыліся, іх бацькоў, класных кіраўнікоў, сацыяльнага педагога. У выніку — былыя «ворагі» паціснулі адзін аднаму рукі. А калі б адразу, не разабраўшыся, перавялі вучня ў іншы клас, сваркі б працягнуліся. Так што да прыняцця ўсіх рашэнняў трэба падыходзіць вельмі абдумана, у рабоце з дзецьмі дробязяў не бывае.

Дарэчы, і сапраўдныя нарады ў кабінеце дырэктара справа даволі частая. Пераважна з намеснікамі, як штотыднёвыя па графіку, так і тэрміновыя, штодзённыя. Не праходзіць і 10 хвілін, як у кабінет дырэктара нехта заходзіць з чарговай просьбай, скаргай або прапановай. Але ж акрамя надзённых спраў ёсць яшчэ велізарны пласт дакументаў.

— Часам я прашу сакратара хоць бы гадзіну нікога да мяне не пускаць, выключэнне толькі калі нельга адкласці. Я ніколі нічога не падпісваю не гледзячы. Мне трэба паглыбіцца ў сутнасць таго, што я чытаю, зразумець. Гэта ж тычыцца і ўсіх указаў і дырэктыў, — расказвае Ірына Валер'еўна, паказваючы акуратныя папкі, якія мільгаюць каляровымі стыкерамі са шматлікімі паметкамі.

Двор гім­на­зіі ўпры­гож­ва­юць квет­кі. Са­браць іх на­сен­не, каб вяс­ной зноў за­стра­ка­це­лі клум­бы — кло­пат тэх­су­пра­цоў­ніц. Гэ­ты мо­мант так­са­ма не за­ста­ец­ца па-за ўва­гай Іры­ны Да­ня­нко­вай.

Гонар за выбар прафесіі і ўсяго адзін мінус

Дарэчы, адміністрацыйныя абавязкі не перашкаджаюць Ірыне Валер'еўне вылучаць час для свайго сапраўднага паклікання — выкладання.

— Наогул мая любоў — гэта матэматыка. Вельмі люблю і сама разбірацца ў гэтым прадмеце і вывучаць яго разам з дзецьмі. Аднак гэта навука, якая патрабуе глыбокага пагружэння, пастаяннай увагі, таму за яе ў гэтых абставінах я брацца не рашаюся. Выкладаю інфарматыку ў 6—7-х класах. Якраз бліжэй знаёмлюся з дзецьмі ў пачатку іх шляху ў якасці сапраўдных гімназістаў, якія вытрымалі ўступныя выпрабаванні і першы год вучобы. Атрымліваецца, што яны ўсе «праходзяць праз мае рукі», — усміхаецца Ірына Валер'еўна. — Не магу ўявіць сваё жыццё без урокаў. Што я буду ведаць пра дзяцей і пра жыццё гімназіі, калі сустракацца з вучнямі буду толькі на лінейках?

Гучны званок перапыняе нашу гутарку — надышоў час адпраўляцца на ўрок. Шосты клас ужо заняў свае месцы за камп'ютарамі. На ўсіх дзецях аднолькавыя бардовыя камізэлькі з эмблемай — адметны элемент формы гімназістаў.

— Адкрываем тэст па мінулай тэме.

— На ацэнку? А можна паўтарыць? Вы нам крыху дапаможаце? — засыпаюць Ірыну Валер'еўну пытаннямі вучні.

Відаць, што дзеці адчуваюць сябе абсалютна спакойна і ўпэўнена. І гэта нездарма: дырэктар размаўляе з дзецьмі спакойна, з цёплай усмешкай, да кожнага звяртаецца па імені.

— Многія мне потым прызнаюцца: мы вас зусім іншай уяўлялі! На мой погляд, калі дзіця можа само без страху прыйсці ў кабінет дырэктара са сваёй праблемай, работа вядзецца правільна. Я з радасцю ўздыхаю кожны раз, калі чую нясмелы стук у дзверы, — дзеліцца сакрэтамі Ірына Валер'еўна.

Пасля ўрока — «рэйд» у сталовую: трэба асабіста праверыць, як сёння кормяць.

— На самай справе, маё ўяўленне аб рабоце дырэктара, пакуль я была настаўніцай і нават намеснікам, вельмі моцна адрознівалася ад рэальнасці. Дырэктар школы — гэта, як ні дзіўна такое чуць, у першую чаргу гаспадарнік, на ім адказнасць за дакладнае функцыянаванне складанага механізму з пункту гледжання практычнай рэалізацыі. Звышыдэя і выбар кірункаў развіцця — бясконца важныя, аднак рэальная жыццё часта прымушае задумвацца аб больш надзённых рэчах.

Я не магу ацэньваць сваю працу ў якасці дырэктара школы, мне здаецца, гэта прэрагатыва вучняў, іх бацькоў і працоўнага калектыву. Аднак я бясконца ганаруся, кажу гэта шчыра, тым, што выбрала прафесію настаўніка. Якое задавальненне бачыць, як з маленькіх, дураслівых і наіўных дзяцей вырастаюць дарослыя, сур'ёзныя, мэтанакіраваныя маладыя людзі. А як цікава працаваць з сучаснымі дзецьмі! Яны ж зусім іншыя: са сваёй выразна выяўленай пазіцыяй, смелыя і адкрытыя. І справа не ў тым, што ў нас добрыя дзеці, хоць гэта і прыемна, а ў тым, што ў цэлым жыццё змяняецца, і я не магу сказаць, што ў горшы бок.

На пытанне аб тым, а якія ж мінусы ёсць у гэтай прафесіі, Ірына Валер'еўна надоўга задумваецца.

— Па праўдзе гаворачы, нічога не прыходзіць у галаву. Хоць, — яе позірк падае на фотаздымак, які стаіць на стале, — адзін вельмі істотны недахоп усё ж ёсць. Вельмі мала часу застаецца на сям'ю.

А яна ў дырэктара немаленькая, ва ўсіх складаных жыццёвых сітуацыях у яе ёсць 4 абаронцы: муж і тры сыны. Два старэйшыя ўжо вучацца ў ВНУ, маміна ўцеха — малодшы Ілюша, які цяпер у 4-м класе гімназіі. Часам ён забягае да мамы ў кабінет, каб падзяліцца навінамі ці проста пабыць побач, бо дома яна будзе толькі позна ўвечары.

— Спрабую падумаць, як апісаць мой працоўны дзень, і ў мяне не атрымліваецца. Кожны раз ён розны, як у калейдаскопе, не бывае не тое што аднолькавых, але нават і падобных. І мне вельмі падабаецца такі рытм, не хачу спыняцца!

Віншуем Ірыну Валер'еўну і ўсіх яе калег з Днём настаўніка. Жадаем плёну, таленавітых вучняў і душэўнага ўздыму. Дзякуй вам за вашу працу!

Дар'я КАСКО

kasko@zvіazda.by

Фота Яўгена ПЯСЕЦКАГА

Загаловак у газеце: У школе аднолькавых дзён не бывае

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».