Вы тут

Плячо ў плячо з "Язычнікамі"


Некалькі гадоў таму на адным з тэатральных абмеркаванняў расійскі рэжысёр Ілья Ротэнберг паспрабаваў падвесці выніковую рысу пад дыскусіяй: «Проста ёсць тэатр людзей і ёсць тэатр ідэй». Доўгі час я круціла ў галаве гэтыя словы, спрабуючы знайсці кропку, спектакль, дзе б гэтыя дзве з'явы спалучыліся і спалучэнне было б гарманічным. Я знайшла.


Мае сябры, не заядлыя тэатралы, часам дапытваюцца: «Ну, а калі б ты выбірала толькі адзін спектакль на фестывалі, што б ты пайшла глядзець?» Мне падабаецца крытэрый, і часам пасля фестывалю я пытаюся пра тое ж сама сябе. Што б я паглядзела, калі б магла пабачыць толькі адзін спектакль брэсцкай «Белай Вежы-2016»? «Язычнікі». Чаму? Бо гэта тэатр ідэй і тэатр людзей адначасова.

П'еса «Язычнікі» ўкраінскага драматурга Ганны Яблонскай цяпер непадзельна звязана з лёсам аўтара. Ганна напісала гісторыю пра веру і бязвер'е, пра цуд, на які мае спадзеў кожны. Атрымала прэстыжную прэмію часопіса «Искусство кино». Ляцела ў Маскву на ўручэнне і загінула падчас тэракта ў маскоўскім аэрапорце Дамадзедава 24 студзеня 2011 года...

«Язычнікі» — гэта сямейная драма. Сям'я Алега і Марыны перажывае крызіс: жыццё разам па інерцыі, матэрыяльныя цяжкасці. Іх дачка Хрысціна — асабістую драму: кахае выкладчыка. Але аднойчы на парозе кватэры з'яўляецца маці Алега Наталля, якая апошнія гады жыла пры манастыры. Уцаркавіўшы сям'ю, яна, здаецца, змяняе сітуацыю да лепшага, ды аднаго дня Хрысціна выходзіць дафарбаваць балкон і робіць крок уніз... але застаецца жывой.

Гісторыя пра тое, у што мы верым, а ў што не, зачапіла мэтра літоўскай рэжысуры Ёнаса Вайткуса. Ён звяртаўся да яе двойчы. Першы раз Вайткус паставіў «Язычнікаў» у Рускім драматычным тэатры Літвы, другі — у Дзяржаўным акадэмічным рускім тэатры драмы імя М. Горкага ў Астане (Казахстан). Большасць тых, хто бачыў абодва варыянты, адзначае казахстанскі.

На камернай сцэне, у чорным кабінеце — шэраг крэслаў. Побач некалькі прадметаў — сімвалаў веры: флейта, чырвонае яйка, паганская маска. Акцёры сядаюць плячом да пляча і з заплюшчанымі вачыма пачынаюць прамаўляць дыялогі. Занятых у сцэне падсвечвае прамень пражэктара, і часам складваецца ўражанне, што тэкст нібыта сыходзіць на чалавека разам са святлом. Акцёр транслюе нейкую гісторыю з чужога жыцця, паралельнага свету. Гэты прыём ляжыць у аснове рэжысёрскага рашэння. Героі п'есы расплюшчваюць вочы толькі ў момант рытуальнага танца ды ў фінале спектакля. Але відавочная статыка раптам выяўляе здольнасць да шматузроўневай метафарычнасці і пераасэнсавання ключавых паняццяў тэатральнага мастацтва. Так Вайткус змяняе звыклы пункт гледжання на сцэнічнае дзеянне і вывучае яго статычныя магчымасці. Акцёры, пазбаўленыя асноўных сродкаў выразнасці (пластыкі, погляду), вымушаны шукаць іншыя, канцэнтруючыся на галасавым увасабленні. Рэжысёр не імкнецца разняць тэкст на складнікі і паказаць нам маўленне, як такое, як выставачны аб'ект. Не, захаваць сэнс прамаўляемага для рэжысёра з'яўляецца прыярытэтнай задачай. Выбар такога спосабу існавання нібы падкрэслівае візуальна нашую духоўную слепату ў дачыненні да іншага, таго, хто побач. З гэтай слепаты і пачынаецца драма герояў. І гэтай слепаты, адчуўшы адно аднаго (акцёры не могуць паглядзець на партнёра, а могуць толькі чуць яго голас, прыслухоўвацца да дыхання і дробных рухаў побач), героі ўсяляк імкнуцца пазбавіцца і пазбаўляюцца ў фінале. Люструючы адчуванне ў глядзельную залу, дзе роўна гэтак жа, плячо да пляча, сядзяць гледачы.

Фінал п'есы абнадзейвае: «Я не сумняваюся, што ён [Бог] ёсць», — сцвярджае ў канцы свайго маналога Марына (Аксана Байко), гледзячы ў залу. Аднак мы гэта сцвярджэнне ўспрымаем у кантэксце рэжысёрскай звышідэі: не важна, у што ты верыш... Праваслаўная Наталля (Наталля Матвеева) спрабуе выгнаць бесаў з унучкі. Унучка Хрысціна (Паліна Харламава) сцвярджае, што яна — агностык, і адназначнага адказу на пытанне «Ці існуе Бог?» даць не можа. Боцман (Раман Чэханадскі) верыць у духаў загадкавай маскі, якую ён прывёз з Афрыкі. Алег (Яўген Карачараў) — у творчасць і музыку, якой ён не мае магчымасці заняцца. Дык вось, не важна, у што ты верыш, важна заўважыць і паспрабаваць зразумець чалавека побач. Сэнс падлеткавага ліста Хрысціны да каханага нечакана паглыбляецца: «Свет, дзе ты, і свет без цябе — гэта два розныя светы. І калі мне нельга жыць у першым, я адмаўляюся жыць у апошнім...». А Ёнас Вайткус выяўляе, што тэатр людзей і тэатр ідэй можна злучыць у адной кропцы.

Алена МАЛЬЧЭЎСКАЯ

Фота Вадзіма ЯКУБЁНКА

Загаловак у газеце: «Белая Вежа»: тэатр ідэй і тэатр людзей

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.