Вы тут

У сталіцы абмяркоўваюць здабыткі і перспектывы СНД


Крыху больш, чым праз два месяцы Садружнасць Незалежных Дзяржаў адзначыць свой 25-гадовы юбілей. Увесь бягучы год у арганізацыі аб'яўлены юбілейным, і ўчора адбылася адна з самых знакавых святочных падзей — у Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі адкрылася канферэнцыя «25 гадоў Садружнасці Незалежных Дзяржаў: вынікі, перспектывы». У мерапрыемстве прынялі ўдзел больш за 200 прадстаўнікоў ад усіх краін аб'яднання. Падчас пленарнага пасяджэння ўдзельнікам канферэнцыі зачыталі прывітальныя словы ад трох прэзідэнтаў — Беларусі, Кыргызстана, які, дарэчы, зараз старшынствуе ў СНД, і Расіі, якая стане старшынёй у наступным годзе.


Важнасць — стратэгічная

Ігар БУЗОЎСКІ, намеснік кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, зачытаў удзельнікам канферэнцыі прывітанне лідара нашай краіны: «Сёння, калі свет увайшоў у паласу эканамічных і палітычных трансфармацый, нарастаючай дынамікі прагрэсу ў навуцы і змены тэхналагічных укладаў, Садружнасць выступае эфектыўнай пляцоўкай для дыялогу і вырашэння многіх міждзяржаўных праблем. У гэтых умовах магістральнымі шляхамі развіцця СНД становяцца ўзаемавыгаднае партнёрства, прамысловая кааперацыя і гуманітарнае супрацоўніцтва».

Ад свайго імя Ігар Бузоўскі падзякаваў прысутным за ўдзел у канферэнцыі і за тую работу, якую робяць яны для дабрабыту дзяржаў — удзельніц аб'яднання.

— Гэта не проста нейкая вузкаведамасная работа, гэта не проста вузкаведамасная канферэнцыя, — заўважыў ён. — Гэта канферэнцыя, якая прызваная, магчыма, стратэгічна вызначыць нейкія пытанні ў развіцці нашых дзяржаў.

У аснове — эканоміка

Пра значнасць канферэнцыі гаворыць і тое, што ўдзел у ёй прыняў Андрэй КАБЯКОЎ, прэм'ер-міністр нашай краіны.

— Пазіцыя Беларусі заўсёды была паслядоўная і адкрытая: СНД з'яўляецца значным, запатрабаваным і актуальным міждзяржаўным аб'яднаннем, якое дазваляе яго ўдзельнікам вырашаць увесь спектр надзённых пытанняў міжрэгіянальнага супрацоўніцтва, — адзначыў ён у сваім выступленні.

Паводле слоў Андрэя Кабякова, менавіта гэты пасыл Беларусь прапануе закладваць у аснову работы па далейшым удасканаленні функцыянавання СНД. Кіраўнік урада нагадаў, што праз месяц Мінск зноў стане сталіцай інтэграцыйных падзей — пройдзе пасяджэнне савета кіраўнікоў урадаў.

Раўнапраўныя стасункі з Захадам і Ўсходам

Сяргей ЛЕБЕДЗЕЎ, старшыня Выканаўчага камітэта СНД, выказаў думку, што калі б краіны Садружнасці не дзейнічалі разам, негатыўныя ўплывы сусветнай эканомікі адчуваліся б мацней.

— І зараз мы бачым, што негатыўныя наступствы крызісу, фінансавых праблем сусветнай эканомікі для нас аказаліся меншымі, чым, напрыклад, у 2008—2009 гадах, калі ў нас такога плану сумесных дзеянняў не было, — аргументаваў старшыня Выканкама СНД. — Вядома, ёсць цяжкасці, абумоўленыя глабальным крызісам, санкцыйнай палітыкай Захаду, але гэтыя цяжкасці пераадольваюцца, і, што характэрна, на маючым адбыцца пасяджэнні кіраўнікоў урадаў у Мінску 28 кастрычніка будзе заслухана пытанне, як рэалізуецца план сумесных мерапрыемстваў па пераадоленні гэтых негатыўных наступстваў.

У гутарцы з журналістамі Сяргей Лебедзеў падкрэсліў, што ўсе краіны Садружнасці заўсёды былі настроены на пабудову ўзаемавыгадных канструктыўных адносін як з заходнімі, так і з усходнімі партнёрамі. Так, Кітайская Народная Рэспубліка — надзейны партнёр усіх краін Садружнасці.

— Мы разглядаем супрацоўніцтва з КНР як раўнапраўнае, узаемавыгаднае, — сказаў кіраўнік Выканкама СНД. — Думаю, доказ гэтаму — візіт Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь у Кітайскую Народную Рэспубліку.

Фундамент для развіцця

Лілія АНАНІЧ, міністр інфармацыі нашай краіны, гаворачы пра інфармацыйнае ўзаемадзеянне ў рамках Садружнасці Незалежных Дзяржаў, падкрэсліла, што наша дзяржава заўсёды была прыхільніцай інтэграцыйных працэсаў на еўразійскай прасторы.

— Безумоўна, супрацоўніцтва ў рамках СНД у розных сферах — гэта аснова развіцця нашых краін, той базіс, на які павінны абапірацца эканамічыя, палітычныя працэсы, — сказала міністр. — Адзін з найважнейшых кірункаў — гуманітарнае супрацоўніцтва і яго неад'емная частка — інфармацыйны складнік. Імклівае развіццё інфармацыйных і камунікацыйных тэхналогій ператварылі медыяасяроддзе ў сістэмастваральны фактар жыццядзейнасці грамадства і дзяржавы. Мы проста абавязаны выкарыстоўваць гэты фактар, яго магутны пазітыўны патэнцыял на карысць нашага агульнага развіцця.

Надзея ЮШКЕВІЧ

yushkevich@zviazda.by

Загаловак у газеце: Дзеля агульнага дабрабыту

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.