Вы тут

У Беларусі 456 чалавек старэйшыя за 100 гадоў


У адпаведнасці з геранталагічнай класіфікацыяй людзі ад 60 да 75 гадоў лічацца пажылымі, узрост вышэй за 75 — старэчы, а з 90 гадоў грамадзяне становяцца доўгажыхарамі. У Беларусі на пачатак бягучага года налічвалася 2,4 млн пенсіянераў. Пры гэтым 456 чалавек — старэйшыя за 100 гадоў, а чацвёра пражылі ўжо больш за 110 гадоў.

У пэўным узросце ў жыцці пажылога чалавека самым надзённым становіцца яго здароўе. Людзі ў нашай краіне сталі жыць даўжэй, і колькасць пажылых павялічваецца. Разам з тым расце і аб'ём медыцынскай дапамогі пенсіянерам, захваральнасць у якіх значна вышэй, чым у працаздольных людзей.


3—5 хранічных захворванняў — у кожнага пажылога

— Так устроены наш менталітэт, што клапаціцца пра сваё здароўе людзі пачынаюць позна і часцей за ўсё прыходзяць да пажылога ўзросту, маючы 3—5 хранічных захворванняў, — расказала Людміла ЖЫЛЕВІЧ, намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення — начальнік аддзела першаснай медыцынскай дапамогі Міністэрства аховы здароўя Беларусі.— Дарэчы, фактараў рызыкі ў пажылым узросце значна менш, чым у больш маладым. Падыходзячы да пенсіі, чалавек, нарэшце, успамінае пра здароўе, задумваецца, што настаў час кінуць курыць, аднак хранічнае захворванне ў яго ўжо ёсць.

На першым месцы сярод хранічных — захворванні сардэчна-сасудзістай сістэмы, на другім — хваробы органаў стрававання, на трэцім — касцёва-мышачнай сістэмы. Ад гэтых немачаў пажылыя ў параўнанні з людзьмі працаздольнага ўзросту пакутуюць больш адпаведна ў чатыры, пяць і два разы. Акрамя таго, у пажылых у пяць разоў часцей выяўляюць злаякасныя ўпершыню ўстаноўленыя новаўтварэнні.

— Сістэма аховы здароўя поўнасцю гатовая да таго, каб падаць руку пажылому ў яго бядзе. Чалавек, незалежна ад узросту і полу, мае права на аднолькавае медыцынскае абслугоўванне. Трансплантацыя сэрца, замена суставаў, аўтакаранарнае шунціраванне, пратэзаванне робяцца ў любым узросце. Дзякуючы высокім тэхналогіям у медыцыне, людзі аднаўляюць якасць жыцця нават пры цяжкіх захворваннях, — выказалася прадстаўніца міністэрства. — Няхай пажылыя і непрацаздольныя ў поўным сэнсе гэтага слова праз свой узрост, аднак яны маюць актыўную жыццёвую пазіцыю, абслугоўваюць сябе і дапамагаюць дзецям і ўнукам.

Комплексная дапамога: урачы, валанцёры, псіхолагі і царква

Каб навучыць пажылых жыць з іх захворваннямі, вызначыць магчымасці для захавання якасці свайго жыцця, пры ўсіх амбулаторна-паліклінічных арганізацыях ствараюцца школы трэцяга ўзросту, якія з'яўляюцца навучальнымі цэнтрамі для пажылых. Такіх устаноў працуе ўжо больш за 630.

Асаблівая ўвага надаецца развіццю геранталогіі і герыятрыі.

— Мы ўскладаем надзеі на развіццё новых кірункаў у герыятрыі, пошук новых шляхоў захавання здаровага і актыўнага даўгалецця. Таму на базе Рэспубліканскага цэнтра герыятрыі, які працуе ў садружнасці з кафедрай геранталогіі і герыятрыі Беларускай акадэміі паслядыпломнай адукацыі, будзе створаны цэнтр актыўнага даўгалецця. Тут будуць распрацоўвацца медыцынскія методыкі, каб людзі не проста доўга жылі, а як мага даўжэй захоўвалі здароўе і якасць жыцця.

Пры рабоце з пажылымі вельмі важна комплекснасць падыходу, таму сацыяльныя службы і медыкі працуюць поруч. Актыўна дапамагаюць прадстаўнікі Чырвонага крыжа, царквы. Вельмі важнай бачыцца і дапамога валанцёраў: студэнтаў і звычайных грамадзян.

— Практычна ўсе буйныя арганізацыі, у тым ліку былыя шпіталі, цяпер маюць у складзе персаналу псіхолагаў, якія актыўна працуюць з пацыентамі. Часта вырашэнне пэўных псіхалагічных праблем дае вельмі добры вынік у плане захавання здароўя, — дадала Людміла Жылевіч.

У Беларусі працуе 104 бальніцы сястрынскага догляду з добрай матэрыяльна-тэхнічнай базай і прафесійным персаналам. Пажылыя, якія маюць інваліднасць ці знаходзяцца ў складанай жыццёвай сітуацыі, могуць стабілізаваць тут свой стан. Грамадзяне знаходзяцца ў бальніцах, як правіла, у асноўным у зімовы сезон, а вясной вяртаюцца дахаты, заўважыла спецыяліст.

Ірына СІДАРОК

sіdarok@zvіazda.by

Загаловак у газеце: Жыць доўга і якасна

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».